Перажыць крызіс

- 11:54Рознае, Сацыяльны ракурс

Яшчэ раз аб прафілактыцы суіцыдальных паводзін падлеткаў

Кожны чалавек у сваім жыцці перажывае розныя па ступені і цяжкасці крызісныя станы. Непазбежна гэта для дзяцей і падлеткаў. Існуе толькі адна ўмова: дзіця перажывае свой крызісны стан па той мадэлі паводзін, якую бачыць з боку бацькоў. А гэта значыць, што эмацыянальныя рэакцыі, якія ён выдае ў крызісе, — дакладная копія эмоцый яго бацькоў або значных дарослых, якімі цалкам могуць ста ць шукальнікі смерці.

Каб пазбегнуць магчымай тэрміналагічнай блытаніны, растлумачу: крызісны стан часцей за ўсё ўзнікае раптоўна, пад уплывам моцнага афекту, стрэсавых падзей. Самагубствы не ўзнікаюць імпульсіўна, раптоўна, яны з’яўляюцца апошняй кропляй у чары адаптацыі. Гэта крайняя форма крызіснага рэагавання.

Суіцыд — гэта наўмыснае самапашкоджанне са смяротным канцом (пазбаўленне сябе жыцця). Суіцыдальныя паводзіны — гэта праяўленне суіцыдальнай актыўнасці, уключаюць у сябе суіцыдальныя замахі, спробы і праяўленні.

Да суіцыдальных замахаў адносяцца ўсе суіцыдальныя акты, якія не скончыліся смяротна па прычыне, якая не залежыць ад суіцыдэнта (напрыклад, своечасовая рэанімацыя).

Суіцыдальнымі спробамі лічацца дэманстратыўна-ўстановачныя дзеянні, пры якіх суіцыдэнт часцей за ўсё ведае пра бяспеку сродкаў самагубства, якія выкарыстоўвае. Аднак вышэйсказанае не зніжае патэнцыяльнай небяспекі такіх дзеянняў.

Да суіцыдальных праяўленняў адносяцца ўсе суіцыдальныя думкі, намёкі і выказванні, якія не суправаджаюцца якімі-небудзь дзеяннямі, накіраванымі на пазбаўленне сябе жыцця.

На жаль, у цяперашні час існуе шэраг канцэпцый і падыходаў, якія тлумачаць прыроду самагубстваў, але ўсё яшчэ няма адзінай тэорыі, якая б растлумачыла іх прыроду, не вызначаны дакладны тып падлетка, схільнага да суіцыдальных паводзін. Дзеці з добрых сем’яў схільныя да суіцыдальных настрояў не менш, чым падлеткі з нядобранадзейных сем’яў. Суіцыд здзяйсняюць не толькі тыя падлеткі, якія дрэнна вучацца і ні з кім не ладзяць, але і маладыя людзі, у якіх, здаецца, няма праблем ні ў школе, ні дома.

Вельмі важна зразумець, якія ж іменна жыццёвыя сітуацыі з’яўляюцца для падлеткаў цяжкімі, неадольнымі самастойна, а таксама садзейнічаць вырашэнню праблемы дзіцяці, адыходу ад той сітуацыі, у якой ён апынуўся.

Якія ж сітуацыі для нашых дзяцей з’яўляюцца крызіснымі, траўміруючымі, неадольнымі? Іх умоўна можна падзяліць на тры групы.

Першая — гэта сам падлеткавы ўзрост і асобасны крызіс 13 гадоў, які па праве лічыцца самым складаным у жыцці чалавека. Найбольшая колькасць здзейсненых самагубстваў фіксуецца ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Менавіта ў плоскасці падлеткавай аўдыторыі актуальнай з’яўляецца праблема алкагалізацыі, псіхаактыўных рэчываў, ужыванне якіх аслабляе матывацыйны кантроль над паводзінамі, абвастрае дэпрэсію, псіхозы і часта прыводзіць да крайняй меры рэагавання — суіцыду.

Нярэдка сітуацыяй, якая траўміруе, з’яўляецца боязь крымінальнай адказнасці, іншага пакарання з боку бацькоў або ганьбы. Даволі высокі паказчык суіцыдальных спроб, замахаў, праяўленняў сярод маладых людзей, якія здзейснілі правапарушэнне або злачынства, сярод дзяўчат, якія вядуць ранняе палавое жыццё.

