Пра тое, ці можа прафесія перадавацца ў спадчыну, расказвае Нэлі Жарская

- 11:10Главная, Образование

Нэлі Аляксандраўна Жарская — педагог у трэцім пакаленні. І яе настаўніцкі лёс, і педагагічная гісторыя яе сям’і на працягу больш чым 100 гадоў звязаны з Занарацкай сярэдняй школай Мядзельскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Мама Нэлі Жарскай Алена Пятроўна выкладала гісторыю і была намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце. Бабуля Фаіна Аляксандраўна Барысевіч вучыла дзяцей хіміі і біялогіі, а дзядуля Пётр Пятровіч Барысевіч, калісьці дырэктар Занарацкай сярэдняй школы, сумяшчаў пасаду кіраўніка з выкладаннем беларускай і рускай моў і літаратур. Яшчэ адна бабуля Марыя Аляксандраўна Кузняцова была дырэктарам Восаўскай сярэдняй школы Мя­дзельскага раёна, дзе вучыла дзяцей матэматыцы. 

“Я нарадзілася ў вялікай педагагічнай сям’і, расла сярод настаўнікаў, таму з дзяцінства знаёма з гэтай прафесіяй, — расказвае пра сябе Нэлі Жарская. — Мне вельмі падабалася чытаць кнігі на беларускай мове, а іх у нас дома было вельмі многа. Іншага шляху, акрамя як прадоўжыць педагагічную дынастыю, для сябе не бачыла. І ніколі не сумнявалася ў правільнасці выбару прафесіі. Перада мной заўсёды быў прыклад цудоўных настаўнікаў і іх адносін да работы: я бачыла, як да сваёй прафесіі ставіліся бабулі і дзядуля, таму пасля заканчэння школы паступіла ў Барысаўскі педагагічны каледж, а пасля — у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка”.

Успамінаючы той дзень, калі маладой настаўніцай прыйшла па размеркаванні ў сваю родную школу, Нэлі Аляксандраўна гаворыць, што ў яе было адчуванне вяртання ў сям’ю.

“Я вярнулася да сваіх настаўнікаў, якія мяне выхоўвалі і перадавалі веды, — зазначае педагог. — У школе было вельмі ўтульна і камфортна. Калі нешта не разумела ці калі мне была неабходна падтрымка, старэйшыя калегі заўсёды дапамагалі. Я старался ўдзяляць шмат увагі метадычнай рабоце. Калі ў гэтым кірунку сутыкалася з цяжкасцямі, на дапамогу прыходзіла мама, завуч Алена Пятроўна, і настаўнікі беларускай мовы і літаратуры. У кожнага маладога спецыяліста, які толькі прыходзіць на работу, могуць здарацца памылкі, пралікі. У такія моманты вельмі важна, каб побач быў вопытны калега, які падкажа і накіруе, бо маладыя могуць памыляцца і маюць на гэта права: яны толькі вучацца, робяць першыя крокі ў прафесіі”.

На пытанне, ці не складана спачатку вучыцца пад наглядам мамы, а пасля працаваць пад яе кіраўніцтвам, Нэлі Аляксандраўна прызнаецца, што гэта вельмі адказна і нават больш хвалююча, чым працаваць пад кантролем каго-небудзь іншага.

“У школе работа пад кіраўніцтвам мамы — гэта неабход­насць выкладвацца на максімум і адпавядаць таму ўзроўню адказнасці і прафесіяналізму, які ў школе ўласцівы кожнаму педагогу і навучэнцу, — выказвае меркаванне Н.Жарская. — Калі мы знахо­дзіліся дома, то ад мамы я заўсёды адчувала падтрымку і дапамогу. Мы збіраліся за сталом і абмяркоўвалі тыя моманты, у якіх мне было цяжка разабрацца. Алена Пятроўна заўсёды ведала, дзе і што сказаць, як супакоіць. Але патуранняў ніколі не было. Сёння я за гэта ёй удзячна, бо набыла добры вопыт. Помню, як толькі пачала весці першыя ўрокі, Алена Пятроўна прыходзіла да мяне на заняткі, каб паглядзець, што атрымліваецца добра, а над чым яшчэ варта папрацаваць. Да таго ж я наведвала ўрокі іншых педагогаў раёна, вучылася ў іх, набіралася вопыту”.

Прафесійнаму станаўленню маладой настаўніцы беларускай мовы паспрыяла і тое, што крыху больш чым праз год работы ў школе ёй дазволілі праводзіць адкрытыя ўрокі. На занятках Нэлі Аляксандраўна трансліравала лепшы вопыт і практыкі, набытыя ў калег.

Акрамя выкладання прадмета, у пачатку прафесійнага шляху настаўніцы даручылі класнае кіраўніцтва. Нэлі Жарская прызнаецца, што на той момант гэта быў самы адказны і складаны абавязак: на класнага кіраўніка ўскладзена не толькі адукацыйная, але і выхаваўчая функцыя. Каб зразумець, як эфектыўна будаваць работу з дзецьмі, малады педагог таксама звярталася па дапамогу да старэйшых калег.

Аналізуючы свой прафесійны шлях, гледзячы на тое, што пройдзена за час работы ў школе, Нэлі Жарская з удзячнасцю ўспамінае кожнага, хто калісьці працягнуў ёй руку дапамогі. Менавіта зла­джаная работа ў камандзе дазваляе маладым спецыялістам адчуваць сябе больш упэўнена, падштурхоўвае ра­біць крокі, якія прыво­дзяць да самаўдасканалення.

Каб і вучні былі зацікаўлены ва ўдасканаленні сваіх ведаў па беларускай мове і літаратуры, Нэлі Аляксандраўна прымяняе на ўроках розныя метады і формы работы, а таксама асабістыя прыёмы.

