Лета для дашкольнікаў — самы добры перыяд для азнаямлення з навакольным светам, зносін з прыродай, таму асаблівую ўвагу ў нашым дзіцячым садзе мы ўдзяляем развіццю яго тэрытарыяльнай прасторы, якая забяспечыць эфектыўнае аздараўленне, паспяховае асобаснае і пазнавальнае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту.
Педагагічны калектыў нашай установы абсталяваў дзіцячую пляцоўку, якая спрыяе эмацыянальным зносінам з прыродай, а таксама забяспечвае ўключэнне ў работу ўсіх сенсорных сістэм дзіцяці: зроку, слыху, дотыку, нюху, смаку. Яна аб’ядноўвае тры модулі — сузіральны, гульнявы і даследчы. Сузіральны модуль складаецца з кветніка вострых траў з абсталяванай “тактыльнай сцяжынай”, зоны паціа; гульнявы модуль уключае ў сябе куткі недырэктыўнай, гульнявой экатэрапіі, рухальнай актыўнасці з “дарожкай адчуванняў”; даследчы модуль уяўляе сабой пляцоўку для арганізацыі пазнавальна-практычнай і эксперыментальнай дзейнасці дашкольнікаў.
Добрым месцам для зносін дзяцей з прыродай з’яўляецца кветнік вострых траў, які складаецца са шматгадовых раслін: мацярдушкі, мяты, мелісы. У падзеленым на 14 роўных частак кветніку кожнай расліне адводзіцца асобны куток. Сонцалюбівыя расліны, якія цвітуць, візуальна вельмі добра спалучаюцца паміж сабой, прыўносячы ў кветнік флёр Міжземнамор’я. Выкарыстанне гэтых раслін у якасці прыпраў для гатавання ежы, заварвання фітачаёў забяспечыць умацаванне здароўя дашкольнікаў і эфектыўную арганізацыю аздараўленча-прафілактычных мерапрыемстваў з імі. Арганічна і эфектыўна ўпісваецца ў агульны выгляд кветніка “тактыльная сцяжына”. Сенсорны маршрут напаўняюць прыродныя матэрыялы (пясок, шчэбень, кара, шышкі, керамзіт), пры ўзаемадзеянні з якімі ў дзяцей удасканальваецца развіццё працэсаў -адчування, сенсаматорыкі. З аднаго боку кветніка абсталявана зона паціа, дзе дзеці, усеўшыся на лаўках, могуць паслухаць “музыку ветру”. Паміж лаўкамі размяшчаецца невялікі кантэйнерны садок, які складаецца з мініяцюрнага вадаёма, што надае месцейку для адпачынку выхаванцаў асаблівую ўтульнасць. Сузіранне духмяных вострых траў, ароматэрапія дазволяць стабілізаваць псіхаэмацыянальны стан кожнага дзіцяці, забяспечаць цудоўны рэлакс…
Гарманічна выглядае куток недырэктыўнай і гульнявой экатэрапіі, які ўяўляе сабой экалагічны стол з абсталяваным настольным садком чабару і прыроднымі матэрыяламі (шышкамі, каштанамі, ракавінкамі, дрэўнай карой) для развіцця дробнай маторыкі рук, фарміравання пачуццёвага пазнання выхаванцаў, якія дзеці могуць актыўна выкарыстоўваць у дыдактычных і развіццёвых гульнях. З мэтай павышэння эфектыўнасці ўключэння ў работу ўсіх сенсорных сістэм дзіцяці-дашкольніка (зроку, смаку, дотыку, нюху, слыху) у гульнявой дзейнасці з выхаванцамі прымяняецца маска на вочы, якая зацямняе. Пры сузіранні прыгажосці садку чабару складаецца ўражанне, быццам агортваешся воблакам водараў, а інтэнсіўны пах раслін выклікае апетыт. Сумеснымі намаганнямі дзяцей і дарослых можна стварыць творчыя сюжэтна-ролевыя кантэйнерныя кампазіцыі “Кветкавы казкаград”, у гульнях з якімі дашкольнікі могуць інсцэніраваць разнастайныя сюжэты. Экатэрапія праз наладжванне кантакту дашкольнікаў з прыродай падчас гульняў на свежым паветры, узаемадзеянне дзяцей з прыродным матэрыялам, тактыльныя дотыкі да раслін, якія маюць розную структурную паверхню, дапамогуць забяспечыць псіхалагічны камфорт, зняць стрэс, будуць садзейнічаць развіццю органаў пачуццяў, загартоўванню дзіцячага арганізма. Усё гэта, у сваю чаргу, дазволіць дзіцяці быць бліжэй да прыроды, бліжэй да сябе.
Гульні дзяцей з выкарыстаннем нетрадыцыйнага спартыўнага абсталявання, атрыманне станоўчага эмацыянальнага зараду на “дарожцы адчуванняў”, якая ўяўляе сабой тры паслядоўна размешчаныя адна за адной аркі з падвеснымі сенсорнымі матэрыяламі (рознакаляровымі шарамі, стужкамі, званочкамі, якія гучаць), забяспечваюць аздараўленчы эфект, павышэнне рухальнай актыўнасці, удасканаленне каардынацыі рухаў, сенсаматорнае развіццё дашкольнікаў.
У садзе абсталявана пляцоўка для арганізацыі пазнавальна-практычнай і эксперыментальнай дзейнасці дашкольнікаў. Асаблівае месца на ёй адведзена метэаралагічным прыборам (метэабудцы з ападкамерам і барометрам, ветраніку, ветраному рукаву, тэрмометрам, сонечнаму гадзінніку), пры дапамозе якіх выхаванцы могуць вызначаць стан надвор’я, складаць прагнозы. Гульні з яркімі ветракамі ў выглядзе кветак і матылькоў дапамогуць дзецям паслухаць шум ветру, вызначыць яго сілу. Ганаровае месца на пляцоўцы займаюць настольная пясочніца і стол для гульні з вадой. Будуючы карціны з пяску, даследуючы ўласцівасці вады, прыдумваючы розныя гісторыі пры дапамозе мініяцюрных цацак, пясочных набораў, дзеці набываюць веды і жыццёвы вопыт, даведваюцца пра падзеі і законы навакольнага свету.
Асаблівай папулярнасцю ў нашых выхаванцаў карыстаецца крэатыўная “птушыная гасцёўня”, у якой дзеці могуць атрымаць асалоду ад зносін з сябрамі птушкамі, атрымаць задавальненне ад бёрдвотчынгу — назірання за птушкамі, іх звычкамі і ладам жыцця.
Вельмі важна так арганізаваць жыццё дашкольнікаў, каб кожны дзень прыносіў ім штосьці новае, быў напоўнены цікавым зместам, каб успаміны пра летні час, гульні, прагулкі, цікавыя эпізоды з іх жыцця яшчэ доўга радавалі дзяцей.
Ірына ВАСІЛЕЎСКАЯ,
загадчыца ясляў-сада № 14 Слоніма.