Поспех — у зладжанай рабоце настаўніцкага калектыву

- 11:27Якасць адукацыі

Сярэдняя школа № 4 Салігорска зноў прызнана лепшай з лепшых. На працягу 48 гадоў адкрыты не толькі дзверы школы, але і сэрцы настаўнікаў. Адкрыты для новых ідэй і здзяйсненняў. Менавіта гэтыя сэрцы напоўнены такой любоўю, якая дапамагае наблізіцца да новых перамог. Карпатлівая праца дае плён. Па выніках мінулага навучальнага года сярэдні бал па школе склаў 8,05 бала. Але гэта далёка не ўсе дасягненні.

Чацвёртая школа належна прадстаўлена ў алімпіядах не толькі раённага, але і рэспубліканскага ўзроўню. Максім Сямёнаў стаў лепшым на алімпіядзе па сусветнай гісторыі і гісторыі Беларусі і пасля яе заключнага этапу прывёз у сталіцу беларускіх шахцёраў дыплом І ступені. А на трэцім этапе заявілі пра сябе Настасся Дасюкевіч, Арына Бібік, Ксенія Тупік, Максім Калацкі, Аляксандр Максімовіч па такіх вучэбных прадметах, як фізіка, біялогія, хімія, матэматыка, гісторыя. Безумоўны ўклад унеслі А.А.Фатнева, А.М.Ларчык, К.А.Дзялендзік, А.М.Дзялендзік, А.Ф.Карабко.

2017 год аб’яўлены Годам навукі. Маленькія прафесары сярэдняй школы № 4 — навучэнцы 3 класа — атрымалі два дыпломы ІІ ступені. А Рэспубліканская эколага-біялагічная канферэнцыя дала магчымасць заваяваць дыплом ІІІ ступені.

Прадстаўнікі новага пакалення абяцаюць быць прафесіяналамі сваёй справы. Ёсць пацвярджэнне гэтага: з пяці 100-бальнікаў Салігорскага раёна трое — выпускнікі чацвёртай школы. Лепшыя вынікі былі паказаны па фізіцы, матэматыцы, грамадазнаўстве. Настаўнікі адораных вучняў — А.М.Фатнева, В.С.Булыга, В.М.Кулеш. Акрамя таго, 49 з 61 выпускніка сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў.

Сярэдняя, але незвычайная школа. Чаму? Адказ на гэтае пытанне дае дырэктар Сталіна Санько.

— Адна з асаблівасцей нашай школы — вывучэнне англійскай мовы з першага класа, — гаворыць Сталіна Санько. — Спецыяльна для гэтага працуе гурток “Увядзенне ў свет замежнай мовы” і факультатыўныя заняткі “Вучуся гаварыць па-англійску”. Для дасягнення добрых вынікаў на ўсіх узроўнях педагогі школы пастаянна ўдасканальваюць свае веды. Міжнародныя праграмы прафесійнай мабільнасці работнікаў адукацыі ў Германіі і ўдасканалення педагагічнага майстэрства настаўнікаў сярэдніх школ у ЗША сталі карыснымі для В.М.Кругловай і В.А.Бебех. Такое супрацоўніцтва падарыла магчымасць правесці інтэнсіўны курс англійскай мовы з удзелам брытанскіх педагогаў у нашай школе.

Гаворачы пра англійскую мову, нельга не ўспомніць пра беларуска-дацкі праект, дзякуючы якому ў жніўні 2008 года быў падпісаны дагавор аб наладжванні пабрацімскіх адносін паміж Салігорскам і Хольбекам.

Сярэдняя школа № 4 стала адной з першых удзельніц праекта “Электронная школа”.

— Толькі ў нас выкарыстоўваецца электронны дзённік і вядзецца электронны журнал, — растлумачыла Сталіна Санько. — Бацькі могуць адсочваць інфармацыю пра паспяховасць дзяцей. Але гэта яшчэ не ўсе асаблівасці. Наша школа ўдзельнічае ў праграме пашыранай інфарматызацыі школ Рэспублікі Беларусь сумесна з Белтэлекам па падтрымцы Міністэрства адукацыі. 14 пунктаў Wi-Fi дазваляюць скарыстацца інтэрнэтам з мабільнай прылады, планшэта, ноўтбука. Таксама ўсю дадатковую інфармацыю пра школу можна атрымаць на нашым сайце.

Новаўвядзенні на гэтым не канчаюцца. Ініцыятарам стварэння школьнай бізнес-кампаніі па распрацоўцы і выпуску друкаванай прадукцыі стала Н.С.Ярашэня. Дзякуючы гэтаму, чацвёртая школа прыме ўдзел у праекце “Партнёрства школьных бізнес-кампаній Германіі і Беларусі ў галіне ўстойлівага развіцця”.

— Пра поспехі і перамогі можна расказваць доўга, — дзеліцца Сталіна Санько. — Мы рады, што даём нагоды для гордасці не толькі любімаму гораду, але і роднай краіне. Усяго гэтага немагчыма было б дасягнуць, калі б не дзеці, педагогі і, канечне ж, адміністрацыя. Толькі разам мы зможам атрымаць новыя перамогі!

Аляксандра ГІРЭЛЬ,
студэнтка 3 курса Інстытута журналістыкі БДУ.