Педагогі Жыткавіч: інтэрактыўная платформа па патрыятычным выхаванні павышае якасць адукацыйнага працэсу

- 16:12Образование

Маленькія дзеткі часта задаюць пытанні, на якія дарослым бывае няпроста адказаць. Тады на дапамогу бацькам прыходзяць педагогі дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Жыткавіч, якія дапамагаюць знайсці правільныя словы, кіруючыся цікавымі методыкамі для патрыятычнага выхавання малышоў. Падрабязней — у матэрыяле карэспандэнта «Настаўніцкай газеты».

Выхаваць актыўнага грамадзяніна з дашкольнага ўзросту — складаны педагагічны працэс і прыярытэтная задача, з якой выдатна спраўляюцца педагогі Жыткаўшчыны. Тут у дзяцей стараюцца сфарміраваць першапачатковыя ўяўленні аб родным краі і паважлівыя адносіны да яго, элементарныя паняцці аб гісторыі беларускага народа, выхаваць маральныя і патрыятычныя пачуцці.

— У нашым цэнтры створаны аўтарскі адукацыйны праект «Мы памятаем, мы ганарымся», які адлюстроўвае цэлую сістэму работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні, — гаворыць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Жыткавіч Святлана Швед. — Дарэчы, гэты праект адзначаны на абласным узроўні і прызнаны лепшым у абласным адукацыйным квесце «Жывая памяць пакаленняў». Наша галоўная задача — развіваць дапытлівасць, цікавасць да гістарычнай мінуўшчыны і культурнай спадчыны краіны. Напрыклад, проста і даступна для малых знаёмім з падзеямі, якія адбыліся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Пры ўдзеле бацькоў у кожнай узроставай групе ўстановы стварылі куткі мужнасці, дзе размясцілі сямейныя экспанаты часоў вайны, салдацкія лісты, паштоўкі. Бясцэннымі экспанатамі сталі газеты «Чырвонаармейская праўда» 1939, 1941 і 1945 гадоў.

Гісторыя рэалізацыі праекта працягнулася ў стварэнні 8 аўтарскіх дыдактычных гульняў. Была зроблена кніга мастацкіх твораў беларускіх і рускіх аўтараў «Дзецям аб вайне».

— Дапамагаюць малышам пазнаёміцца з гістарычным мінулым інтэлект-карты, лэпбукі, бізібукі, мэджык-боксы на ваенную тэму, — адзначае Святлана Рыгораўна. — А таксама гульнявы дапаможнік «Кубы гісторыі», таймлайн «Хроніка Перамогі», 5 модуляў мемарыяльных комплексаў Беларусі і 6 віртуальных экскурсій па знакавых месцах, 4 відэаролікі, віншавальны інтэрактыўны плакат да Дня Перамогі. Па грамадзянска-патрыятычным выхаванні ва ўстанове створаны 3 электронныя адукацыйныя модулі, кожны на 7 электронных гульняў.

Спецыялісты дашкольнага цэнтра актыўна прыцягваюць бацькоў да ўдзелу ў выхаваўча-адукацыйным працэсе: шчаслівыя ўсе — і дарослыя, і дзеці. Многім палюбіліся сямейныя і групавыя экскурсіі: колькі гордасці і радасці было ў дзіцячых вачах, калі малыя наведалі памятныя гістарычныя мясціны Беларусі. Па-сапраўднаму кранальнымі і запамінальнымі сталі пастаноўкі ў тэатры асацыяцый «Ваеннае дзяцінства», дзе хлопчыкі і дзяўчынкі прымалі непасрэдны ўдзел, паглыбляючыся ў падзеі пачатку вайны.

Сваім вопытам педагогі заўсёды рады падзяліцца і з калегамі, — працягвае Святлана Швед. — Так, у рамках майстар-класа па арганізацыі адукацыйнага працэсу раздзела «Асновы грамадзянска-патрыятычнай культуры» выхаванцы цэнтра прадэманстравалі, чаму вучацца не толькі на занятках, але і ў аб’яднаннях па інтарэсах. Запрошаныя на сустрэчу педагогі высока ацанілі ўзровень работы ва ўстанове. Асабліва адзначаны сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, якія дапамагаюць дасягнуць высокай якасці дашкольнай адукацыі. Дзякуючы ім дзеці з’яўляюцца не проста выхаванцамі дзіцячага сада, а маленькімі патрыётамі сваёй Радзімы.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадаставіла ўстанова адукацыі