Калегі жартаўліва называюць Марыну Антонаўну Кобер прадзюсарам за ўменне рэгуляваць і кантраляваць адначасова розныя аспекты любога праекта, за безліч ідэй, якія ўзнікаюць у яе самой, і ўменне падтрымаць цікавыя ідэі падначаленых. А яшчэ яе можна назваць дзелавой жанчынай, кампетэнтным кіраўніком, вопытным педагогам, цікавым суразмоўцам і проста добрым чалавекам — і гэта ўжо без жартаў.
Марына Антонаўна ўзначальвае Салігорскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, яна — нязменны дырэктар гэтай установы на працягу 17 гадоў з дня заснавання. Калі Марыну Антонаўну прызначылі на гэтую пасаду, цэнтр толькі адкрываўся, мала было аналагічных устаноў, не было ў каго вучыцца. Спачатку гэта была ўсяго адна група ў дзіцячым садзе, а ўвесь калектыў складаўся з дырэктара, загадчыка гаспадаркі і прыбіральшчыцы. А сёння Салігорскі раённы ЦКРНіР — гэта цэлы будынак, калектыў з 46 чалавек, 4 класы, 2 дашкольныя групы, група ранняга развіцця, фізкультурная і музычная залы, медыцынскі кабінет. Вакол цэнтра — дагледжаная тэрыторыя, аздобленая шыкоўнай зелянінай. У мінулым годзе цэнтр перамог у конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі Мінскай вобласці”. І тое, якой з’яўляецца ўстанова зараз, — у многім заслуга яе дырэктара.
Змянілася за гэты час і нешта больш значнае — стаўленне да дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Каля двух дзясяткаў гадоў назад бацькі такіх дзяцей звычайна саромеліся і не ведалі, што рабіць, а староннія людзі адчувалі сябе побач з такімі дзецьмі няёмка. У выніку дзеці былі замкнутыя ў чатырох сценах і абмежаваныя мінімальным колам людзей, з якімі мелі зносіны. І што ж мы бачым цяпер? Бацькі выхаванцаў Салігорскага раённага ЦКРНіР з задавальненнем удзельнічаюць у розных мерапрыемствах разам з дзецьмі, яны не супраць, каб малых фатаграфавалі, здымалі на відэа. Дзеці ездзяць у падарожжы, выходзяць на сцэну, малююць, спяваюць. У Салігорску не засталося, бадай, ніводнай установы, разам з якой не праводзіліся б сумесныя мерапрыемствы. Вельмі шмат для гэтага зрабіла і асабіста наша гераіня. Спачатку давялося стукацца ў шмат дзвярэй, тлумачыць, пераконваць, зацікаўліваць, каб установы і арганізацыі пайшлі насустрач. А сёння многія з іх самі выступаюць з ініцыятывай супрацоўніцтва, ідэямі. Зразумела, для гэтага неабходна і грунтоўная работа з дзецьмі, каб і яны былі гатовы кантактаваць з соцыумам. Праведзена і каласальная работа з іх бацькамі. Толькі ў мінулым годзе больш за 60 мерапрыемстваў з удзелам іншых устаноў, валанцёраў, бацькоў былі арганізаваны для выхаванцаў цэнтра. Многія з іх становяцца традыцыйнымі, як, напрыклад, дзень сяброўства. Яго ўжо больш за 10 гадоў запар праводзяць 3 снежня, калі адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. У гэты дзень збіраюцца разам сябры цэнтра, былыя выхаванцы, бацькі, праводзяцца канцэрты, выставы, фестывалі.
Апошнім часам выхаванцы цэнтра самі выязджаюць з выступленнямі. У Салігорскім раённым ЦКРНіР дзейнічае тэатральная студыя, і з пастаноўкамі выхаванцы цэнтра выступаюць перад калектывамі прадпрыемстваў Салігорска. Зразумела, за гэтымі спектаклямі стаіць вялікая праца калектыву. Сцэнарый, касцюмы, дэкарацыі — усё ствараюць разам і сваімі рукамі. У арганізацыі і падрыхтоўцы розных мерапрыемстваў ярка праяўляецца кіраўніцкі талент дырэктара, якая ўмее правільна размеркаваць нагрузку, дасканала ведае, хто з педагогаў на што здольны, каму што варта даручыць, каму з кім найбольш камфортна будзе працаваць. Марына Антонаўна прызнаецца, што яна кіраўнік-дэмакрат і стараецца ствараць у калектыве атмасферу даверу і сяброўства, бо такая атмасфера стымулюе супрацоўнікаў да творчасці і развіцця. Мяркуючы па выніках работы калектыву, становіцца відавочна, што дырэктар у гэтым мае рацыю. Наша гераіня заўсёды заклікае сваіх калег не зніжаць планку, рухацца наперад, шукаць і знаходзіць новыя ідэі. І яны іх знаходзяць і ніколі не баяцца выказваць свае думкі.
За ўсімі кіраўніцкімі справамі Марына Антонаўна не пакідае і непасрэдную работу з дзецьмі і ў гэтым знаходзіць асаблівую асалоду. Яна займаецца з выхаванцамі, якія заікаюцца, і ганарыцца тым, што яны маюць стабільна добрыя вынікі. Многія з іх мелі цяжкія парушэнні маўлення, але з дапамогай Марыны Антонаўны справіліся з імі і потым паступілі і скончылі тэхнікумы і нават інстытуты.
Кожны дзень Марына Антонаўна Кобер прыходзіць на работу з добрым настроем, бо займаецца справай, якую любіць. Яе прынцып работы: кожны дзень павінен быць выніковым, кожны дзень неабходна ставіць перад сабой дакладныя, хай і невялікія, задачы і дасягаць іх, тады і вялікія справы будуць зроблены. Упэўнена, такіх вялікіх спраў наперадзе мноства.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.