Педагог, які гуляе з агнём

- 15:57Дадатковая адукацыя
Педагогі… Яны такія розныя. Адны з самага юнага ўзросту разумеюць, што гэта іх прафесія, другія лічаць свой жыццёвы выбар памылкай. А ёсць і тыя, каго ў педагогіку ўжо ў дастаткова свядомым узросце прыводзіць нешта зусім незвычайнае…
Паўла Абакумава ў педагогіку прывёў агонь! Прычым у самым прамым сэнсе. Адносіны паміж чалавекам і агнём з часоў старажытнай Грэцыі былі далёка неадназначнымі. Агонь можа не толькі абагрэць, але і спапяліць. Чалавек, які залежны ад яго, можа і ўладарыць над ім. А як назваць з’яву, калі чалавек і агонь зліваюцца ў танцы і музыцы, калі на нейкі перыяд яны маюць агульную энергію? Кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Элементаль” сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Вікторыя” называе гэта мастацтвам. Ён дзеліцца са сваімі вучнямі майстэрствам жангліравання агнём і святлом, стварае фантастычныя тэатралізаваныя шоу і лічыць, што чалавек абавязкова павінен шукаць сябе.

* * *
Павел, дыпламаваны юрыст і без пяці хвілін тэатральны рэжысёр, стварае ўражанне чалавека, адкрытага ўсяму новаму. Як адзначае сам педагог, ён вучыць, і гэта дазваляе яму вучыцца ў сваіх выхаванцаў.
“Колькі сябе памятаю, у мяне заўсёды была творчая жылка, — усміхаецца мой суразмоўца. — Але ведаеце, як гэта бывае… Аднойчы табе кажуць, маўляў, трэба атрымаць прафесію, ідзі ў юрысты — чалавекам будзеш. Гэты перыяд у маім жыцці некалькі зрушыў мяне з творчага напрамку. У свой час я захапляўся музыкай і граў у гурце “Джамбібум”. Нашым асноўным інтарэсам былі фальклорныя матывы, мы нават запісалі некалькі альбомаў. Неяк гастралюючы ў Польшчы, я ўпершыню ўбачыў, як маладыя людзі пад барабанныя рытмы жангліруюць вогненнымі шарамі. Гэта стала адкрыццём для мяне, выступленне заварожвала. Мы пазнаёміліся, і артысты запрасілі да сябе ў вулічны тэатр.Уявіце, наколькі прасякнутым той атмасферай я вярнуўся ў Беларусь! Вырашыў, што хачу паспрабаваць нешта падобнае. Пачынаў, як і ўсе, з работы з адным з самых вядомых інструментаў для жангліравання — поі”.
Жангліраванне — толькі палова справы. У выступленні не бывае дробязяў, тут важна ўсё: ад акцёрскага майстэрства і пластыкі да касцюма і макіяжу. Паўлу Абакумаву дапамагла менавіта яго ўласная дадатковая адукацыя. Акрамя музыкі, ён захапляўся тэатрам. На доўгі час месцам яго творчых эксперыментаў стаў тэатральны клуб “Штучка” Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і моладзі, дзе нараджаліся цікавыя эцюды і пластычныя кампазіцыі.
“Калі я пачаў танцаваць з агнём, то захацелася стварыць уласны вобраз, — расказвае педагог. — Мне блізкі этнічны кірунак, сімвалічнае разуменне агню, таму першымі сталі вобразы індзейскіх шаманаў. Пазней з’явілася ідэя светлавых шоу з выкарыстаннем светладыёдаў, якія, зразумела, патрабавалі новых характараў, новых пластычных рашэнняў, новых касцюмаў. Так узнікла шоу “Пілоты”, дзе я разам са сваім былым вучнем Эрнестам Пятровічам жанглірую ўжо ў 3D-тэхніцы”.
“Вогненная вада”, “Містэрыя”, “Барацьба дзвюх стыхій”, “Халоднае сэрца” — далёка не поўны пералік пастановак, аўтарам якіх з’яўляецца Павел Абакумаў. Танец з агнём і святлом натхняе яго на новыя ідэі і творчыя пошукі. Сваім апошнім захапленнем мой суразмоўца называе канктактнае жангліраванне, у якім прадметы пракатваюцца па целе. Празрысты шар, вогненны шэст у кантактным жангліраванні ствараюць асаблівую ілюзію, прадметы быццам павісаюць у паветры і рухаюцца самі сабой. Спецыялісты адзначаюць, што для таго, каб дасягнуць высокага майстэрства ў выкананні некаторых элементаў, іх патрэбна адпрацоўваць гадамі.

