“Педагог-натхненне”, — пісала я пра Таццяну Міхайлаўну Глыздову некалькі гадоў назад. А нядаўна сустрэла яе ў Міністэрстве адукацыі, мы перакінуліся літаральна некалькімі словамі. І ў галаве зноў усплылі гэтыя словы — педагог-натхненне.
Таццяна Міхайлаўна працуе ў гімназіі № 1 Ліды, дзе выкладае рускую мову і літаратуру ўжо 21 год. Заўсёды вучні ідуць да яе на ўрокі з задавальненнем. Яны імкнуцца вучыцца, а яна імкнецца іх вучыць. Таццяна Міхайлаўна — педагог па прызванні, што поўнасцю адлюстроўвае яе ўнутраную сутнасць і грамадзянскую пазіцыю.
“Жаданне стаць настаўнікам з’явілася яшчэ ў дзяцінстве, калі мы разам з сястрой гулялі ў школу, дзе вучнямі былі нашы цацкі. У школе я любіла многія прадметы і з задавальненнем хадзіла на ўрокі хіміі, матэматыкі, замежнай мовы. Але для мяне заўсёды важнай была асоба настаўніка. І, напэўна, сіла ўздзеяння настаўнікаў-філолагаў была мацнейшай за ўсе астатнія. У мяне былі выдатныя настаўнікі рускай і беларускай мовы і літаратуры. А пасля, калі давялося рабіць выбар, я ўжо ведала, што стану настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Дарэчы, і мая сястра таксама выбрала шлях педагога. Яна стала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры”, — падзялілася падчас нашай першай размовы Таццяна Міхайлаўна.
Яе жыццёвы аптымізм і прафесіяналізм прыцягваюць дзяцей, якія становяцца такімі ж адданымі слову, мове, як і яна. Зразумела, што ў такога педагога і вучні паспяховыя. Яны ўвесь час змагаюцца за новыя перамогі. Не апошнюю ролю тут адыгрывае і імкненне самой Таццяны Міхайлаўны да самаўдасканалення. Дзеля ўдасканалення яна ўвесь час аналізуе сваю педагагічную дзейнасць.
Акрамя таго, росту прафесіяналізму вельмі спрыяе і калектыў аднадумцаў, а педагагічны калектыў гімназіі № 1 Ліды пад кіраўніцтвам Наталлі Андрэеўны Зайцавай ужо на працягу многіх гадоў дэманструе, як гаворыцца, вышэйшы пілатаж, — праўда, не ў небе, а ў працэсе навучання і выхавання сваіх вучняў. Гімназія штогод рыхтуе шматлікіх пераможцаў рэспубліканскай прадметнай алімпіяды.
Асаблівую ўвагу Таццяна Міхайлаўна ўдзяляе рабоце з адоранымі дзецьмі. Дарэчы, яе вучні таксама станавіліся героямі маіх артыкулаў і, нягледзячы на свой юны ўзрост, былі цікавымі суразмоўцамі. Цяпер вопыт работы Таццяны Міхайлаўны па падтрымцы і развіцці дзіцячай адоранасці трансліруецца на раённым і абласным узроўні.
Так, у 2015 годзе ў рамках семінара творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Гродзенскай вобласці яна праводзіла майстар-клас “Словаўтварэнне. Склад слова. Метадычныя прыёмы вырашэння праблемы”. На працягу 2015/2016 навучальнага года яе двойчы запрашалі праводзіць заняткі для слухачоў курсаў павышэння кваліфікацыі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
Пра эфектыўнасць работы настаўніцы з навучэнцамі высокай вучэбнай матывацыі сведчаць вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Сярэдні бал вучняў Таццяны Міхайлаўны ў 2016 годзе склаў 81,3 бала.
Не першы год яе вучні дэманструюць высокія вынікі на алімпіядзе школьнікаў Саюзнай дзяржавы “Расія і Беларусь: гістарычная і духоўная еднасць” (з 2010 года на іх рахунку — 8 дыпломаў), на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Так, за апошнія тры гады яе навучэнцы атрымалі 14 дыпломаў трэцяга этапу і 6 дыпломаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры.
Безумоўна, Таццяна Міхайлаўна Глыздова карыстаецца заслужаным аўтарытэтам сярод педагагічнай, вучнёўскай і бацькоўскай грамадскасці Лідчыны. Сем разоў яна ўзнагароджвалася прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, была дэлегатам IV Усебеларускага народнага сходу, а ў 2015 годзе яе ўзнагародзілі медалём Францыска Скарыны. Прызнаецца ганаруся тым, што ведаю такога чалавека.
Вольга ДУБОЎСКАЯ.