Перамогі юных даследчыкаў

- 12:31Адукацыйная прастора

У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі прайшоў конкурс даследчых работ у рамках XXXIX гарадской канферэнцыі навучэнцаў — аднаго з самых маштабных навуковых мерапрыемстваў для юных даследчыкаў сталіцы. Лаўрэаты конкурсу ва ўрачыстай атмасферы атрымалі дыпломы.  

Заснавальнікам канферэнцыі з’яўляецца камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, арганізатарам — аддзел інтэлектуальнай творчасці Палаца дзяцей і моладзі. У гарадскі этап конкурсу сёлета выйшлі 572 пераможцы раённых этапаў. Яны прадставілі 399 даследчых работ, якія былі заслуханы журы на працягу 5 дзён на 18 секцыях канферэнцыі. Навучэнцы адстойвалі права прадстаўляць сталічны рэгіён на рэспубліканскім конкурсе.  Дыпломамі ўзнагароджаны 266 навучэнцаў — аўтары 192 лепшых работ у секцыях гуманітарнага кірунку  (па вучэбных прадметах “Гісторыя”, “Грамадазнаўства”, “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, “Руская мова”, “Руская літаратура”, “Французская мова”, “Нямецкая мова”, “Іспанская мова”, “Кітайская мова”, “Англійская мова”), секцыі “Геаграфія ХХІ стагоддзя: погляд юнага даследчыка” і секцыях прыродазнаўчага кірунку (па вучэбных прадметах “Біялогія”, “Астраномія”, “Хімія”, “Фізіка”, “Інфарматыка”, “Матэматыка”). Партнёрам у правядзенні секцыі “Інфарматыка” сёлета выступаў ПВТ, у прыватнасці, ТАА “Адукацыйны цэнтр праграмавання і высокіх тэхналогій”. За бліскучыя выступленні будучыя праграмісты атрымалі імянныя падарункавыя сертыфікаты на навучанне па адным курсе адпаведнага класа любой змены гарадскога летняга лагера ITeen Academy 2020 года. Так, уладальнікам сертыфіката стаў навучэнец 11 класа гімназіі № 2 Мінска Алег Сірэнка, які атрымаў дыплом I ступені за работу “Навігацыя мабільнага робата на аснове камп’ютарнага зроку” (кіраўнік Вольга Міхайлаўна Балоціна). Акрамя таго, на канферэнцыі юнак атрымаў дыплом III ступені па геаграфіі (кіраўнік Святлана Мікалаеўна Карытка) за работу “Даследаванне дынамікі забруджвання атмасфернага паветра ў Рэспубліцы Беларусь на аснове камп’ютарнага мадэлявання”. “У 6—7 класе я зацікавіўся робататэхнікай, вучыўся на спецыяльных курсах. Двойчы прымаў удзел у Сусветнай алімпіядзе робатаў, дзе разам са сваім напарнікам заняў 6-е месца, — расказаў Алег. — Пры правядзенні даследавання па інфарматыцы я распрацаваў алгарытмы, якія выкарыстоўваюць камп’ютарны зрок для кіравання робатам. Гэтыя алгарытмы можна прымяняць у прамысловых мэтах. Камп’ютарны зрок — гэта атрыманне выявы ў аператыўнай памяці камп’ютара, якую можна прааналізаваць, у прыватнасці, апрацаваць нейроннымі сеткамі або алгарытмамі, напісанымі на адной з моў праграмавання. Камп’ютарны зрок можа, напрыклад, распазнаваць хваробы скуры. Рух беспілотных аўтамабіляў заснаваны на апрацоўцы даных камп’ютарнага зроку. У сваёй рабоце я выкарыстаў мабільны робат даўжынёй 20 см, на якім усталявана відэакамера. Выява з камеры апрацоўваецца на працэсары, які кіруе чатырма маторамі, што прыводзяць у рух робата. Даследаванне прайшло рэцэнзію на прадпрыемстве “Белвест”, дзе ў працэсе вытворчасці выкарыстоўваецца камп’ютарны зрок.

