Прафесія — са школы

- 12:15Навіны рэгіёнаў

Педагогі нашай школы ўдзяляюць вялікую ўвагу прафарыентацыі вучняў, якая ўлічвае іх здольнасці і інтарэсы. Работа па прафесійным самавызначэнні пачынаецца ўжо ў пачатковых класах. На класных гадзінах настаўнікі расказваюць пра рынак працы, запатрабаваныя спецыяльнасці і перспектыўныя прафесіі.

Сярод аптымальных спосабаў арганізацыі прафарыентацыі старшакласнікаў — майстар-класы і прафесійныя спробы. Так, прафесійныя выпрабаванні (праверкі) мадэлююць элементы пэўнага віду прафесійнай дзейнасці, дазваляюць, як кажуць, пазнац­ь прафесію знутры. Дзякуючы прафесійным спробам, вучні набываюць вопыт у той дзейнасці, якую плануюць выбраць.

Прафарыентацыйныя мерапрыемствы, якія праходзяць па суботах, выклікаюць вялікую цікавасць у школьнікаў. Сярод апошніх — спробы ў прафесіях стыліста і мейкапера, а таксама майстар-клас па фатаграфаванні. Гэтая дзейнасць вельмі падабаецца будучым выпускніцам Альбіне Лашко, Настассі Гірэй і Дзіяне Гардзей. Дзяўчыны займаюцца любімай справай даўно і штодзень. Да іх звяртаюцца па дапамогу родныя і сябры. Адзінаццацікласніцы ўжо валода­юць неабходнымі ведамі і ўменнямі, бо напрацавалі значны вопыт прафесійных выпрабаванняў. Так, Насця вучылася рабіць прычоскі ў танцавальным гуртку “Элемент”, калі рыхтавала сябровак да выступленняў. Пляценне — адзін з любімых кірункаў яе работы.

Дзіяна захапляецца фотасправай з 13 гадоў. Займаецца аматарскімі індывідуальнымі і сямейнымі здымкамі. Пра тонкасці ідэальнага фота ведае з уласнага вопыту. На яе рахунку — шмат цікавых фотаздымкаў, зробленых прафесіянальна і з любоўю. Бацькі падтрымліва­юць захапленне дачкі і ўсяляк ёй дапамагаюць. Дзіяна самастойна авалодала праграмамі для апрацоўкі фота.

Альбіна — майстар па мейкапу (мейкапер — гэта спецыяліст у галіне макіяжу і стварэння вобраза з дапамогай сродкаў мастацтва макіяжу). Захапляецца ім з 7 класа. Тэхніцы нанясення мейкаў вучыцца па блогах папулярных візажыстаў. На практыцы звяртаецца не толькі да набытых ведаў, але і да ўласных ідэй, дзякуючы чаму вобраз мадэлі атрымліваецца аўтарскім, індывідуальным і непаўторным. Пастаянныя памочнікі Альбіны — кансілер, праймер, хайлайтар і шымер. У дзяўчыны шмат касметычных сродкаў і прылад, выбарам і купляннем якіх займаецца сама.

Сёння прафесіі стыліста, мейкапера і фатографа запатрабаваны. Дзяўчыны на правільным шляху. Пажадаем ім удачы.

Наталля ЛІТВІНОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.