Поспех — у кансалідацыі

- 11:32Планёрка ў рэгіёне

Сёння герой нашай рубрыкі — начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рэчыцкага райвыканкама Гомельскай вобласці Аляксандр Валянцінавіч Дземянчук, чалавек ініцыятыўны і ўважлівы да кожнага ўдзельніка адукацыйнай сістэмы рэгіёна, таму гутарка з ім не толькі пра падзеі, але і пра людзей, якія з іх робяць факты.

— Аляксандр Валянцінавіч, трэцяя чвэрць вызначаецца не толькі сваёй працягласцю, але і алімпіяднай насычанасцю. Як вашы вучні пераадолелі абласны этап рэспубліканскай алімпіяды?
— З кожным годам у нашым раёне расце колькасць дыпламантаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, інтэлектуальных конкурсаў. 28 чалавек Рэчыцкага раёна з’яўляюцца стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных. У 2015 годзе ў трэцім этапе абласной алімпіяды для 4—8 класаў нашы навучэнцы заваявалі 48 дыпломаў (у 2014-м іх было 32). У гэтым годзе 44 вучні сталі пераможцамі абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах (у 2015-м іх было 36, а ў 2014-м — 24). 14 навучэнцаў Рэчыцкага раёна ўключаны ў склад каманды Гомельскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах.
Другі год у пералік прадметаў рэспубліканскай алімпіяды ўключана кітайская мова. І другі год навучэнцы раённага ліцэя становяцца пераможцамі па гэтым прадмеце. З гонарам хачу сказаць, што трэнерам абласной каманды па кітайскай мове з’яўляецца выпускніца нашага ліцэя, а цяпер настаўніца Ніка Аляксандраўна Цішкевіч. Толькі ў таленавітага педагога могуць быць таленавітыя вучні. І ў нашым раёне шмат такіх настаўнікаў, навучэнцы якіх з году ў год з’яўляюцца пераможцамі рэспубліканскай алімпіяды. Гэта настаўніца біялогіі раённага ліцэя Ірына Мікалаеўна Раманава, настаўніца рускай мовы раённай гімназіі Галіна Рыгораўна Галай, настаўніца беларускай мовы і літаратуры раённага ліцэя Ірына Віктараўна Яўсеенка, настаўніца рускай мовы і літаратуры раённага ліцэя Ірына Вітальеўна Міроненка, настаўніца хіміі раённага ліцэя Людміла Міхайлаўна Блажэвіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 7 Рэчыцы Наталля Васільеўна Гулідава і інш.

— Актуальнымі з’яўляюцца пытанні пра профільную адукацыю: якія напрамкі выбралі вашы вучні і ці ўзнікалі складанасці ў рабоце з бацькамі?
— У бягучым навучальным годзе профільнае навучанне ў 10-х класах нашага раёна прадстаўлена трыма мадэлямі і арганізавана ў 14 установах агульнай сярэдняй адукацыі з ахопам 253 навучэнцаў. Акрамя таго, у гэтым навучальным годзе працягнута вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні ў 11-х класах у 25 установах агульнай сярэдняй адукацыі раёна з ахопам 274 навучэнцаў. Профільнае навучанне арганізавана па розных напрамках. Акрамя хіміка-біялагічнага, фізіка-матэматычнага, філалагічнага, у школах сфарміраваны групы з вывучэннем на павышаным узроўні рускай мовы і матэматыкі, беларускай мовы і гісторыі Беларусі, рускай мовы і біялогіі, грамадазнаўства і англійскай мовы, біялогіі і матэматыкі, што дало магчымасць індывідуальна падысці да запытаў вучняў і іх бацькоў.
Варта адзначыць, што бацькі з разуменнем паставіліся да рэалізацыі гэтага новаўвядзення, бо сёння не кожны мае магчымасць звярнуцца да паслуг рэпетытара альбо іншых форм падрыхтоўкі, а профільнае навучанне якраз з’яўляецца тым рэзервам, з дапамогай якога магчыма атрымаць паглыбленыя дадатковыя веды па прадмеце як пры падрыхтоўцы да выпускнога экзамену, так і да цэнтралізаванага тэсціравання. Па папярэдніх прагнозах, у наступным навучальным годзе колькасць вучняў у профільных класах павялічыцца. Зыходзячы з таго, што ў Рэчыцы размешчаны педагагічны каледж, які ажыццяўляе падрыхтоўку настаўнікаў для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, асноўная маса навучэнцаў, матываваных на педагагічныя спецыяльнасці, паступаюць менавіта туды і пасля заканчэння застаюцца ў нашым раёне.

— Сёння яшчэ шмат гавораць пра рэарганізацыю метадычнай службы. Як вы ацэньваеце дзейнасць раённай метадычнай службы і якія яна мае перспектывы развіцця менавіта ў рамках раёна?
— Сёння метадыст для настаўніка — крыніца інфармацыі, правадыр па ўсім новым. Яго асноўная задача — адаптаваць педагагічную навуку для эфектыўнага прымянення ў практычнай дзейнасці настаўніка, таму роля метадычнай службы вельмі высокая. Сістэма адукацыі сёння патрабуе ад настаўніка пастаяннага павышэння педагагічнага майстэрства. Ён павінен умець выкарыстоўваць у сваёй працы новыя методыкі, прыёмы, формы навучання і выхавання. І метадысты аддзела адукацыі нашага раёна аказваюць дзейсную дапамогу ў адаптацыі маладым спецыялістам, ва ўдасканаленні педагагічнага майстэрства вопытным педагогам. Менавіта дзякуючы дзейнасці метадычнай службы мы маем такія высокія вынікі ў раёне.

— Аляксандр Валянцінавіч, а што хвалюе вас як начальніка сёння?
— Мяне хвалююць перш за ўсё пытанні ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, якія мы стараемся вырашаць сумесна з Рэчыцкім раённым выканаўчым камітэтам, арганізацыямі-шэфамі, прадпрыемствамі, бацькоўскай грамадскасцю. Асаблівыя словы падзякі хачу адрасаваць кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый, якія з году ў год аказваюць нашым установам адукацыі дзейсную дапамогу: ААТ “РМЗ”, ААТ “Буравая кампанія “Дэльта”, КСУП “Агракамбінат “Холмеч”, КСУП “Фрунзэ-агра”, КСУП “Дзяржынскі-агра”, КУП “Рэдакцыя газеты “Дняпровец”, Рэчыцкі райжылкамгас.
На пастаянным кантролі ў раёне і пытанні прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў, дзе без міжведамаснага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых службаў нам адным не справіцца. Праводзім паслядоўную работу па аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі. Мы вельмі асцярожна падыходзім да гэтага пытання і закрываем установы пераважна ў тых населеных пунктах, дзе больш за ўсё скарацілася колькасць насельніцтва. Безумоўна, аптымізацыя сеткі вядзе за сабой неабходнасць арганізацыі падвозу навучэнцаў, таму вырашаем пытанне з набыццём аўтатранспарту, а таксама з кадрамі.

— А што ў планах?
— Зразумела, забеспячэнне высокай якасці агульнай сярэдняй адукацыі, укараненне профільнага навучання. Годнае выступленне нашых навучэнцаў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Неабходна працягваць работу па недапушчэнні росту колькасці злачынстваў і правапарушэнняў. А яшчэ хачу, каб баль выпускнікоў — 2016 стаў вялікай культурнай падзеяй для нашага раёна. Ён штогод праходзіць у Рэчыцы на набярэжнай Дняпра для тысяч гараджан і гасцей горада.

— Поспехаў і дзякуй за гутарку.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.