Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі з’яўляецца адной з найбольш шматлікіх членскіх арганізацый Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі — самай масавай грамадскай арганізацыі, якой належыла і належыць вялікая роля ў сацыяльна-эканамічным і культурным развіцці беларускага грамадства. Гэта на VII з’ездзе ФПБ адзначыў Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, назваўшы прафсаюзы адной з наймагутнейшых апор нашай дзяржавы.
Старонкі гісторыі
Гісторыя прафесійных аб’яднанняў у настаўніцкім асяроддзі пачынаецца з ХІХ стагоддзя. Але ключавым у летазлічэнні галіновага прафсаюза стаў з’езд Саюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры, які адбыўся ў студзені 1921 года.
95 гадоў — вялікі адрэзак часу, амаль стагоддзе, за якое ў жыцці краіны і ў жыцці прафсаюза змянілася вельмі многае. Прафсаюз пераймяноўваўся, разбуйняўся, аб’ядноўваўся, нязменным заставалася толькі адно — галоўная задача арганізацыі: абарона правоў і інтарэсаў членаў прафсаюза.
Калі сцісла, то гісторыю галіновага прафсаюза можна апісаць так: 1934 год — адбылося разбуйненне прафсаюза работнікаў асветы і сацыялістычнай культуры, утворана 8 самастойных прафсаюзаў. 1948 год — прафсаюз работнікаў пачатковых і сярэдніх школ аб’яднаўся з прафсаюзам дашкольных устаноў. 1956 год — прафсаюз перайменаваны ў прафсаюз работнікаў асветы. 1957 год — аб’яднанне прафсаюзаў асветы, работнікаў вышэйшай школы і навуковых устаноў усіх рэспублік СССР. У сувязі з гэтым прафсаюз перайменаваны ў Прафсаюз работнікаў асветы, вышэйшай школы і навуковых устаноў Беларускай ССР. А 29 верасня 1990 года адбыўся І з’езд прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі.
Былі перыяды барацьбы, супрацьстаяння, перыяды стварэння і важных дасягненняў. Прафсаюз выконваў цяжкія задачы гаспадарчага і культурнага будаўніцтва, паэтапнага ажыццяўлення ўсенавуча і ліквідацыі масавай непісьменнасці. Поспехі ў гэтай дзейнасці былі заслужана адзначаны ў 1931 годзе першай беларускай узнагародай — ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга Беларускай ССР.
Работа на вынік
У пераходным для гісторыі краіны перыядзе — пачатку 90-х, быў створаны Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, які ўзначаліла Тамара Іосіфаўна Чобатава. 29 верасня 1990 года на І з’ездзе ўтворанага прафсаюза прыняты часовы Статут і Праграма дзейнасці, абвешчаны самастойнасць і незалежнасць прафсаюза ад органаў улады, палітычных партый і рухаў.
Работа з сацыяльным партнёрам на вынік дасягаецца дзякуючы ўзаемаразуменню і нормам, замацаваным у галіновым пагадненні. Так, пры падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць сацыяльна-эканамічныя і працоўныя правы работнікаў, пытанні сацыяльнай абароны навучэнцаў, галіновага пагаднення Цэнтральны камітэт удзельнічае ў распрацоўцы праектаў названых актаў. Лакальныя нарматыўныя правававыя акты па пытаннях аплаты, нармавання і аховы працы, працоўных праваадносін і іншых пытаннях, якія тычацца працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў работнікаў, прымаюцца наймальнікамі па ўзгадненні з адпаведнымі камітэтамі прафсаюза. Пры змяненні істотных умоў працы наймальнік абавязаны папярэдзіць работніка аб гэтым пісьмова не пазней, чым за адзін месяц, і г.д.
Дзякуючы сумесным намаганням ФПБ, Міністэрства адукацыі і галіновага прафсаюза, з ліпеня 2011 года работнікам устаноў дашкольнай адукацыі вернута ранейшая працягласць адпачынкаў.
У рамках сацыяльнага партнёрства
У раздзеле “Ахова працы” Працоўнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, законах “Аб прафесійных саюзах”, “Аб ахове працы”, Указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб страхавой дзейнасці” замацаваны функцыі прафсаюзаў па ажыццяўленні дзейснага кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы, абароне правоў работнікаў на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы, гарантаванне бяспекі адукацыйнага працэсу.