Да другой групы адносяцца няўдачы ў асабістым жыцці, перш за ўсё адносіны з процілеглым полам. Адзінота, нераздзеленае каханне, палавая няздольнасць, знявагі і прыніжэнні з боку равеснікаў. У якасці прыкладу можна прывесці выпадак Аляксея (13 гадоў). Ён вучыцца ў агульнаадукацыйнай і музычнай школе. Бацькі патрабуюць ад яго, каб паступіў у лепшую ВНУ. Паспяховасць у школе сярэдняя, узаемаадносіны з аднакласнікамі дрэнныя. У выніку — суіцыдальны замах.

Бацькам трэба беражліва адносіцца да ўнутранага свету падлетка, паважаць яго асобу, быць патрэбным свайму дзіцяці. Быць патрэбным — гэта значыць не толькі забяспечыць модным адзеннем і сучасным тэлефонам, даць самую лепшую адукацыю, засцерагчы сваімі рукамі ад усіх непрыемнасцей. Быць патрэбным — гэта значыць і раздзяліць з ім яго трывогу, дапамагчы яму самастойна перажыць няўдачы ў каханні, сум, сумненні, быць заўсёды настроеным на яго хвалю, ведаць яго сяброў, цікавасці і захапленні, не пакідаць без увагі зносіны ў інтэрнэце.

Да трэцяй групы адносяцца канфліктныя сямейныя ўзаемаадносіны, сямейнае насілле, матэрыяльна-бытавыя цяжкасці сям’і, вельмі часта развод бацькоў, сыход з сям’і значнага дарослага, хвароба, смерць блізкіх сваякоў (асабліва на працягу 1 года пасля страты).

Гэта жыццё, і мы не можам змяніць яго правілы, але нам па сілах праявіць спагадлівыя адносіны да падлетка, які трапіў у цяжкую жыццёвую сітуацыю, прайсці разам з ім усе этапы гаравання (паводле Мілера). Немагчыма перажыць гора, не перажыўшы боль.

Паколькі гараванне — псіхалагічны працэс, у яго ёсць свае законы, якія працякаюць незалежна ад таго, хочам мы гэтага ці не.

Разгледзім, як можна бацькам дапамагчы падлетку выбрацца з крызіснага стану і не трапіць у тупік суіцыдальных паводзін на прыкладзе, не далёкім для дарослых людзей і вельмі важным для падлеткаў — расставанне з любімым чалавекам.

Першай узнікае стадыя шоку. Яна доўжыцца прыкладна 2—3 дні і праяўляецца ў такіх адмаўленнях, як “Гэтага не можа быць”, “Гэта няпраўда”, “Ён не мог так зрабіць”. На гэтай стадыі неабходна з падлеткам гаварыць адкрыта і дакладна, не пакідаць падманлівых надзей “Ён да цябе вернецца”, “Ён пашкадуе пра свой учынак”.

Важна прад’явіць дакладны алгарытм дзеянняў, таму што ў вопыце падлетка пакуль яшчэ няма такой мадэлі паводзін, ён разгублены і не ведае, як сябе паводзіць.

Калі гэты этап дзіця не пераадольвае, выпрацоўваюцца ахоўныя несапраўдныя паводзіны, маўляў, нічога не адбылося, я нічога не адчуваю. Гэта затрымліванне, і без дапамогі спецыялістаў з ім справіцца не атрымаецца.

Другая стадыя смутку доўжыцца да паўгода. Падлетку неабходна дазволіць плакаць, крычаць, упадаць у істэрыку, адкрыта выказваць негатыўныя пачуцці да крыніцы страты радасці. На гэтай стадыі яшчэ няма дакладнага разумення таго, што адбылося.

Важна быць патрэбным дзіцяці, таму што ў таго, хто сумуе, можа ўзнікнуць страх страціць значных блізкіх, у гэтым выпадку — бацькоў.

