Першыя крокі да студэнцкай спартыўнай навукі і наталення інфармацыйнага голаду

- 11:25Актуально, Апошнія запісы

Беларуская асацыяцыя студэнцкага спорту пераступіла двухгадовую мяжу свайго існавання. Што ўдалося за гэтыя два гады і якія перспектывы чакаюць наперадзе? Каб абмеркаваць самыя хвалюючыя пытанні, у Мінску сабраліся прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны.

Пачалося пасяджэнне БАСС з моманту, несумненна, прыемнага. Дыпломы і кубкі атрымалі ўстановы вышэйшай адукацыі, якія сталі пераможцамі і прызёрамі Рэспубліканскай універсіяды-2014.
Міністр адукацыі і старшыня БАСС Міхаіл Жураўкоў адзначыў, што сёння студэнцкі спорт разглядаецца як сістэма падрыхтоўкі рэзерву для нацыянальных каманд. На цяперашні момант у 49 універсітэтах краіны створаны ўмовы для развіцця алімпійскіх відаў спорту, якія абраны ў якасці профільных. (Выключэнні зроблены толькі для тых устаноў вышэйшай адукацыі, якія адносяцца да сістэмы міністэрстваў па надзвычайных сітуацыях, абароны, спорту і турызму.) Сутнасцю ідэі з’яўляецца фарміраванне больш цеснага супрацоўніцтва паміж дзіцяча-юнацкімі спартыўнымі школамі, вучылішчамі алімпійскага рэзерву і ўстановамі вышэйшай адукацыі. У якасці лідараў Міхаіл Жураўкоў назваў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт і інш.
Дарэчы, ідэя пераемнасці лягла ў аснову і новага праекта “Эстафета пакаленняў”, які ініцыіраваны асацыяцыяй і будзе рэалізаваны ў маі 2015 года. Плануецца, што ў праекце прымуць удзел аматары спорту ад дашкольнага і школьнага ўзростаў да студэнтаў і прафесарска-выкладчыцкага складу. Цікава, што вядучая роля ў правядзенні акцыі адводзіцца рэгіянальным педагагічным універсітэтам.
Як зрабіць студэнцкі спорт больш папулярным сярод шырокай аўдыторыі? Для таго каб надаць яму большую значнасць, прадстаўнікі асацыяцыі ўнеслі прапанову аб супрацоўніцтве з арганізатарамі вядомага ў Беларусі конкурсу “Трыумф. Героям спорту”. Як вядома, гэта адкрыты конкурс, які вызначае лепшых спартсменаў і трэнераў краіны і праходзіць раз у два гады. Ідэя заключаецца ў тым, каб прадстаўляць лепшых студэнтаў-спартсменаў у час паміж асноўнымі конкурсамі пад гэтым жа брэндам.
Трапіў у поле зроку прадстаўнікоў устаноў вышэйшай адукацыі краіны міжнародны рэйтынг беларускага студэнцкага спорту. У 2014 годзе нашы студэнты-спартсмены прынялі ўдзел у 9 чэмпіянатах свету па такіх відах, як футзал, спартыўная барацьба, каратэ, спартыўнае арыентаванне, веславанне на байдарках і каноэ, веславанне акадэмічнае, бокс, хуткасны бег на каньках. Вынік выступленняў — 33 медалі, з якіх 15 залатых, 7 сярэбраных, 11 бронзавых.
Аднак галоўнай падзеяй у студэнцкім спорце ўсё ж з’яўляюцца сусветныя ўніверсіяды. І вось тут узнікае нямала пытанняў. Статус студэнцкіх алімпійскіх гульняў часта не падмацаваны ні ўвагай беларускіх СМІ, ні ўзроўнем спартсменаў, якіх рэкамендуюць да ўдзелу нацыянальныя федэрацыі. Як вядома, у 2015 годзе XXVIII Сусветная летняя ўніверсіяда пройдзе ў Карэі. Плануецца, што Беларусь будуць прадстаўляць 30—35 спартсменаў у лёгкай атлетыцы, плаванні, мастацкай гімнастыцы, веславанні акадэмічным, стральбе кулявой і стральбе з лука. Будзем спадзявацца, што нашым спартсменам удасца дасягнуць планкі папярэдняй летняй універсіяды ў Казані, дзе беларусы заваявалі 40 медалёў і занялі 5 месца сярод усіх краін-удзельніц.
“Адным з найважнейшых момантаў сёння з’яўляецца развіццё навукі ў галіне студэнцкага спорту, — падкрэсліў міністр адукацыі. — На жаль, мы можам канстатаваць факт, што такая дзейнасць пачынаецца і заканчваецца на ўзроўні ўніверсітэтаў. А нам хацелася б, каб беларускія студэнты нароўні са сваімі аднагодкамі з іншых краін атрымлівалі гранты за распрацоўкі ў галіне студэнцкага спорту. Чаму б нам не прымаць больш актыўны ўдзел у адукацыйных праграмах, якія праводзяцца пад эгідай FISU? Зразумела, што мы не ў поўнай меры выкарыстоўваем і патэнцыял удзелу ў міжнародных студэнцкіх навукова-практычных канферэнцыях па праблемах спорту”.
У якасці першага крока у пазначаным кірунку Беларускай асацыяцыяй студэнцкага спорту будзе праведзены Рэспубліканскі конкурс навуковых работ. Лепшыя з іх будуць прадстаўлены на міжнародным узроўні.
Яшчэ адным першым крокам асацыяцыі, на гэты раз у медыяпрасторы, стане выданне тэматычнага часопіса “Спорт-тайм”, у якім будуць прадстаўлены як маладыя спартсмены, так і іх куміры.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.