Пра выхаванне і парламенцкую дзейнасць

- 12:24Навіны рэгіёнаў

Сустрэчы з працоўнымі калектывамі ўстаноў адукацыі праводзіць член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Таццяна Абель.

У пасёлку Бальшавік Гомельскага раёна яна пагутарыла з працоўным калектывам Торфазаводскага ясляў-сада. Сёння ў гэтай установе адукацыі працуюць чатыры групы, дзве з іх — інтэграванага навучання і выхавання. Плануецца адкрыццё дадатковай, пятай групы. Гэта абумоўлена актыўным будаўніцтвам жылля ў раёне пасёлка Бальшавік, дзе павялічваецца колькасць дзяцей дашкольнага ўзросту. Кіраўнік ясляў-сада Вольга Цяцерына расказала, што ў 2019/2020 навучальным годзе ўстанову дашкольнай адукацыі наведвае 107 выхаванцаў:

— Ахоп дзяцей пяцігадовага ўзросту па рэгіёне складае 100%. На працягу некалькіх гадоў аказваюцца адукацыйныя паслугі на платнай аснове — у дзвюх групах “Харэаграфія” і дзвюх групах “Дзіцячы фітнес”.

У дзіцячым садзе ёсць музычная і фізкультурная залы, кабінеты настаўніка-дэфектолага, педагога-псіхолага, пакой па бяспецы жыццядзейнасці дзяцей, студыя выяўленчага мастацтва, беларускі куток. З кожным годам матэрыяльна-тэхнічная база ўмацоўваецца.

У сярэдняй школе № 42 Гомеля, дзе пабывала Таццяна Абель, займаюцца больш за 500 вучняў. У 2019 годзе 57% выпускнікоў школы паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі, 13% — сярэдняй спецыяльнай. Як расказала дырэктар школы Ала Гулевіч, створаны ўсе ўмовы для развіцця, рэалізацыі творчага і прафесійнага патэнцыялу работнікаў школы і навучэнцаў:

— На базе ўстановы адукацыі з 2019/2020 навучальнага года рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі рэгіянальнага адукацыйнага кластара як умова прафесійнага самавызначэння навучэнцаў па запатрабаваных у рэгіёне прафесіях і спецыяльнасцях”. Школа два гады запар уваходзіць у пяцёрку лепшых школ Гомеля па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.

Падчас сустрэч з парламентарыем работнікі адукацыі ўзнялі шэраг пытанняў, якія тычацца ўмоў працы, падрыхтоўкі да новага навучальнага года. Абмяркоўваліся асноўныя тэндэнцыі ў развіцці адукацыі. Таццяна Валер’еўна расказала пра сваю парламенцкую дзейнасць і акцэнтавала ўвагу на асноўных законапраектах, якія разглядаліся на чарговай сесіі парламента. Парламентарый адзначыла, што выхаванне падрастаючага пакалення з’яўляецца адным з прыярытэтаў у Рэспубліцы Беларусь.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.