Пераходзім да трэцяй стадыі кампенсавання страты. Яна самая складаная. Доўжыцца ад 2 месяцаў да паўгода. Магчыма праяўленне агрэсіі, дэпрэсіі, асабліва ў выхадныя і святочныя дні, вячэрні час. Зноў жа важна растлумачыць, што праяўленне негатыўных пачуццяў у сітуацыі крызісу — гэта нармальна.

Выпадак з практыкі. Мама звярнулася па дапамогу да псіхолага. Дачка, малодшы школьнік, спіць, прачынаецца, крычыць. Раніцай пра тое, што адбывалася, памятае няясна. У выніку псіхалагічнай дапамогі высветлілася, што дзіцяці няма куды дзець сваю агрэсію: дома не прынята крычаць, размаўляць на павышаных тонах, ёй ніколі не чыталі страшных казак, дзіця цалкам ахоўвалася ад рэальнага жыцця бацькамі. Гэта няправільна. Дзіцячыя страхі павінны быць, і яны павінны быць перажыты, у адваротным выпадку будуць праяўляцца на несвядомым узроўні — у начных кашмарах, уяўленні.

На гэтай стадыі магчыма праяўленне ідэалізацыі, пачуцця віны. Ілюстраваць гэтае становішча можна наступнай сітуацыяй. Валерыя — студэнтка, выдатніца. Адзін з яе сяброў паўгода назад выкінуўся з акна. Пачуццё віны не дае ёй спакою, яна лічыць, што магла б яго выратаваць, калі б была больш уважлівай да яго. Пачала выдаваць суіцыдальныя праяўленні як адзіна магчымы спосаб выправіць сітуацыю і пазбавіцца ад пачуцця віны.

Гэтая стадыі самая складаная з усіх, таму што магчымы рэцыдывы панікі, глыбокая дэпрэсія, стрэсавае расстройства, а таксама крайняя форма крызіснага рэагавання — суіцыд. Гінуць базавыя ілюзіі. Падлетак разважае: “Свет несправядлівы. Чаму гэта адбылося менавіта са мной? Я раней думала, што кожны атрымлівае па заслугах. Гэта ўсё міф. Я добра вучуся, здзейсніла мноства дастойных учынкаў. І што ў выніку…”

Бацькам ненадакучліва і асцярожна трэба прагаварыць падлетку, што свет просты, няма чорнага і белага, усё, што мы робім, мы робім перш за ўсё для сябе, каб заставацца людзьмі.

Калі неабходна, акружыце дзіця сябрамі, блізкімі сваякамі, якія выклікаюць у яго пазітыўныя эмоцыі. Псіхолагі сцвярджаюць, што кожнаму з нас для камфортнага стану неабходна шэсць чалавек, з якімі можна адкрыта пагаварыць, выказаць свае пачуцці.

Завяршаецца трэцяя стадыя да канца першага года прыадкрыццём знешняга свету, прыняццем сітуацыі такой, якая яна ёсць. Калі гэта дасягнута дзіцем — вялікая ўдача.

Чацвёртая стадыя ідэнтыфікацыі з аб’ектам характарызуецца неўсвядомленым капіраваннем паводзін любімага чалавека. Калі вы заўважылі, што ваша дачка, якая нядаўна рассталася з хлопцам, які ўмеў іграць на гітары, запісалася на курсы “Навучанне ігры на гітары”, вас гэта не павінна пужаць. Вы ўжо ведаеце, што падлетак упэўнена праходзіць стадыі гаравання. У паводзінах дарослага чалавека — гэта сітуацыя, калі жонка працягвае пачатую справу мужа, дачка высаджвае ўвосень цюльпаны на тым жа месцы, дзе саджала іх маці, і г.д.

Пятая, завяршальная, стадыя замяшчэння аб’екта: кантакт з рэальнасцю аднаўляецца, з’яўляюцца новыя ўзаемасувязі са светам. Паколькі мы разглядалі крызісную сітуацыю расставання, дарэчы будзе сказаць, што новыя сапраўдныя адносіны ўзнікаюць у дарослых праз 1,5—2 гады пасля страты, у падлеткаў — крыху раней.

Кацярына КАРТАСАВА,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Навагрудскага раённага сацыяльна-педагагічнага цэнтра,
магістр псіхалагічных навук.