Платформа “Знай.бай”: цяпер і ў афлайн-рэжыме, і на беларускай мове

- 12:41Якасць адукацыі

Усё большая колькасць школ Беларусі далучаецца да спецыяльнай віртуальнай адукацыйнай сістэмы “Знай.бай”, вядомай найперш электроннымі дзённікамі і журналамі. Напрыканцы мінулага года гэтая распрацоўка беларускай кампаніі Bamboo Group выйшла на 2-е месца ў рэйтынгу Google Play сярод бясплатных мабільных дадаткаў у катэгорыі “Адукацыя”. Як развіваецца электронная платформа і што стрымлівае яе распаўсюджанне ў краіне, расказвае дырэктар кампаніі-распрацоўшчыка ТАА “СКУЛ ДАЙРИ” Віталь Мікалаевіч ПАНЦЯЛЕЙКА .

Аб ахопе карыстальнікаў

— Адзіная платформа электронных сэрвісаў “Знай.бай” пачала сваю работу ў 2014 годзе з пяці школ, у 2016 годзе выйшла на паказчык 320, а цяпер да сэрвісу далучаны больш за 1200 устаноў адукацыі. Неабходна адзначыць, што “Знай.бай” — гэта не проста прадукт-флагман “Электронны дзённік”, а паўнавартасная платформа e-сэрвісаў: ён уключыў у сябе і журналы, і дзённікі, і генератары тэстаў і раскладу, а таксама набор сэрвісаў, якія аблягча­юць работу ўсім удзельнікам адукацыйнага працэсу. Штодня звыш 160 тысяч нашых карыстальнікаў атрымліваюць на платформе поўны комплекс інфармацыі, звязанай не толькі з працэсам навучання, але і з аплатай школьнага харчавання і дадатковых адукацыйных паслуг, якія аказваюцца ўстановамі адукацыі.

Аб адукацыйным прадукце

— Электронныя дзённікі і журналы “Знай.бай” маюць абсалютна ўсе функцыі традыцыйных звыклых папяровых аналагаў, пры гэтым прадастаўляюць шэраг дадатковых магчымасцей. Аператыўнасць і дакладнасць інфармацыі па бягучай паспяховасці дзіцяці дазваляе на ранніх стадыях выявіць праблемы з засваеннем дысцыплін, своечасова прыняць неабходныя меры для выпраўлення сітуацыі. Цяпер не трэба з заміраннем сэрца ісці на бацькоўскі сход і чакаць “сюрпрызаў”, а потым дома ла­дзіць “разбор палётаў” … ды і адзнакі ўжо складана выправіць, калі да заканчэння чвэрці або навучальнага года застаўся тыдзень. З дапамогай электронных дзённікаў на нашай платформе бацькі ў рэжыме рэальнага часу могуць даведвацца аб паспяховасці і паводзінах сваіх дзяцей у школе. Дамашняе заданне ў электронны дзённік уносіць настаўнік, яно з’явіцца ў электронным дзённіку нават у тым выпадку, калі дзіця адсутнічала ў школе. Усё гэта спрыяе павышэнню паспяховасці навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, дзе ўкаранёны сэрвіс. Пасля аналізу паспяховасці вучняў у школах, якія ўжо не першы год выкарыстоўваюць гэтую сістэму, стала зразумела, што яна вырасла ў сярэднім на 15—20%. Акрамя таго, электронны дзённік дазваляе настаўніку прымацоўваць да дамашняга задання спасылкі на рэсурсы сеткі інтэрнэт, неабходныя дакументы, відэа- ці аўдыяфайлы.

