Перспектыўнае сяброўства

- 11:09Адукацыйная прастора

Дырэктары ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Латвійскай Рэспублікі 4—5 снежня наведалі Віцебскую вобласць. Сустрэча адбылася па ініцыятыве Асацыяцыі каледжаў Латвіі, падтрыманай начальнікам галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрыем Хомам і кіраўніцтвам Віцебшчыны.

Падчас прыёму дэлегацыі ў абласным выканаўчым камітэце намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пенін акцэнтаваў увагу на мнагавектарных сувязях Паўночнага беларускага рэгіёна і Латвіі, напрамках развіцця ўзаемавыгадных кантактаў. Так, паміж раёнамі вобласці і латвійскімі самакіраваннямі заключана больш за 30 пагадненняў аб супрацоўніцтве; за дзевяць месяцаў бягучага года ў параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам у 3,5 разу павялічыўся аб’ём прамых інвестыцый, якія паступілі ў воб­ласць ад латвійскіх інвестараў; на тэрыторыі вобласці з удзелам латвійскага капіталу зарэгістравана 90 арганізацый, што займаюцца вытворчасцю прадукцыі і аказаннем паслуг; пастаянна пашыраецца міжрэгіянальнае ўзаема­дзеянне, расце колькасць сумесных праектаў у сферах адукацыі, культуры і турызму. Прадстаўнікі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама, абласнога вучэбна-метадычнага цэнтра прафадукацыі і Савета кіраўнікоў устаноў ССА вобласці прэзентавалі сістэму прафесійнай адукацыі Беларусі і Віцебшчыны, падзяліліся вопытам узаемадзеяння з латвійскімі калегамі. Напрыклад, у лютым 2017 года дагавор аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве падпісалі Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны і Малнаўскі каледжы — і час пацвердзіў правільнасць выбранага курсу на збліжэнне.

— Мы цесна кантактуем з каледжамі аграрнай накіраванасці Літвы, Латвіі, Эстоніі і Расіі, — расказаў дырэктар ГДАТК Уладзімір Шыцько. — Такая практыка напрамую са­дзейнічае павышэнню эфектыўнасці прафесійнай падрыхтоўкі. На конкурсе прафмайстэрства ў Пскове нашы кухары занялі другое месца, а на аналагічным конкурсе сярод ва­дзіцеляў у Вільнюсе наш навучэнец стаў пераможцам і адзначаны дыпломам І ступені. З малнаўскімі калегамі мы таксама практыкуем сумесныя конкурсы, спартыўныя і культурна-масавыя мерапрыемствы, выезды выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання па абмене вопытам работы, разам удзельнічаем у праектах у рамках Усходняга партнёрства.    

Даўняе сяброўства звязвае Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання і Даўгаўпілскі медыцынскі каледж, першы дагавор паміж імі датуецца 2008 годам. Штогод каледжы ажыццяўляюць абмен дэлегацыямі навучэнцаў і педагогаў па шэрагу напрамкаў, сярод якіх — вывучэнне нацыянальнай гісторыка-культурнай спадчыны, прафесійных практык і адукацыйных мадэлей, здароўезберагальныя тэхналогіі, удасканаленне навучэнскага самакіравання, развіццё міждзяржаўных маладзёжных кантактаў. Якраз у ходзе гэтай работы і нарадзілася ідэя пашырыць межы супрацоўніцтва, каб вывесці яго на больш эфектыўны ўзровень. З улікам вопыту парт­нёрскіх адносін дырэктары ўстаноў адукацыі Генадзь Сіняўскі (Орша) і Лівія Янкоўская (Даўгаўпілс) выступілі каардынатарамі візіту прадстаўнікоў Асацыяцыі каледжаў Латвіі на Віцебшчыну. Акрамя ГДАТК і Аршанскага дзяржаўнага каледжа харчавання, на працягу двух дзён замежныя госці наведалі Віцебскі медыцынскі імя акадэміка І.П.Антонава, Віцебскі тэхнічны і Аршанскі механіка-эканамічны дзяржаўныя каледжы, дзе азнаёміліся з матэрыяльна-тэхнічнай базай, асаблівасцямі арганізацыі і метадычным забеспячэннем адукацыйнага працэсу, сустрэліся з педагогамі і навучэнцамі.

— Да нас завіталі дырэктары сямі медыцынскіх каледжаў Латвійскай Рэспублікі, — паведаміла дырэктар ВДМК імя акадэміка І.П.Антонава Валянціна Заяц. — Для калег мы правялі экскурсію па каледжы, пазнаёмілі з гісторыяй і сучасным жыццём нашай установы, расказалі аб структуры і развіцці медыцынскай адукацыі ў вобласці і краіне ў цэлым. Навучэнцы павіталі гасцей яркай прэзентацыйнай праграмай, затым мы наведалі заняткі па фармтэхналогіі і лячэбным масажы, абмяняліся думкамі і ўражаннямі за круглым сталом. У напрамку міжнароднага супрацоўніцтва мы прадукцыйна працуем з медыцынскімі каледжамі Расіі, Эстоніі, нядаўна падпісалі мемарандум з вышэйшым каледжам імя Авіцэны (Рэспубліка Казахстан).

Прыём для дэлегацыі суайчыннікаў арганізавала консульства Латвійскай Рэспублікі ў Віцебску. Размова ішла найперш аб прагназуемым эфекце двухбаковых зносін, спецыфіцы афармлення пагадненняў аб супрацоўніцтве, асобных момантах запланаваных абменаў дэлегацыямі.

