Пераходзіць ад крэдытнага супрацоўніцтва да інвестыцыйнага

- 10:53Інфармацыйная гадзіна

Беларусь зацікаўлена нарошчваць гандлёва-эканамічныя сувязі з Кітаем. Аб гэтым заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў на афіцыйных перагаворах з намеснікам Старшыні КНР Ван Цішанем.

“Тавараабарот паміж нашымі краінамі расце з году ў год: у 2017 годзе гандаль з Кітаем перасягнуў $3 млрд. Тым не менш, калі браць у разлік маштабы кітайскай эканомікі, то гэта невялікая велічыня. У нас ёсць велізарныя рэзервы для нарошчвання гандлёва-эканамічных сувязей”, — адзначыў Андрэй Кабякоў.

У апошнія гады ўдалося крыху змяніць структуру беларускага экспарту і пашырыць наменклатуру тавараў, што пастаўляюцца ў Кітай. “У мэтах далейшага павелічэння экспарту беларускай прадукцыі, напрыклад, прадуктаў харчавання, мы маглі б больш актыўна задзейнічаць кантэйнерныя чыгуначныя маршруты паміж Кітаем і Еўропай, — лічыць кіраўнік беларускага ўрада. — Гэта не толькі будзе выгадна Беларусі і Кітаю, але і стане нашым сумесным укладам у развіццё гандлю па маршруце “Адзін пояс і адзін шлях”.

Ключавым праектам з’яўляецца Кітайска-беларускі індустрыяльны парк “Вялікі камень”. Сёння ў ім ужо 35 рэзідэнтаў не толькі з Беларусі і Кітая, але і з Расіі, Еўропы, ЗША, Ізраіля. У парку з мая 2017 года дзейнічае распрацаваны разам з кітайскімі калегамі спецыяльны льготны прававы рэжым, якому няма аналагаў на прасторы ЕАЭС. Андрэй Кабякоў выказаў упэўненасць, што кітайскія кампаніі, якія прынялі рашэнне стаць рэзідэнтамі парка, ніколі не пашкадуюць аб сваім выбары.

Імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву павінен надаць удзел Беларусі ў Кітайскай міжнароднай выставе імпарту ў Шанхаі ў лістападзе 2018 года. Падрыхтоўка нацыянальнай і галіновай экспазіцый Беларусі на выставе знаходзіцца на асабістым кантролі прэм’ер-міністра.

Беларусь і Кітай сёння паступова пераходзяць ад крэдытнага супрацоўніцтва да інвестыцыйнага. “У сферы інвестыцый ёсць шэраг праектаў, рэалізацыю якіх неабходна паскорыць, каб пачаць работу па новых напрамках”, — лічыць Андрэй Кабякоў.

Ван Цішань у сваю чаргу адзначыў, што Старшыня КНР Сі Цзіньпін надае вялікае значэнне дружбе паміж Кітаем і Беларуссю. Таму Беларусь была выбрана першай краінай для замежнага афіцыйнага візіту Ван Цішаня на цяперашняй пасадзе.