Педагагічны шлях у паўстагоддзе

- 11:43Навіны рэгіёнаў

“Выбіраць прафесію трэба так, каб ніколі не захацелася яе памяняць”, — упэўнена сцвярджае педагог са стажам у 50 гадоў. Больш за палову свайго жыцця Кацярына Савельеўна Даніленка працавала настаўніцай матэматыкі ў Хутарскім яслях-садзе — сярэдняй школе Светлагорскага раёна.

Пачалося ўсё ў далёкім 1968 годзе. Але Кацярына Савельеўна і сёння памятае тыя хваляванні, якія агортвалі яе, маладую настаўніцу, якая толькі атрымала дыплом. “Гэта такая адказнасць, ты — настаўнік…” — апісвае тыя даўнія пачуцці вопытны педагог. Сваю прафесію яна выбрала невыпадкова. З самага дзяцінства Кацярына Савельеўна асацыіравала школу з нейкім храмам, чымсьці высокім, дзе ніколі нічога дрэннага не адбывалася. Добрым прыкладам паслужылі, канечне, настаўнікі.

Па словах педагога, за паўстагоддзя ў рабоце было шмат чаго: і слёзы, і радасць, і весялосць, і крыўда. Але самае прыемнае для яе — сустракаць сваіх выпускнікоў.

— Кожны раз гэта такая радасць — словамі не перадаць, — са шчаслівай усмешкай расказвае наша гераіня. — Калі дзеці цябе памятаюць і дзякуюць за веды — гэта самае каштоўнае, што можа прыносіць настаўніцкая праца. Я заўсёды плачу ад радасці.

Зразумела, за 50 гадоў мянялася многае, у сістэме адукацыі — таксама. Часам Кацярына Савельеўна, параўноўваючы, разважае пра плюсы і мінусы.

— Я заўважаю, што раней мы праводзілі больш часу на прыродзе, гулялі ў “Зарніцу”, збіраліся каля кастра, хадзілі ў паходы, і я бачыла, як дзецям гэта падабаецца, — з сумам дзеліцца яна. — Гэта вельмі добрая настальгія. Цяпер неяк усё інакш, дзецям цікава іншае, па-іншаму яны праводзяць свой час, часцей ся­дзяць у гаджэтах. Я сумую па такіх момантах, але я не ў роспачы і стараюся ісці ў нагу з часам. Бо самае складанае — знайсці кантакт з дзецьмі і іх бацькамі, а зрабіць гэта можна, толькі гаворачы з імі на адной мове.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці ў працы настаўніка, Кацярына Савельеўна не можа ўявіць сваё жыццё без школы. Ёй становіцца крыўдна, калі яна заўважае, што настаўнікі ў школу прыходзяць неўсвядомлена. Тады ўзнікаюць розныя складанасці паміж маладым педагогам і дзецьмі. А гэтага, на думку матэматыка, не павінна адбывацца, бо кожны настаўнік — гэта прыклад. Сама ж Кацярына Савельеўна стала добрым прыкладам для мноства пакаленняў вучняў, бацькоў і калег. Але пра сябе яна кажа: “Я самы звычайны настаўнік, які проста любіць сваю работу”.

Лізавета ЕМЯЛЬЯНЧЫК,
Вікторыя ЯРЭЦ,
настаўніцы Хутарскога ясляў-сада — сярэдняй школы Светлагорскага раёна.