Сёння на ўзроўні Цэнтральнага і абласных (Мінскага гарадскога) камітэтаў грамадскі кантроль ажыццяўляюць на штатнай аснове 8 тэхнічных інспектараў працы, раённых і гарадскіх прафсаюзных арганізацый — старшыні рай(гар)камаў, а першасных прафсаюзных арганізацый — больш як 18 тысяч грамадскіх інспектараў па ахове працы.
Ключавую ролю ў арганізацыі грамадскага кантролю адыгрываюць грамадскія інспектары па ахове працы. У асноўным сваю работу яны ажыццяўляюць у рамках сацыяльнага партнёрства з адпаведнымі структурнымі падраздзяленнямі Міністэрства адукацыі, органамі кіравання адукацыі.
Пад пастаянным кантролем тэхнічных інспектараў працы знаходзіцца стан матэрыяльна-тэхнічнай базы дзіцячых аздараўленчых лагераў, гарантаванне бяспечнага адпачынку дзяцей. У перыяд летніх канікул вялікая ўвага ўдзяляецца арганізацыі работ у студэнцкіх будаўнічых атрадах. Праверкі праводзяцца сумесна з Міністэрствам адукацыі, Дэпартаментам дзяржаўнай інспекцыі Рэспублікі Беларусь.
У 2005 годзе тэхнічныя інспектары атрымалі права ажыццяўляць грамадскі кантроль у арганізацыях, у тым ліку недзяржаўнай формы ўласнасці, незалежна ад наяўнасці сярод работнікаў членаў прафсаюза.
Галіновы прафсаюз удзяляе ўвагу рэалізацыі раздзела “Ахова працы” пагадненняў і калектыўных дагавораў, які тычыцца кампенсацый і льгот работнікам па ўмовах працы: даплаты, дадатковыя адпачынкі, забеспячэнне работнікаў сродкамі індывідуальнай абароны, малаком у прафілактычных мэтах і г.д.
У выніку сумеснай мэтанакіраванай дзейнасці ў апошнія гады склалася практыка пэўнага паляпшэння паказчыкаў аховы працы, што дазволіла зменшыць вытворчы траўматызм з 203 няшчасных выпадкаў у 2000 годзе да 31 выпадку ў 2015 годзе.
У 2011 годзе ў адпаведнасці з Генеральным пагадненнем была ўнесена ў галіновае, мясцовыя пагадненні і калектыўныя дагаворы ўстаноў адукацыі норма аб аказанні аднаразовай матэрыяльнай дапамогі, акрамя ўстаноўленага заканадаўствам, сям’і работніка, які загінуў на вытворчасці, са сродкаў наймальніка ў памеры не менш за 10 гадавых заробкаў загінуўшага, а таксама работніку ў сувязі са стратай прафесійнай працаздольнасці з-за траўмы на вытворчасці ў памеры аднаго сярэднямесячнага заробку за кожны працэнт страты працаздольнасці. Па факце трох няшчасных выпадкаў, якія адбыліся з работнікамі ўстаноў адукацыі, гэтая норма ўжо была рэалізавана.
Здароўю — асаблівая ўвага
Умацаванне здароўя членаў прафсаюза, далучэнне да масавай фізічнай культуры ажыццяўляюцца праз правядзенне рэспубліканскіх галіновых спартакіяд і турыстычных злётаў, фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемстваў, а таксама забеспячэнне ўдзелу зборных каманд работнікаў арганізацый сістэмы Міністэрства адукацыі ў рэспубліканскіх міжгаліновых фізкультурна-аздараўленчых і спартыўных мерапрыемствах.
Традыцыйна раз у два гады сумесна з Міністэрствам адукацыі і Міністэрствам спорту і турызму праводзяцца рэспубліканскія спартакіяды і рэспубліканскія турыстычныя злёты работнікаў сістэмы адукацыі. У праграму галіновай спартакіяды 2016 года былі ўключаны спаборніцтвы па 11 відах спорту, у якіх прынялі ўдзел больш за 380 спартсменаў з ліку работнікаў сістэмы адукацыі. Медалямі і дыпломамі Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь узнагароджаны больш за 120 удзельнікаў.