“У першую чаргу мая задача — выхаваць у дзяцей любоў да малой радзімы, — зазначае педагог. — Улічваючы, што ў беларускай літаратуры шмат мастакоў слова, прызнаных класікаў, стараюся на іх творах прывучаць навучэнцаў да беларускага маўлення. Заўсёды імкнуся да таго, каб яны не проста чыталі тэкст, а ўдумваліся ў сэнс прачытанага. Дарэчы, калі вывучаем той ці іншы твор, часта звяртаемся да гісторыі Беларусі, якая цесна звязана з літаратурай. Мы абмярковаўем час, у які жылі аўтары, а таксама закранаем самыя важныя падзеі, што тады адбываліся. Такі падыход дазваляе актывіза­ваць памяць, навучэнцы пачына­юць аналізаваць, разважаць. Акрамя асноўных гістарычных па­дзей, успамінаем і тых землякоў, гістарычных дзеячаў, якія жылі з літаратарамі ў адзін час. Менавіта так, праз павагу да гісторыі Радзімы, павінна выхоўвацца любоў да роднага слова”.

Самая вялікая ўзнагарода для настаўніцы — калі вучні размаўляюць па-беларуску і разумеюць сэнс сказанага. Безумоўна, навучанне гэтаму пачынаецца на ўроках. Першапачаткова настаўніца імкнецца захапіць прадметам: без цікавасці немагчыма дасяг­нуць трывалых ведаў. Менавіта таму педагог стараецца выбі­раць такія спосабы выкладання, якія спрыяюць актывізацыі пазнавальнай дзейнасці.

Бліцконкурсы, віктарыны, прыём “Медыяазбука” і “Белыя плямы” — гэта толькі частка падыходаў, якія спрыяюць прыцягненню дзяцей да вывучэння дысцыпліны. 

“Прыём “Белыя плямы” заўсёды выклікае цікавасць у вучняў і прымушае сканцэнтравацца, — тлумачыць настаўніца беларускай мовы. — Напрыклад, у заданні даецца частка тэарэтычных звестак, а навучэнец павінен узна­віць тое правіла, якое вывучаецца, і ўста­віць у заданне прапушчаны элемент. Таксама часта прымяняю метад прапушчаных сказаў, лагічны ланцужок. Падабаецца навучэнцам і гульня ў класіфікацыі, якая патрабуе размеркавання часцін мовы па групах. Да таго ж мы вельмі любім складаць акравершы”.

Падчас урокаў Нэлі Жарская ўмела прымяняе кластары і схемы. Педагог упэўнена, што некаторыя тэмы становяцца больш лёгкімі для ўспрымання і запамінання, калі падаюцца менавіта ў такім выглядзе. Калі неабходна, на дапамогу педагогу прыходзяць мультымедыйныя сродкі навучання.

“У нашай школе створаны ўсе ўмовы для эфектыўнага навучання, — адзначае настаўніца. — Разам з вучнямі мы складаем тэматычныя прэзентацыі, заданні. Гэта таксама спрыяе назапашванню тэарэтычных ведаў і ў далейшым дапамагае ў падрыхтоўцы да цэнтралізаванага экзамену і тэсціравання”.

Улічваючы тое, што ў Занарацкай сярэдняй школе выкладанне ўсіх прадметаў вядзецца выключна па-беларуску, дзеці для здачы ЦТ выбіраюць беларускую мову.

“Сёлета ўсе мае вучні бу­дуць здаваць цэнтралізаваны экзамен па беларускай мове, — дадае Нэлі Аляксандраўна. — Яна для іх больш прывычная і лёгкая, чым руская. Сёння мы актыўна рыхтуемся да экзамену, вывучаем матэрыялы ЦТ мінулых гадоў, а таксама шукаем дадатковыя заданні, над якімі актыўна працуем”.

Разважаючы над тым, які ўрок можна назваць паспяховым, Нэлі Жарская гаворыць, што ў многім гэта вызначаюць вучні. Педагогу важна, каб кожнае дзіця пасля 45 мінут вывучэння прадмета выходзіла з кабінета з добрым настроем.

“Калі бачу, што дзеці засвоілі веды, авалодалі неабходнымі навыкамі, то гэта і ёсць поспех у навучанні, — разважае выкладчыца. — Вельмі прыемна, калі вучні прымяняюць набытыя веды і ўдала спалучаюць іх з іншай інфармацыяй. Некаторым цяжка даецца тэма пунктуацыі, іншым — сінтакcіс ці граматыка. Таму, калі заўважаю, што ў дзяцей усё правільна атрымліваецца, ганаруся імі і абавязкова ім пра гэта кажу”.

За 26 гадоў работы ў школе Нэлі Жарская была класным кіраўніком не ў аднаго пакалення вучняў. Калі спачатку педагогу было страшна выконваць гэтую функцыю, то сёння роля класнага кіраўніка настаўніцы падабаецца. Сёння яе клас — гэта адзінаццаці­класнікі.

“Дзеці, якія прыходзяць да нас у 5 класе, адразу становяцца часткай сям’і, — тлумачыць педагог. — Зараз мой клас — а гэта трое вучняў — заўсёды побач, мы знаходзім пара­зуменне ва ўсіх пытаннях. Калі ім неабходна дапамога ці падтрымка словам, яны прыходзяць да мяне, а я рада, што магу быць для іх карыснай. Адчуваю, што і дзеці мяне разумеюць. Мы былі разам усе 7 гадоў. Я ім заўсёды паўтараю, што нават пасля заканчэння школы яны могуць прыйсці па параду ў родную школу. Бо, пакідаючы навучальную ўстанову, яны ўсё роўна застаюцца ў сэрцы настаўніка”.

 Наталля САХНО
Фота аўтара