У рабоце па геаграфіі я правёў аналіз даных з афіцыйных крыніц, якія адлюстроўваюць распаўсю­джванне ў Беларусі забруджвання паветра чадным газам, дыяксідам серы, аксідам азоту. Я стварыў камп’ютарныя карты, якія паказваюць дынаміку ўзроўню забруджвання ад стацыянарных і мабільных крыніц і дазваля­юць прасачыць залежнасць колькасці захворванняў у людзей ад узроўню забруджвання”.

Сярод узнагароджаных таксама вучаніца 11 класа сярэдняй школы № 108 Мінска Аляксандра Вайцяшонак, якая атрымала дыплом I ступені па біялогіі за работу “Відавы склад эндабіёнтных фітафагаў і іх удзел у пашкоджанні ліставых пласцінак асноўных драўняных парод у гарадскіх насаджэннях Мінска, Бабруйска і Заслаўя”. “На працягу апошніх трох гадоў разам з настаўніцай біялогіі Ірынай Рыгораўнай Багіной я вывучаю распаўсюджаныя ў горадзе драўняныя пароды, — расказала Аляксандра. — Сабрала ўзоры лісця, зрабіла гербарый, фотасправаздачу. Высветліла, што дрэвы ў горадзе знаходзяцца пад пагрозай вымірання. Пашкоджаны 90—95 працэнтаў конскіх каштанаў звычайных, а ліпы і таполі набліжаюцца да гэтага паказчыку. Можна заўважыць белыя або ярка-ружовыя плямкі і наросты на лістоце. Прычына іх з’яўлення не толькі выкіды заводаў і машын, наяўнасць цяжкіх металаў або лішкаў солі ў глебе. Дрэвы пашкоджваюцца эндабіёнтнымі фітафагамі (шкоднікамі, якія жывуць унутры лісця): моллю-стракаткай, якая адкладвае лічынкі ўнутры ліставых пласцінак, а таксама кляшчамі, камарамі, тлёй. У выніку ў дрэў памяншаецца інтэнсіўнасць фотасінтэзу, яны становяцца непрывабнымі, лістота ў іх ападае раней патрэбнага часу.  У Мінску самая вялікая ступень пашкоджання дрэў. Справа ў тым, што ў гарадах прысутнічаюць тыповыя пасадкі раслін аднолькавых парод, якія блізка размешчаны адна ад адной, і насякомым лёгка мігрыраваць з аднаго дрэва на другое. У 2017 годзе я назірала на дрэвах два пакаленні молі-стракаткі, а ў мінулым годзе з-за кліматычных змен сфарміраваліся 3—4 генерацыі. У месцах, дзе шмат прамысловых прадпрыемстваў, з-за хімічных выкідаў колькасць насякомых можа змяншацца. А ў лясах шкоднікам не так проста знайсці кармавую базу, бо сустракаецца змешванне парод.

Можна прапанаваць высаджваць у гарадах больш устойлівыя да пашкоджанняў пароды дрэў — гібрыдныя віды, напрыклад, белую таполю, а не таполі канадскія і бальзамічныя, якія часцей сустракаюцца. Замарудзіць распаўсюджванне шкоднікаў чаргаванне розных драўняных парод. За мяжой практыкуецца метад ствалавых ін’екцый, які дазваляе вылечыць дрэва і зменшыць колькасць шкоднікаў на ім”.

Уручаючы ўзнагароды юным даследчыкам, прадстаўнікі журы выказалі ўпэўне­насць, што вопыт і навыкі, атрыманыя вучнямі пры падрыхтоўцы да канферэнцыі, спатрэбяцца ім для паспяховага заканчэння школы, паступлення ва ўніверсітэты, у будучай прафесійнай дзейнасці.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.