Першы раз у першы клас: як на вучобу, так і на работу

- 8:00Адукацыйная прастора

1 верасня — самы доўгачаканы дзень менавіта для першакласнікаў і маладых спецыялістаў, якія ўпершыню пераступяць парог сваёй школы. Па падліках Міністэрства адукацыі, у 2012/2013 навучальным годзе за парты ўпершыню сядуць больш за 91 тысячу малышоў. А ўвогуле ў школы Беларусі прыйдуць больш за 900 тысяч дзяцей, з якімі будуць працаваць больш як 136 тысяч педагагічных работнікаў.

Угэтым годзе ў гімназіі Іўя адкрываюцца два першыя класы. Першы “А” бу­дзе вучыць маладая настаўніца, выпускніца Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталля Валер’еўна Грыб. “Б” клас будзе весці вопытны настаўнік Марыя Валянцінаўна Ляскевіч. Літару “Б” клас атрымаў яшчэ і сімвалічна, бо навучанне ў ім будзе ажыццяўляцца на беларускай мове. Гэта ў гімназіі ўпершыню зрабілі. Наталля Валер’еўна за некалькі дзён, праве­дзеных у гімназіі, паспела зразумець, што трапіла ў сяброўскі, адказны і актыўны калектыў, дзе ўсе гатовы дапамагаць адно аднаму. Маладая настаўніца гарыць жаданнем паспрабаваць на практыцы тыя методыкі і тэхналогіі, якія яна засвойвала ва ўніверсітэце, зрабіць навучанне дзяцей  разнастайным. І ўжо на першы свой урок па тэме “Я — грамадзянін Беларусі” падрыхтавала цікавую вучэбную гульню. Наталля Валер’еўна спадзяецца, што ўсё атрымаецца. Бо галоўная якасць добрага педагога ў яе ёсць: яна любіць дзяцей, з вялікім жаданнем працуе з імі. Гэтае жаданне з’явілася тады, калі яна дапамагала бацькам выхоўваць сваіх малодшых братоў і сясцёр. Ды і падтрымка з боку вопытных педагогаў у гімназіі моцная. Як расказала намеснік дырэктара Часлава Чаславаўна Куніцкая, у іх установе працуе школа маладога настаўніка. За маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны педагог. У першым паўгоддзі настаўнікі-стажоры наведваюць урокі вопытных педагогаў, а затым апошнія прыходзяць на ўрокі да сваіх падшэфных. У красавіку ў гімназіі праходзіць тыдзень маладых спецыялістаў. На працягу гэтых дзён навічкі даюць адкрытыя ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, право­дзяць абарону рэфератаў па тэмах самаадукацыі. “Нашы маладыя спецыялісты, — адзначае Часлава Чаславаўна, — традыцыйна ўдзельнічаюць у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства маладых педагогаў “Адкрыццё” і кожны раз становяцца яго пераможцамі”. Як бачна, творчае асяроддзе гімназіі Іўя спрыяе таму, што  маладыя спецыялісты хутка раскрываюцца і набіраюцца вопыту.

46 настаўнікаў гімназіі Іўя пачынаюць новы навучальны год у добрым настроі. Зараз ба­дзёрасці і аптымізму надаюць вынікі мінулага года. Перамог, дасягненняў, поспехаў, удач, як маленькіх, так і вялікіх, было дастаткова ў кожнага асобнага педагога, у калектыву ў цэлым. Сакрэт у тым, што настаўнікі працуюць творча і з энтузіязмам. Менавіта таму сёлетнія выпускнікі  Іўеўскай гімназіі сталі студэнтамі ВНУ (91%), і, дарэчы, 81% з іх будзе займацца на бюджэтнай форме навучання. Па-ранейшаму па выніках ЦТ у выхаванцаў гімназіі Іўя высокі рэйтынг сярод гімназій і ліцэяў Гродзеншчыны. На прадметных алімпіядах іўеўскія гімназісты таксама вызначаюцца. Так, у мінулым навучальным годзе яны заваявалі 78 дыпломаў на раёне, 3 — на вобласці і 1 — на рэспубліцы (яго атрымала Дар’я Унгур па англійскай мове). Паспяхова працуюць з адоранымі маладымі людзьмі такія педагогі, як Тамара Уладзіміраўна Ярмош, Інга Рычардаўна Гушча, Людміла Мікалаеўна Дайнакова, Таццяна Аляксееўна Базевіч, Ларыса Уладзіміраўна Роўская і Ірына Сяргееўна Гарбачэўская. На думку дырэктара гімназіі Галіны Станіславаўны Халявы, павышэнню выніковасці выступлення гімназістаў на алімпіядах садзейнічала ўвя­дзенне “Гадзіны алімпійца”, а таксама дзейсная сі­стэма па падрыхтоўцы дзяцей да алімпіяд. Трэці год запар гімназія Іўя з’яўляецца апорнай уста­новай адукацыі ў сваім раёне па арганізацыі і правядзенні атэстацыі педагагічных работнікаў. Вопыт работы калектыву гімназіі быў прадстаўлены на абласным семінары загадчыкаў метадычных кабінетаў аддзелаў адукацыі Гродзеншчыны.

Варта заўважыць, што іўеўскія гімназісты паспяховыя не толькі ў інтэлектуальных спаборніцтвах, а яшчэ і ў мастацтве, спорце. Харэаграфічныя калектывы пад кіраўніцтвам Марыны Пятроўны Шыдлоўскай пастаянна становяцца пераможцамі конкурсаў. А Наталля Алегаўна Афоніна рыхтуе пераможцаў да абласнога конкурсу “Маладыя таленты Гродзеншчыны”. Вучаніца 6 класа Маргарыта Балтушытэ — майстар спорту па настольным тэнісе, уваходзіць у трыццатку наймацнейшых тэнісістак Беларусі. З першага верасня мінулага года ў гімназіі арганізавана работа па рэалізацыі эксперыментальнага праекта “Апрабацыя электронных сродкаў навучання “Баскетбол”, “Валейбол”, “Лёгкая атлетыка” на ўроках фізічнай культуры і здароўя.

Са святам пачатку новага навучальнага года!

Святлана КІРСАНАВА.
kirsanava@ng-press.by
Фота Аляксандра БАЛТУНОВА.