Першыя STEM-цэнтры ў Баранавічах

4 верасня ў Баранавічах адкрыліся адразу два STEM-цэнтры. Кабінеты для заняткаў дакладнымі навукамі і інжынерыяй з’явіліся ў гімназіях №№ 3 і 4.

Вучні ўпершыню трымаюць у руках дэталі складанага канструктара, але ўпэўнена замахваюцца на схемы для профі, спрабуюць і спрачаюцца, дзелавіта дзеляць дэталі і размяркоўваюць абавязкі. Раптам ля дошкі Ягор, робататэхнік з двухгадовым стажам, уключае вялізнага робата-слана. Дзеці — і, прызнацца, многія дарослыя — заціхаюць і не адрываюць вачэй ад робата, які ходзіць, трубіць і падымае хобатам прадметы.

— Бачыце, яны толькі ўзяліся за канструктар, але ўжо фантазіруюць, спрабуюць адысці ад схемы! Гэта нас і натхняе, — гаворыць настаўніца інфарматыкі гімназіі № 3 Алена Канстанцінаўна Смаленская. Каб працаваць у STEM-цэнтры, яна разам з калегамі прайшла спецыяльны курс Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Але для педагогаў гэта не першае знаёмства са STEM-адукацыяй.

— Ужо на працягу некалькіх гадоў у горадзе ідзе актыўная работа ў сферы ІТ-адукацыі, — расказвае загадчык гарадскога вучэбна-метадычнага кабінета Алена Аляксандраўна Новік. — Асацыяцыя “Адукацыя для будучыні”, якая выступіла ініцыятарам стварэння цэнтраў, ужо арганізавала ў Баранавічах дзве канферэнцыі ProIT, дзе прадстаўнікі IT-кампаній праводзілі майстар-класы для нашых настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў. Навучэнцы паўдзельнічалі ў праекце “ІТ-канікулы” і пабывалі ў адукацыйным лагеры.

— Баранавічы цікавыя нам як вялікі горад, дзе можна стварыць супольнасць зацікаўленых настаўнікаў, — тлумачыць такую актыўнасць дырэктар асацыяцыі “Адукацыя для будучыні” Аляксандр Валянцінавіч Хоміч. — Мы хочам, каб яны не проста атрымлівалі новыя веды, але і дзяліліся імі з іншымі педагогамі. Пачнём з канферэнцыі для настаўнікаў, на якой дасведчаныя ў STEM-адукацыі педагогі з Мінска і Барысава падзеляцца сваімі метадамі работы, карыснымі распрацоўкамі. Спадзяёмся, што хутка і мясцовыя настаўнікі змогуць прэзентаваць свой унікальны вопыт.

— Наш цэнтр асаблівы, бо ў яго яшчэ да адкрыцця вызначылася спецыялізацыя, — расказаў дырэктар гімназіі № 3 Уладзімір Уладзіміравіч Гардзей. — Спачатку мы думалі заняцца воднымі робатамі, бо ў школе ёсць басейн. Але ўзікла прапанова звязаць заняткі STEM-цэнтра з космасам і астраноміяй: у гімназіі пабудавана абсерваторыя, якая, на жаль, не працуе ўжо многія гады. Пры дапамозе спонсараў мы плануем аднавіць яе работу і праводзіць тэматычныя заняткі.

Абодва цэнтры ўжо сабралі нямала заявак не толькі ад гімназістаў, але і ад вучняў суседніх школ, якія таксама будуць наведваць цэнтр. Дарэчы, STEM-цэнтры спецыяльна размясцілі ў розных раёнах горада, каб павялічыць ахоп настаўнікаў і вучняў, што змогуць далучыцца да іх работы. Падтрымліваць цікаўнасць да робататэхнікі і праграмавання плануюць і гарадскімі конкурсамі, і спаборніцтвамі.

Плануецца, што з часам адкрыюцца першыя STEM-хабы — абласныя адукацыйныя лабараторыі пры ўніверсітэтах. А пасля з’явіцца і апошняя ступень — рэспубліканскі цэнтр, які будзе каардынаваць іх працу. Планы амбіцыйныя, пагаджаецца Аляксандр Валянцінавіч, ды год назад складана было паверыць, што ўжо ў гэтым верасні будуць працаваць 6 цэнтраў у розных гарадах краіны, таму ставіць маштабныя мэты ініцыятары праекта не баяцца.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.