Прафесія — педагог

- 13:02Якасць адукацыі

Пытанне павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі па-ранейшаму застаецца актуальным. Моладзь не асабліва хоча звязваць сваё жыццё з педагогікай з-за нізкіх заробкаў, адсутнасці прафесійнага росту, а таксама ўмоў працы: ненарміраванага рабочага дня, вялікай колькасці папяровай работы, шматлікіх неўласцівых прафесіі настаўніка абавязкаў. І хаця значныя крокі па выпраўленні сітуацыі ў лепшы бок у краіне робяцца, маладыя людзі ідуць у педагагічныя УВА па астаткавым прынцыпе. Выправіць гэтую сітуацыю паспрабавалі на Гродзеншчыне: у абласным інстытуце развіцця адукацыі распрацаваны факультатыўны курс для дзесяцікласнікаў “Прафесія — педагог”, які ўжо некалькі месяцаў апрабіруецца ў навучальных установах 19 раёнаў вобласці.

Праграма з’яўляецца прафарыентацыйным курсам, распрацаваным для навучэнцаў 10-х класаў, і пабудавана з улікам узроставых і псіхалагічных асаблівасцей старшакласнікаў. Яна створана аўтарскім калектывам супрацоўнікаў Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі ў складзе прарэктара па вучэбнай рабоце кандыдата гістарычных навук І.І.Дарняк, старшага выкладчыка кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі А.А.Левіта, старшых выкладчыкаў кафедры адукацыйных тэхналогій Л.П.Папянюк і А.У.Слінко.
Як сведчыць статыстыка, у апошні час вырас працэнт абітурыентаў, якія выпадкова трапілі на педагагічныя спецыяльнасці. Таму, на думку аўтараў праграмы, таленавітых маладых людзей, якім падабаецца ўзаемадзейнічаць з дзецьмі, на выбар педагагічнай прафесіі варта арыентаваць загадзя, неабходна стварыць эфектыўныя арганізацыйна-педагагічныя і псіхалагічныя ўмовы для актывізацыі працэсаў іх асобаснага і прафесійнага самавызначэння.
Мэта праграмы факультатыўных заняткаў — фарміраванне асэнсаванага падыходу старшакласнікаў да выбару педагагічнай прафесіі ў адпаведнасці з патрабаваннямі да прафесійна значных якасцей педагога шляхам авалодання асновамі педагагічнай дзейнасці.
Праграма змяшчае 4 модулі (14 тэм), якія вывучаюцца ў адпаведнасці з прыкладным тэматычным планам: “Чалавек і прафесія”, “Адукацыя як сацыякультурны феномен”, “Асновы прафесійнай дзейнасці педагога”, “Асоба і індывідуальныя магчымасці. Псіхалогія асобаснага росту”.
Аўтары спадзяюцца, што змест праграмы дазволіць сфарміраваць у навучэнцаў сістэму ўяўленняў аб асноўных тэндэнцыях развіцця сучаснай адукацыі, аб вядучых педагагічных ідэях і канцэпцыях, што з’яўляецца неабходнай умовай развіцця інтарэсу да педагагічнай прафесіі. У змесце вучэбнай праграмы раскрываюцца асновы прафесійнай дзейнасці педагога, што будзе садзейнічаць больш глыбокаму пранікненню ў сутнасць педагагічнай працы і ўсведамленню старшакласнікамі сваіх асобасных уласцівасцей у адпаведнасці з патрабаваннямі прафесіі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню гуманістычнай накіраванасці асобы навучэнцаў як асновы будучай прафесійнай паспяховасці.
Падчас рэалізацыі праграмы старшакласнікам прадастаўляецца магчымасць удзелу ў педагагічнай і творчай дзейнасці: творчыя майстэрні, лабараторыі, мікравыкладанне, круглыя сталы, дыспуты, дзелавыя гульні, распрацоўка праектаў. Перавага аддаецца практычнай дзейнасці. Так, напрыклад, раздзел “Асновы прафесійнай дзейнасці педагога” прадугледжвае знаёмства старшакласнікаў з педагагічнымі зносінамі як формай узаемадзеяння педагога і навучэнцаў, эмпатыяй у педагагічных зносінах, педагагічнай тэхнікай як элементам прафесійнага майстэрства, канфліктамі і шляхамі іх вырашэння, культурай маўлення і мастацтвам публічнага выступлення, іміджам сучаснага педагога. На развіццё эмпатыі (разуменне эмацыянальнага стану іншага чалавека) накіраваны шэраг практыкаванняў, сярод якіх навучэнцам прапаноўваюцца наступныя: “Калі гледзіце па тэлевізары мастацкія фільмы, перыядычна выключайце