Перагаворы прэзідэнтаў прайшлі ў канструктыўным і рабочым ключы

- 11:48Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў час перагавораў з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у фармаце адзін на адзін удалося абмеркаваць многія пытанні. Лідары краін сустрэліся і ў пашыраным фармаце.

“Мы сапраўды пра многае пагаварылі, дайшлі да глыбіні сівых часоў у нашым сумесным жыцці ў адной дзяржаве, абмеркавалі шмат гістарычных дат і момантаў (яны вядомыя). І абмеркавалі не толькі пытанні, як Уладзімір Уладзіміравіч сказаў, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, але і тыя, што датычацца многіх нашых суседзяў, былых краін Савецкага Саюза, той палітыкі, якая цяпер праводзіцца намі, імі. Пра многае пагаварылі, дайшлі да сучаснасці і вырашылі ўжо не адзін на адзін, а з тымі, хто ўцягнуты ў гэты працэс, прадоў­жыць нашу размову”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

З расійскага боку, акрамя Уладзіміра Пуціна, на перагаворах прысутнічалі намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Дзмітрый Козак (на пасадзе з 24 студзеня, да гэтага быў віцэ-прэм’ерам), гендырэктар “Расатама” Аляксей Ліхачоў і пасол Расіі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў.

З беларускага — першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой, пасол Беларусі ў Расіі Уладзімір Сямашка, міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч і старшыня канцэрна “Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў.

Потым лідары краін суст­рэліся ў пашыраным складзе з удзе­лам членаў дэлегацый, якія на той момант прысутнічалі ў месцы правядзення перагавораў. Частка расійскай дэлегацыі не змагла своечасова пры­быць у Сочы з-за складаных умоў надвор’я і далучылася да перагавораў пазней.

Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін зрабілі перапынак і прынялі ўдзел у таварыскім хакейным матчы, які прайшоў на лёдзе спартыўна-культурнага комплексу “Галактыка”.

Калі да перагавораў далучылася тая частка расійскай дэлегацыі, якая прыбыла пазней з-за ўмоў надвор’я, Уладзімір Пуцін адзначыў, што ў першай частцы перагавораў бакі даволі падрабязна абмеркавалі ўсе пытанні, якія ёсць на парадку дня. “Цяпер можна ўдакладніць. Ужо ў пашыраным складзе”, — сказаў Прэзідэнт Расіі.

Ён таксама адзначыў, што гэта магчымасць для беларускага боку і прэзідэнта пазнаёміцца з новымі членамі ўрада Расіі.

“Дзякуй. Я ўжо з імі добра пазнаёміўся, мы паразмаўлялі”, — адказаў Аляксандр  Лукашэн­ка.

Гаворачы спартыўнай тэрміналогіяй, прэзідэнт вобразна выказаўся, што прадаўжэнне перагавораў — гэта ўжо пяты тайм, уключаючы хакейны матч. “Таму мы сёння плённа папрацавалі. І дзякуй, што вы прапанавалі правесці гэтую сустрэчу”, — дадаў беларускі лідар.

“Перагаворы ў Сочы прайшлі ў канструктыўным, нармальным і абсалютна рабочым ключы. На працягу дня мы некалькі разоў сустракаліся з расійскімі калегамі ў розных фарматах”, — адзначыў па выніках праведзеных сустрэч першы віцэ-прэм’ер Дзмітрый Крутой.

Паводле яго слоў, на ўзроў­ні прэзідэнтаў абмяркоўваўся вельмі шырокі парадак дня двухбаковых адносін. “Журналісты на самай справе паспрабавалі звесці вынікі перагавораў толькі да нафтагазавай сферы. Але прэзідэнты вельмі шмат часу прысвяцілі вынікам знешняга гандлю паміж нашымі краінамі за мінулы год”, — адзначыў Дзмітрый Крутой.

Ён прывёў даныя, што экспарт Беларусі ў Расію па выніках мінулага года вырас на 4,5%. “Гэта пакуль папярэднія даныя Белстата. У грашовым эквіваленце гэта плюс $600 млн. Гэта значыць, што ў прынцыпе нашы тавары запатрабаваны ў Расіі і супрацоўніцтва менавіта ў гандлёвай сферы ў цэлым развіваецца нядрэнна. Дадзеную тэндэнцыю ўрадам даручана ўсяляк працягваць і замацоўваць”, — заявіў першы віцэ-прэм’ер.

Дзмітрый Крутой таксама расказаў, што вельмі шмат часу прэзідэнты прысвяцілі разгляду сітуацыі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі ў Астраўцы з улікам запланаванага ў хуткім часе завяршэння работ на першым энергаблоку. Акрамя таго, на ўзроўні ўрадаў павінны адбыцца перагаворы па абмеркаванні ўмоў крэдыту на фінансаванне станцыі.

Першы віцэ-прэм’ер агучыў і падрабязнасці пра дасягнутыя дамоўленасці ў дачыненні да паставак у Беларусь расійскіх нафты і газу.

“Расійскі бок пагадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту па дамоўленасці з расійскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўстанаўліваюцца на сусветным рынку. Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перагавораў неаднаразова патрабаваў наш прэзідэнт, беларускі бок. І што Беларусі не трэба ніякіх спецыяльных эксклюзіўных умоў . Мы хочам купляць нафту па сусветных каціроўках, і не горш”, — сказаў Дзмітрый Крутой.

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін пагадзіўся з гэтым падыходам і паабяцаў садзейні­чаць у рабоце з расійскімі здабываючымі кампаніямі, у тым ліку ў част­цы паставак праз “Транснафту”. Ён таксама прызначыў адказным па рабоце з Беларуссю на нафтавым рынку Дзмітрыя Козака, які да нядаўняга часу курыраваў энергетычную сферу на пасадзе віцэ-прэм’ера, а цяпер з’яўляецца намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Расіі.

Што датычыцца цаны расійскага газу для Беларусі, то ў Сочы было вырашана, што ўмовы будуць не горшымі, чым у 2019 годзе, калі дадзены энергарэсурс пастаўляўся ў краіну па $127 за 1 тысячу куб.м. Гэтая лічба вызначана як базавая на сённяшні дзень у перагаворах бакоў.