Пазнанне падчас даследавання

- 10:48Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

Маючы добрую тэарэтычную базу па замежнай мове, навучэнцы часта не ўмеюць прымяняць гэтыя веды ў жыцці. Вырашыць гэтую праблему дапамагае далучэнне школьнікаў да даследчай дзейнасці. 

Настаўніца французскай мовы гімназіі № 1 Салігорска Вольга Уладзіміраўна Статкевіч паспяхова займаецца гэтым з 2011 года. На яе думку, даследчая дзейнасць на няроднай мове ўзмацняе матывацыю да навучання, пашырае міжпрадметныя сувязі, развівае інтэлектуальныя здольнасці дзяцей, стварае творчае асяроддзе супрацоўніцтва педагога і навучэнцаў. У даследчай рабоце педагог вылучае некалькі этапаў.

На першым этапе выяўляюцца дзеці, схільныя да даследчай работы, — тлума­чыць Вольга Статкевіч. — У працэсе маўлення вылучаю школьнікаў, якія здольныя аналізаваць, пранікаць у сутнасць з’яў, задаваць нестандартныя пытанні. Ім прапаную паў­дзельнічаць у праектнай дзейнасці, звяртаючы ўвагу на форму прадстаўлення праекта, уменне трымацца перад аўдыторыяй. На другім этапе вызначаюцца тэмы, мэты, задачы даследавання з улікам асобасных асаблівасцей дзяцей: узросту, інтарэсаў, кругагляду.

Настаўнік просіць юных даследчыкаў звяртаць увагу на тэмы актуальныя і цікавыя, прадугледжваць узаемасувязь Францыі і Беларусі, прадбачыць верагодны практычны вынік работы (экскурсія, буклет, відэа, карта-маршрут), а таксама тлума­чыць, што тэма даследавання абавязкова павінна змяшчаць праблему, каб даследаванне не ператварылася ў рэферат.

Гімназісты бяруцца за вывучэнне розных праблем: сартаванне і перапрацоўка смецця ў Беларусі і ў Францыі, развіццё медыцынскага турызму, праблемы інвалідаў. Ціка­вяць іх і праблемы падлеткаў дзвюх краін. 

— Найбольш удалай фармулёўкай тэмы даследавання лічу тую, якая складаецца з дзвюх частак: першая — кароткая, ёмістая, часам афарыстычная фармулёўка, другая — яе навуковае тлумачэнне, расшыфроўка. Напрыклад, “Падарожжы ў пошуках здароўя: медыцынскі турызм у Беларусі і ў Францыі”, “Мы ўсе розныя, мы ўсе падобныя: праблемы інвалідаў у Францыі і Беларусі”, — тлумачыць педагог.

У ходзе трэцяга этапу, непасрэдна падчас выканання работы, складаецца план даследавання: работа з крыніцамі інфармацыі, фармулёўка мэты, задач, гіпотэзы, аналіз атрыманай інфармацыі, параўнанне, супастаўленне інфармацыі, правядзенне дадатковага даследавання (анкетаванне, сацыялагічнае апытанне), фармулёўка высноў, вынікаў даследавання.

Работа з крыніцамі інфармацыі прадугледжвае розныя варыянты. Напрыклад, вывучаючы праблему тытунекурэння, навучэнцы сутыкнуліся з неабходнасцю даследаваць прававы бок пытання, азнаёміцца з беларускім і французскім заканадаўствам. Даследуючы правы і абавязкі навучэнцаў дзвюх краін, гімназісты анлайн звярнуліся да сваіх французскіх аднагодкаў са Страсбурга. У іншай рабоце, каб дэталёва прадставіць франка-беларускія сувязі ў гісторыі архітэктурных помнікаў, старшакласнікі па крупінках сабралі інфармацыю аб гэтых помніках, а потым мэтанакіравана даведваліся падрабязнасці, працуючы з сур’ёзнай гістарычнай літаратурай.