гук. Пры гэтым старайцеся не згубіць ніткі падзей. Гэта дапаможа вам развіць здольнасць ідэнтыфікаваць сябе з іншымі людзьмі”; “Будучы ў выставачнай зале паназірайце за людзьмі, якія будуць уважліва разглядаць карціну, якая паказвае радасную падзею і якая адлюстроўвае трагічныя (сумныя) падзеі. Параўнайце паводзіны дзвюх груп людзей, звярнуўшы ўвагу на іх твары, паставу, жэсты, характар перамоў паміж імі і заўважце розніцу”. Аўтарамі падабраны і цікавыя практыкаванні на фарміраванне ўменняў калектыўнай творчай работы. Так, практыкаванне “Друкавальная машынка” прадугледжвае, што за кожным удзельнікам практыкавання замацоўваецца якая-небудзь пэўная літара, лічба ці знак прыпынку, якія адзначаюцца ці пляскам у далоні, ці якім-небудзь умоўным спосабам пры чытанні зададзенага тэксту. Варыянтаў гульні можа быць некалькі. Кожнаму ўдзельніку прапаноўваецца спяваць песню па ўласным выбары, прычым па адным сігнале спяваць уголас, па другім — працягваць спяваць сам сабе. Задача практыкавання — не збіцца са сваёй мелодыі ў той момант, калі іншыя спяваюць свае песні. Альбо адна і тая ж песня спяваецца хорам, а затым па сігнале — сам сабе, па іншым сігнале вылучаюцца асобныя галасы. Не пакіне старшакласнікаў абыякавымі і практыкаванне “Сіямскія блізняты” — два ўдзельнікі становяцца адно да аднаго бокам, схапіўшы за пояс адно аднаго, ногі з боку дакранання звязваюцца. Адзіная ўмова — нельга размаўляць. Удзельнікам прапаноўваецца выканаць якое-небудзь дзеянне. Адзін з блізнят выконвае дзеянне левай рукой, другі — правай. У практыкаванні праяўляюцца схільнасць да лідарства, самастойнасці ці залежнасці, а таксама да ролі вядзёнага ці вядучага.
Выкананне навучэнцамі заданняў дазволіць матываваць іх на пазнанне і развіццё сваіх педагагічных здольнасцей, што з’яўляецца неабходнай умовай развіцця асобаснай адказнасці і актыўнай пазіцыі ў планаванні сваёй прафесійнай будучыні.
Пры арганізацыі заняткаў рэалізоўваецца прынцып прадукцыйнасці навучання: навучэнцы самастойна ствараюць адукацыйную прадукцыю па кожнай тэме заняткаў курса. Так, пры вывучэнні раздзела “Чалавек і прафесія” дзесяцікласнікам прапаноўваецца напісаць сачыненне на тэмы “Прафесія вачыма … (ваеннага, урача, дзіцяці, бізнесмена)”, “Мая педагагічная будучыня”, “За што мяне будуць і не будуць любіць вучні” і інш. На занятках могуць выкарыстоўваюцца інтэрактыўныя метады навучання, метады дыдактычнай эўрыстыкі (адкрытыя эўрыстычныя заданні, эўрыстычныя адукацыйныя сітуацыі), інфармацыйныя тэхналогіі, арганізацыйна-дзейсныя прыёмы і метады і г.д.
Праграма факультатыву прадугледжвае правядзенне прафесійных проб на працягу навучальнага года: арганізацыю гульняў, свят у пачатковай школе, агульнашкольных мерапрыемстваў, работу ў прышкольным лагеры, якія будуць садзейнічаць развіццю пазнавальных інтарэсаў навучэнцаў да педагагічнай прафесіі, фарміраванню ўменняў і навыкаў, неабходных для педагогаў, матываваць старшакласнікаў на пазнанне і развіццё сваіх здольнасцей. Значнае месца ў праграме нададзена асновам прафесійнай дзейнасці педагога, псіхалогіі асобаснага росту.
Пасля завяршэння заняткаў факультатыўнага курса чакаецца, што навучэнцы будуць ведаць патрабаванні, якія прад’яўляюцца да прафесіі і асобы педагога, сучасныя прыярытэты і каштоўнасці адукацыі, педагагічныя тэхнікі; змогуць сканструяваць эфектыўны стыль узаемадзеяння з іншымі людзьмі, папярэджваць і вырашаць канфліктныя сітуацыі, праектаваць праграму самавыхавання будучага педагога, а таксама валодаць навыкамі прамоўніцкага майстэрства, апрабацыі новых форм педагагічнай дзейнасці ў межах мадэлі сеткавага ўзаемадзеяння, эфектыўных зносін у камандзе. І самае галоўнае — тыя навучэнцы, якія прайшлі праз факультатыўны курс, выберуць справай жыцця менавіта педагагічную прафесію.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.