Аб цяжкасцях укаранення

— У працэсе ўкаранення сэрвісу мы сустракаем падтрымку і зацікаўленасць з боку школы, але ёсць і цяжкасці, якія мы паспяхова пераадольваем разам. Напрыклад, педагогі асцерагаюцца складанасцей пры рабоце з новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі. На пачатковым этапе настаўнікі, вядома, могуць быць незадаволены тым, што даводзіцца рабіць двайную работу і запаўняць як папяровыя, так і электронныя версіі журналаў. Многія ўстановы адукацыі адкладваюць укараненне сэрвісу з-за адсутнасці адпаведнай матэрыяльна-тэхнічнай базы, бо не кожная школа можа вылучыць асобны камп’ютар педагогу для работы з электронным журналам. Ды і інтэрнэт ва ўстановах адукацыі не заўсёды працуе стабільна, а ў некаторых выпадках ён лакалізаваны толькі ў кабінетах адміністрацыі. У першым выпадку мы праводзім маштабныя вучэбныя мерапрыемствы масавага і індывідуальнага характару на месцах, а з 2019 года навучанне выкарыстанню сэрвісу “Знай.бай” праходзіць яшчэ і на базе Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі.

У перспектыве мы плануем правядзенне і дыстанцыйнага навучання ў выглядзе вэбінараў, пры гэтым не перастаём актыўна развіваць свой канал на YouTube. Што тычыцца матэрыяльна-тэхнічнай базы, вырашыць гэтую праблему, аб’ектыўна, не ў нашых сілах, а мабільны тэлефон сёння ёсць у кішэні кожнага настаўніка. Улічваючы гэта, мы распрацавалі і прапанавалі школам унікальнае рашэнне — мабільны дадатак, з дапамогай якога настаўнік мае магчымасць ставіць адзнакі ў электронны журнал пры адсутнасці стацыянарнага камп’ютара і нават без доступу да інтэрнэту. На працягу ўсяго навучальнага года мы збіралі водгукі па яго рабоце і запланавалі значныя паляпшэнні, якія змо­гуць ацаніць педагогі ўжо ў наступным навучальным годзе.

Аб падключэнні

— Стаць часткай сучаснай Беларусі і пачаць работу з платформай “Знай.бай” вельмі проста — трэба пакінуць заяўку на нашым сайце. Нагадаю, наша платформа з’яўляецца абсалютна бясплатнай для ўстаноў адукацыі, з боку школы не патрабуецца ніякіх выдаткаў на абсталяванне, навучанне, падтрымку і іншае. Ніякіх спецыяльных праграм устанаўліваць таксама не трэба.

Аб манетызацыі

— Платформа “Знай.бай” падтрымліваецца і развіваецца выключна на прыватныя інвестыцыйныя сродкі, манетызацыя адбываецца за кошт дадатковых платных функцый для баць­коў. Сэрвіс электроннага дзённіка на платформе ўключае ў сябе базавы і пашыраны функцыянал. Базавы функцыянал даступны бясплатна і прадстаўлены інфармацыяй аб раскладзе, бягучых і выніковых адзнаках, дамашнім заданні, пропусках урокаў і заўвагах настаўнікаў, рэалізавана магчымасць прагляду каментарыяў да адзнак без аплаты, што ў поўнай меры адпавядае аб’ёму інфармацыі, якая змяшчаецца ў папяровых дзённіках навучэнцаў.

Дадатковыя паслугі прадстаўлены ў відэаінфармаванні аб адсутнасці дзіцяці на ўроках з дапамогай СМС або e-mail-рассылкі, пашыранай інфармацыі ў электронным дзённіку, сэрвісаў “Прагназаванне”, “Паспяховасць”, “Графічная аналітыка”, “Назіранне”, “Архіў паспяховасці”. Так, сэрвіс “Прагназаванне” прадугледжвае па атрыманых адзнаках па кожным прадмеце прагназаванне сістэмай верагоднасці той ці іншай адзнакі за чвэрць, сэрвіс “Паспяховасць” — прагляд колькасці пропускаў заняткаў, адзнак, сярэдні бал па кожным прадмеце, як у класным журнале. Сэрвіс “Графічная аналітыка” адлюстроўвае ў выглядзе графікаў і табліц паспяховасць навучэнца, яго рэйтынг і іншую карысную інфармацыю, а сэрвіс “Назіранне” дазваляе планаваць мэту — жаданую адзнаку за чвэрць — і адлюстроўвае сярэдні бал па атрыманых адзнаках. Сэрвіс “Архіў паспяховасці” дае магчымасць праглядаць даныя за мінулыя гады.