* * *
Наколькі ў Беларусі ўвогуле развіта вогненнае і светлавое мастацтва? Адказ на гэтае пытанне з лёгкасцю падказвае інтэрнэт. Такія шоу не толькі набываюць папулярнасць, але і прыносяць нядрэнны прыбытак прафесіяналам, якіх у нашай краіне пакуль адзінкі. Пры гэтым вогненнае і светлавое жангліраванне можна назваць важкім элементам маладзёжнай субкультуры.
“У мяне ўласная філасофія той справы, якой я займаюся, — усміхаецца Павел. — Чалавек і агонь становяцца ў танцы адным цэлым, і пры гэтым кожны з іх застаецца самім сабой. Аднак у кожнага артыста сваё бачанне, свая ідэя выступлення. Нехта проста дэманструе тэхніку, а нехта набліжаецца да стварэння характару.
Сёння існуе нямала міжнародных праектаў, у якіх нашы артысты могуць прымаць удзел. Нешта падобнае, пакуль яшчэ ў значна меншай ступені, але існуе і ў Беларусі. Таксама моладзь сустракаецца на мерапрыемствах, якія ў вузкіх колах прынята называць “пакрутон” ад слова “круціць”. Для пачынаючых артыстаў гэта выдатная магчымасць паказаць сябе, бо паглядзець на “пакрутон” збіраецца іншым разам да тысячы чалавек. Такія выступленні даюць зарад энергіі і натхнення”.

