30 чэрвеня маршалу артылерыі Уладзіміру Міхалкіну споўнілася б 95 гадоў.
Уладзімір Міхайлавіч нарадзіўся ў ваенным гарадку Кісялевічы пад Бабруйскам. Частку свайго дзяцінства правёў у ваенным гарнізоне на Лепельшчыне, куды яго бацьку перавялі служыць афіцэрам Чырвонай Арміі. Дом, у якім жыла сям’я Міхалкіных, знаходзіўся ў цяперашнім Заслонаве, непадалёк іпадрома, дзе дзеці чырвоных камандзіраў (бацька Міхалкіна ў той час камандаваў артылерыйскім палком) займаліся коннай падрыхтоўкай.
І раптам пачалася вайна… У гэты час Уладзімір знаходзіўся ў Выбаргу, дзе яго бацька ўзначаліў артылерыю 50-га стралковага корпуса. У 14 гадоў Валодзя быў ужо на фронце, у ліпені 1941 года стаў артылерыйскім разведчыкам. Доўгія месяцы спасцігаў азы артылерыйскай навукі на Пулкаўскіх вышынях, якія з верасня 1941 года знаходзіліся ў эпіцэнтры баявых дзеянняў Ленінградскага фронту.
…Калі ў студзені 1944 года артылерысты разам з іншымі падраздзяленнямі Чырвонай Арміі пачалі аперацыю па прарыве Ленінграда, Уладзіміру Міхалкіну ішоў сямнаццаты год, ён стаў яфрэйтарам, быў узнагароджаны медалямі “За адвагу” і “За абарону Ленінграда”. Як ён сам прызнаўся, менавіта ў гэтай аперацыі ён упершыню ўсвядоміў, якой магутнай сілай з’яўляецца артылерыя і як востра яна мае патрэбу ва ўдасканаленні сваёй разведкі.
Вучні 9 класа Слабадскога ясляў-сада — сярэдняй школы Лепельскага раёна ўважліва вывучылі біяграфію маршала артылерыі. У 2009 годзе ў сваім пісьме да яго яны напісалі: “Паважаны Уладзімір Міхайлавіч! Вы пачалі сваё жыццё, як і мільёны іншых хлопчыкаў, якія нарадзіліся ў1927 годзе, але біяграфія маршала Міхалкіна стала легендарнай. Мы ганарымся вашым гераічным мінулым! Ваша жыццё з’яўляецца для нас прыкладам мужнасці, працавітасці і бескарыслівай любові да Радзімы!” Праз некаторы час у школу была даслана бандэроль ад маршала, у якой знаходзілася яго кніга “Маршальскае жазло ў салдацкім ранцы” і пісьмо вучням…
Перамогу Уладзімір Міхалкін сустрэў у Чэхаславакіі ў званні малодшага лейтэнанта. У пачатку 1946 года іх полк дыслацыраваўся ў Ціраспалі. Праз нейкі час Уладзімір падаў рапарт аб звальненні. Аднак Георгій Канстанцінавіч Жукаў, які быў прызначаны камандуючым Адэскай ваеннай акругі, вырашыў па-іншаму: нельга звальняць з арміі афіцэра ў 18 гадоў, калі ў таго за плячыма чатыры гады вайны. І Уладзімір застаўся ў страі.
У Беларусь на пасаду камандуючага 7-й танкавай арміі У.М.Міхалкін прыбыў у красавіку 1974 года. У гэты час і адбылася яго сустрэча з роднымі сэрцу лепельскімі краявідамі, памяць аб якіх ён захаваў назаўсёды. Аб гэтым вобразна расказваюць старонкі з яго кнігі: “Вечарам мы паехалі ў гарадок Заслонава, дзе праходзіла маё дзяцінства. Перад выездам я па памяці на паперы схематычна намаляваў месца, дзе стаяў мой дом. Пры гэтым нават указаў згіб ракі, якая цякла перад домам, школай і іпадромам. На асобным лістку паперы я намаляваў падрабязны план кватэры. Калі мы пад’язджалі да гэтага дома, сэрца маё калацілася… Палкоўнік Валошын разгарнуў план кватэры, складзены мной, і быў ашаломлены, з якой дакладнасцю ўсё супала”.
Вельмі б хацелася, каб у Год гістарычнай памяці ў раённым краязнаўчым музеі з’явілася экспазіцыя, прысвечаная жыццю Уладзіміра Міхалкіна, а адна з вуліц Лепеля атрымала яго імя.
Галіна МАРКОЎСКАЯ,
ветэран педагагічнай працы.