Важна выкарыстоўваць падчас правядзення даследавання па французскай мове параўнанне або супастаўленне. Супастаўляючы факты, рэаліі Беларусі і Францыі, юныя даследчыкі атрымліваюць вялікі матэрыял для аналізу. Яшчэ адной падставай для параўнання становяцца вынікі анкетавання або сацыялагічнага апытання. Пытанні для анкеты фармулююцца так, каб адказы дазволілі зірнуць на аб’ект даследавання з новага боку, дапамаглі пацвер­дзіць або абвергнуць нейкую гіпотэзу. Напрыклад, у рабоце “Падарожжа ў пошуках здароўя: медыцынскі турызм у Беларусі і ў Францыі” былі вывучаны перавагі беларусаў і французаў у галіне медыцынскага турызму, стаўленне да медыцынскага турызму ў Беларусі. Менавіта дзякуючы даным сацыялагічнага апытання была аспрэчана гіпотэза даследавання пра тое, што медыцынскі турызм развіты ў Францыі ў большай ступені, чым у Беларусі.

Такім чынам, дзеці набываюць вопыт работы з рознымі крыніцамі інфармацыі на рускай і французскай мове. Падвяргаючы вынікі анкеты або апытання дбайнай апрацоўцы, юнакі і дзяўчаты вучацца аналіза­ваць усе атрыманыя звесткі, супастаўляць інфармацыю і рабіць высновы.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы французскай мовы Вольгі Статкевіч даследчая работа па французскай мове ў гімназіі вядзецца на працягу 11 гадоў. За гэты час у скарбонцы юных даследчыкаў 8 дыпломаў раённых конкурсаў, 7 — абласных, 6 — рэспубліканскіх.

Яшчэ адзін важны аспект даследавання — яго практычная частка, стварэнне прадукту даследавання. На этапе яго стварэння часта працуе не адзін навучэнец, а цэлая група.

— Адзін з удалых прадуктаў даследавання — гэта двухдзённая экскурсія, якая падагульніла даследаванне на тэму “Франка-беларускія сувязі ў гісторыі архітэктурных помнікаў як важны элемент развіцця гістарычнага турызму”. Яна ўяўляе сабой цалкам распрацаваны турыстычны маршрут па месцах Беларусі, якія так ці інакш звязаны з гісторыяй Францыі, — адзначае Вольга Уладзіміраўна. — Сярод іншых прадуктаў — рэкламны буклет з QR-кодамі, які расказвае пра дзесяць санаторыяў Беларусі, а таксама дзённік рэкамендацый для падлеткаў, дзе ўтрымліваецца інфармацыя аб правах і абавязках беларускіх і французскіх школьнікаў. А нядаўна мае вучні стварылі сацыяльную рэкламу ў выглядзе мультфільма, якая можа быць выкарыстана, напрыклад, на тэлебачанні. Гэты відэаролік — вынік работы даследчага характару па тэме “Экамабільнасць — экатрэнд для будучыні”.  

На чацвёртым, заключным, этапе навучэнцы прадстаўляюць сваё даследаванне на гімназічнай навукова-практычнай канферэнцыі. Яны павінны валодаць тэкстам работы на французскай мове, эфектна прэзентаваць сваю работу і даць вычарпальныя адказы на ўсе пытанні. Адтачыць навыкі абароны даследавання дапамагае работа ў рознаўзроставых групах. Пакуль старшакласнікі з сур’ёзнымі даследаваннямі рыхтуюцца да абароны на ўзроўні вобласці і рэспублікі, навучэнцы 7—8 класаў працуюць над сваімі міні-даследаваннямі і рыхтуюцца прадстаўляць іх на канферэнцыі ў гімназіі. Дасканала ведаючы сутнасць работы і маючы добрую моўную падрыхтоўку, юныя даследчыкі паспяхова выступаюць. Адказваючы ў групе на пытанні адно аднаго, гімназісты пасля спраўляюцца і з пытаннямі журы. Што тычыцца прэзентацыі, то найбольш эфектным прыёмам з’яўляецца дэманстрацыя прадукту даследавання ў справе.

Пад кіраўніцтвам настаўніцы французскай мовы Вольгі Статкевіч даследчая работа па французскай мове ў гімназіі вя­дзецца на працягу 11 гадоў. За гэты час у скарбонцы юных даследчыкаў 8 дыпломаў раённых конкурсаў, 7 — абласных, 6 — рэспубліканскіх. У мінулым навучальным годзе Аляксандр Жагораў заваяваў дыплом III ступені на Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па французскай мове з работай “Адходы ў даходы”. У бягучым навучальным годзе навучэнка 11 класа Соф’я Карчэўская (на здымку) стала пераможцай раённага і абласнога конкурсаў з даследчай работай на тэму “Экамабільнасць — экатрэнд для будучыні”, у якой даследаваліся праблемы і перспектывы развіцця экатранспарту ў дзвю­х краінах.

Марына КУНЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.