Першыя 14 дзён з моманту рэгістрацыі дадатковыя паслугі прадастаўляюцца законным прадстаўнікам бясплатна ў рэжыме азнаямлення. Пасля заканчэння двух тыдняў іх дзеянне спыняецца, застаецца бясплатны доступ да базавага функцыяналу. Толькі па жаданні карыстальнікаў доступ можа быць прадоўжаны шляхам папаўнення балансу ў асабістым кабінеце — аплата праводзіцца раз на чвэрць і складае 13 рублёў 99 капеек. Прычым для бацькоў, у якіх ва ўстанове адукацыі вучыцца некалькі дзяцей, аплата робіцца толькі за аднаго, а доступ да дадатковай інфармацыі аб вучэбным працэсе адкрыты для ўсіх.

Звяртаю ўвагу: усе платныя дадатковыя паслугі з’яўляюцца неабавязковымі і падключаюцца па жаданні бацькоў.

Аб бяспецы

— Забеспячэнне неабходнага ўзроўню інфармацыйнай бяспекі — наша прыярытэтная задача. Мы ўсведамляем сваю адказнасць перад карыстальнікамі, таму з’яўляемся адзіным распрацоўшчыкам сэрвісу электронных дзённікаў і журналаў, якія выконваюць усе адпаведныя патрабаванні, што прад’яўляюцца да прадуктаў такога кшталту. Усе неабходныя дакументы можна знайсці на галоўнай старонцы сайта “Знай.бай”.

Аб далейшым развіцці

— Мы знаходзімся ў бесперапынным развіцці, бо задача нашай каманды — зрабіць сэрвіс функцыянальным, надзейным і адначасова простым і зручным у выкарыстанні. Дыялог з нашымі карыстальнікамі дапамагае нам у развіцці праграмнага прадукту. Усе заўвагі і пажаданні, якія нам паступаюць, вывучаюцца камандай на чале з кіраўніком праекта, аналізуюцца і сістэматызуюцца. Уласны кол-цэнтр ажыццяўляе кругласутачную падтрымку і гатовы аператыўна апрацоўваць пытанні і пажаданні карыстальнікаў 7 дзён на тыдзень. Не так даўно, напрыклад, быў распрацаваны беларускамоўны інтэрфейс сэрвісу (мы — адзіная платформа Беларусі, якая прадастаўляе магчымасць работы з электроннымі дзённікамі і журналамі на беларускай мове), што асабліва актуальна для ўстаноў адукацыі з беларускай мовай навучання. У гэтым нам вельмі дапамагаюць нашы карыстальнікі — педагогі гімназіі № 32 Мінска. Наперадзе ў нас шмат новых распрацовак і ўнікальных рашэнняў, якія, безумоўна, знойдуць водгук у адукацыйных установах.

Аб новых праектах

— “Знай.бай” не адзіны праект нашай кампаніі ў галіне лічбавізацыі адукацыі. У гэтым годзе мы прадстаўляем нашу краіну на сусветнай выставе “ЭКСПА-2020” у Дубаі з праектам BeED. Канцэпцыя BeED прадугледжвае стварэнне адукацыйнай экасістэмы, а яе адметнасць — experiential learning, гэта значыць “навучанне на вопыце”: розныя эксперыменты, экскурсіі і падарожжы, у якіх вучням не толькі штосьці расказваюць і паказваюць, але і даюць зрабіць сваімі рукамі. Сёння прадукт ужо выкарыстоўваюць ва ўстановах адукацыі краін Паўднёва-Усходняй Азіі, ён рыхтуецца да запуску на рынках Аўстраліі, ЗША і Вялікабрытаніі.

За гады работы мы назапасілі ўнікальны вопыт рэалізацыі шматлікіх праектаў абсалютна рознай складанасці як для органаў дзяржаўнай улады, так і для буйных прыватных кампаній. Напрыклад, менавіта нам даверана арганізацыя рассылкі вынікаў вызначальнага для лёсу абітурыентаў выпрабавання — цэнтралізаванага тэсціравання.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.