— Уражанняў надзвычай многа, — адзначыла на сустрэчы ў галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама Лівія Янкоўская. — Для нас падрыхтавалі не толькі афіцыйную праграму, але і пазнаёмілі з культурай і традыцыямі беларусаў. Ваша краіна нас усіх пазітыўна ўразіла. Калі гаварыць пра каледжы, канечне, гэта развітая матэрыяльна-тэхнічная база, сучаснае абсталяванне і тэхналогіі, прафесійны ўзровень педагогаў, якасная метадычная работа, матывава­насць моладзі да атрымання прафесіі, цікавыя падыходы ў арганізацыі прафесійнай падрыхтоўкі, што вашы спецыялісты прадэманстравалі ў дзеянні. Як кіраўнік установы прафесійнай адукацыі я разумею, колькі вам прыходзіцца прыкла­даць намаганняў, каб так працаваць. У нечым мы на сёння вас апярэджваем, у нечым нам трэба паспець за вамі ўгнацца — тым большую актуальнасць і каштоўнасць набывае ўзаемны абмен вопытам. У сваю чаргу мы таксама гатовы паказаць беларускім калегам свае каледжы. На маю думку, такое спалучэнне афіцыйных сустрэч і асабістых кантактаў — вельмі ўдалы фармат. За сціслы час можна многаму навучыцца і ўзаемна атрымаць высокі вынік, і гэта цудоўна.

У гутарцы з Дзмітрыем Хомам і спецыялістамі галоўнага ўпраўлення па адукацыі закраналіся пытанні мадэрнізацыі і павышэння канкурэнтаздольнасці ўстаноў прафадукацыі рэгіёна, вядзення электроннай дакументацыі, абсталявання і дзейнасці рэсурсных цэнтраў па розных профілях, супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў, працоўнай міграцыі, арганізацыі практык навучэнцаў на вытворчасці, мэтазгоднасці атрымання сумежных спецыяльнасцей, развіцця прафесійнай адукацыі ў адпаведнасці з тэндэнцыямі сусветнай эканомікі. Падрабязна абмяркоўваліся магчымасці не толькі прафесійнага, але і культурнага ўзаемадзеяння, у тым ліку ў рамках узаемных абменаў выкладчыкамі і навучэнцамі, наведвання Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” і будучага чэмпіянату свету па хакеі, гаспадарамі якога стануць разам Беларусь і Латвія.

Дырэктар Віцебскага дзяржаўнага тэхнічнага каледжа старшыня Савета кіраўнікоў устаноў ССА Віцебскай вобласці Аляксандр Ласякін: “Сустрэчы прайшлі плённа, мы знайшлі вельмі сур’ёзныя кропкі судакранання для далейшага ўзаемадзеяння па абмене навучэнцамі і выкладчыкамі, сумеснай выпрацоўцы метадычных рэкамендацый, магчымых удакладненнях вучэбна-плануючай дакументацыі, удасканальванні адпрацоўкі пэўных тэм на занятках вытворчага навучання. Прыемна, што латвійскія калегі высока ацанілі ўзровень забеспячэння адукацыйнага працэсу ў кале­джы, у нас сапраўды моцная база для падрыхтоўкі як у плане тэарэтычнага, так і практычнага навучання, выпрацавана свая сістэма работы. У найбліжэйшай перспектыве заключым ужо не мемарандум аб намерах, а канкрэтныя дагаворы аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве паміж галоўным упраўленнем па адукацыі аблвыканкама, нашым Саветам кіраўнікоў і Асацыяцыяй каледжаў Латвіі і на яго аснове — адпаведныя пагадненні паміж блізкімі па профілі навучальнымі ўстановамі. Для нашага каледжа, напрыклад, гэта найперш будаўніцтва і машынабудаванне, лагістыка”. 

 Дырэктар Рыжскага тэхнічнага каледжа кіраўнік Асацыяцыі каледжаў Латвіі Яніс Разенблатс: “У нашу асацыяцыю ўваходзяць 25 прыватных і дзяржаўных каледжаў па розных профілях. Мы прыехалі на Віцебшчыну з намерам супрацоўнічаць. Паколькі некаторыя нашы навучальныя ўстановы маюць падобны вопыт, вырашылі  паглядзець зблізку, што ўяўляе сістэма прафесійнай адукацыі ў суседняй краіне. І пабачылі, што яна канкурэнтная, перспектыўная ў якасці далейшага партнёрства. Там, дзе яшчэ трэба папрацаваць, ідзе сур’ёзная работа, навучэнцам даступны самыя сучасныя тэхналогіі. Мяне асабіста ўразілі акуратнасць, дысцыплінаванасць і адказнасць навучэнцаў і выкладчыкаў, чысціня і парадак на рабочых месцах — нават у майстэрнях, дзе адпрацоўваюцца так званыя “брудныя” вытворчыя працэсы. У многіх выпадках абсталяванне навейшае, чым у нас, недзе ёсць пэўнае адставанне, але разам мы зможам вырашыць вельмі многія агульныя праблемы і атрымаць большы эфект. Уразілі душэўнасць, сардэчнасць і шчырасць беларусаў, іх светлыя адносіны да жыцця. Рады, што гэтая паездка адбылася і ў нас з’явіліся такія сябры. Намеры аб узаемным супрацоўніцтве афіцыйна агучаны, у прыватнасці, на прыёме ў нашым консульстве ў Віцебску, яны прыняты да дзеяння. Вельмі хачу, каб нашы калегі з Віцебскай вобласці прынялі запрашэнне і прыехалі да нас у Латвію, каб на месцы канкрэтызаваць напрамкі супрацоўніцтва паміж каледжамі-партнёрамі, вызначыць, што і ў якой паслядоўнасці будзем развіваць, спланаваць сумесныя мерапрыемствы, праекты. Думаю, справа пойдзе, і першыя вынікі пабачым ужо ў наступным годзе”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.