* * *
На маё пытанне, ці адчувае сябе чалавек столькіх прафесій яшчэ і педагогам, Павел адказвае цвёрдае “так”. Як аказалася, у яго ёсць вопыт выкладання свайго майстэрства ў адным са сталічных дамоў-інтэрнатаў.
“Аднойчы ты задумваешся над тым, што вакол цябе ёсць людзі, якім нечага не хапае ў жыцці, — адзначае малады чалавек. — І, магчыма, менавіта таго, чым валодаеш ты. Мне цікава адкрываць для моладзі тыя гарызонты, якія я ў свой час адкрыў для сябе.
Я не спрабую навязаць жангліраванне, і падчас карпатлівых трэніровак ніколі і нікога не прымушаю. Мой метад заключаецца ў тым, каб зачапіць, стварыць атмасферу загадкавасці і таямнічасці. Думаю, кожны педагог вельмі хутка заўважае, наколькі зацікаўленыя яго вучні. Іншым разам чалавек ходзіць у школу, займаецца матэматыкай, вывучае мовы… І робіць усё аўтаматычна. Так трэба. Так сказалі дарослыя. Ён можа дасягаць нават значнага поспеху, але ніколі не зразумее, што патрэбна яму самому. Ён рызыкуе проста пераўтварыцца ў машыну.
Для мяне маё настаўніцтва — задавальненне. Хоць, іншым разам, бывае шкада, калі вучні ўпэўнены ў тым, што абсалютна ўсяго дасягнулі самі. І гэта сапраўды так. Поспех прыносіць толькі пастаянная работа над сабой. Супакойваюць думкі, што, магчыма, я знайшоў той ненадакучлівы падыход, пры якім вучні нават не адчуваюць, што я іх накіроўваю. А мая задача менавіта ў гэтым — задаваць напрамак развіцця. Прычым для кожнага ён індывідуальны.
Я з радасцю назіраю, як людзі, якіх я некалі вучыў, цяпер развіваюць уласныя праекты, ствараюць нумары ці нават выкладаюць самастойна. Увогуле лічу: няхай займацца прыйдуць дзесяць чалавек, а застануцца толькі двое, але тыя, хто знойдзе тут частку сябе”.
Цяпер у аб’яднанні па інтарэсах “Элементаль” 12 пастаянных вучняў, і яшчэ з дзясятак тых, хто прыходзіць сюды, калі дазваляе час. Невялікае памяшканне аб’яднання з самага пачатку задало фармат практычна індывідуальных трэніровак, таму што адначасова займацца ў зале могуць не больш за тры чалавекі. Самым малодшым — 12, самыя старэйшыя — навучэнцы выпускных класаў і студэнты.
Ёсць у педагога Абакумава і вучні, якія маюць дастаткова вядомыя імёны ў “вогненным” мастацтве. Юлія Холева — пастаянная ўдзельніца міжнародных фестываляў. Па словах педагога, яна дасягнула высокага прафесіяналізму ў рабоце з такім прадметам, як струна. Значным поспехам Юліі стала прапанова ад сусветна вядомага нямецкага жанглёра Кельвіна Кальвуса стварыць сумесны нумар. Павел упэўнены, што поспех чакае і яго былога вучня, а зараз партнёра па сцэне Эрнеста Пятровіча.
Праграма работы аб’яднання пабудавана так, што ўжо праз тры-чатыры гады трэніровак любы з яго выхаванцаў здольны ствараць тэатралізаваныя нумары. Простыя базавыя элементы з часам ператвараюцца ў эфектныя камбінацыі.
“Падлеткі расказваюць, што яны трэніруюцца з поі нават у школе, — усміхаецца Павел. — Зразумела, з незапаленым, так што гэта абсалютна бяспечна. Напачатку іх аднакласнікі смяюцца, а потым прывыкаюць.
Днямі мяне прыемна здзівілі дзве мае новыя вучаніцы. Яны наведалі ўсяго некалькі заняткаў, але ўжо самастойна стварылі нумар да Дня настаўніка і нават выступілі з ім у школе. Канечне, пакуль не ўсё атрымалася, але гэта надало ім вялізны запал і жаданне працаваць далей. Памятаю, я і сам такім быў, як толькі авалодаў элементарнымі прыёмамі, ужо імкнуўся на сцэну. Больш складана ўтрымацца ў стане “гарэння”.
* * *
Думаецца, самае высокае майстэрства педагога праяўляецца ў тым, што вучні працягваюць яго справу, становяцца яго калегамі. І ў гэтым плане Павел Абакумаў сапраўдны прафесіянал. Сёння многія з тых, хто дзякуючы Паўлу акунуўся ў вогненныя і светлавыя глыбіні, з’яўляюцца яго паплечнікамі, разам з ім гастралююць па Германіі, Польшчы, Венгрыі, Расіі. Як і сапраўднымі прафесіяналамі з’яўляюцца кіраўнікі тых гурткоў, якія ў юным узросце наведваў сам Павел. У рэшце-рэшт ён не што іншае, як “прадукт” іх выхавання, для якога атмасфера творчасці стала жыццёвай патрэбай.
Памятаецца, на адным з пасяджэнняў, прысвечаных сістэме дадатковай адукацыі, абмяркоўвалася мэтазгоднасць існавання тых ці іншых аб’яднанняў па інтарэсах. Маўляў, праграмаванне — вось гэта сіла, за ім будучыня, а каму патрэбны, скажам, бодзі-арт? Тады мне падалося, што нешта ёсць у гэтых словах, прафарыентацыя і ўсё такое. Краіне патрэбны спецыялісты ў сферы высокіх тэхналогій. Пасля знаёмства з Паўлам Абакумавым падумалася іншае: як быць тым, для каго бодзі-арт — высокае мастацтва і магчымасць для самавыяўлення? Так лёгка ператварыцца ў машыну, якой у пастаяннай жыццёвай гонцы нават няёмка задумацца над тым, чаго ж хочацца ад гэтага жыцця насамрэч? Што табе патрэбна для шчасця, чалавек?

Наталля АЛЁХІНА.