У спартакіядах на ўзроўні раёнаў удзельнічае звыш 30 тысяч работнікаў галіны. У рэгіёнах, арганізацыях праводзяцца спаборніцтвы па асобных відах спорту, турыстычныя злёты, дні здароўя.
Галіновае пагадненне рэкамендуе ўключаць у калектыўныя дагаворы (пагадненні) нормы па адлічэнні з пазабюджэтных сродкаў наймальнікамі ў памеры не менш за 0,15% ад фонду заработнай платы прафсаюзным арганізацыям для правядзення спартыўных мерапрыемстваў, прапаганды здаровага ладу жыцця, іншых сацыяльна значных мэт.
Пагадненнямі, калектыўнымі дагаворамі ўстаноў адукацыі прадугледжана прадастаўленне работнікам у бясплатнае карыстанне памяшканняў для заняткаў аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах, спартыўных секцый і гурткоў, стварэнне груп здароўя, частковая кампенсацыя вартасці абанементаў пры наведванні басейна. У палажэннях аб матэрыяльным стымуляванні працы работнікаў устаноў прадугледжваюцца паказчыкі прэміравання за вядзенне здаровага ладу жыцця, удзел у спартыўна-масавых мерапрыемствах, рабоце па арганізацыі адпачынку і аздараўлення членаў прафсаюза.
Па выніках рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшую пастаноўку спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы сярод членскіх арганізацый ФПБ за 2015 год галіновы прафсаюз заняў чацвёртае месца сярод членскіх арганізацый ФПБ колькасцю больш за 100 тысяч чалавек.
З 16 па 18 верасня 2016 года ў ТАК “Высокі бераг” на IV Рэспубліканскім турыстычным злёце прафсаюзаў зборная каманда Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі стала трохразовым пераможцам. 22—25 верасня 2016 года ў Магілёве на ХVІ Рэспубліканскай міжгаліновай спартакіядзе прафсаюзаў зборная каманда работнікаў сістэмы адукацыі заняла шостае месца.
Дастойная ацэнка
Не так даўно мы гаварылі пра запазычанасць і своечасовасць выплаты заработнай платы. Ужо на працягу больш як пяці гадоў сітуацыя стабілізавалася дзякуючы сумесным намаганням і пастаяннаму кантролю з боку прафсаюза.
Вялікая работа праведзена па абмеркаванні і ўнясенні прапаноў у праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь “Аб адукацыі”, распрацоўцы ведамасных нарматыўных прававых актаў у рамках яго рэалізацыі.
Прафсаюзам было ўзнята пытанне аб павышэнні сацыяльнага статусу педагогаў і ўдасканаленні аплаты іх працы праз дыферэнцыраванае павелічэнне памераў надбавак за наяўнасць кваліфікацыйнай катэгорыі пры атэстацыі. У 2012 годзе гэтая пазіцыя была падтрымана Міністэрствам адукацыі. Вынікам сумеснай работы стала пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 818 “Аб некаторых пытаннях павышэння аплаты працы асобным катэгорыям работнікаў сістэмы адукацыі”.
У дапамогу кіраўнікам устаноў адукацыі і ў мэтах рацыянальнага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў сумесна з Міністэрствам адукацыі праводзілася работа па распрацоўцы і зацвярджэнні ва ўстаноўленым парадку тыповых штатаў і нарматываў колькасці работнікаў установы адукацыі (падраздзяленняў). У рамках рэалізацыі галіновага пагаднення ўдалося вырашыць пытанні на карысць работнікаў устаноў адукацыі.
У рамках рэалізацыі Галіновага пагаднення па ініцыятыве прафсаюза Міністэрствам адукацыі прынята Інструкцыя аб парадку разліку планавага фонду заработнай платы работнікаў устаноў адукацыі і эканоміі сродкаў, прадугледжаных на аплату працы.
З мэтай сацыяльнай падтрымкі, замацавання ў сістэме адукацыі маладых спецыялістаў, у снежні бягучага года Цэнтральны камітэт прафсаюза падтрымаў і ўзгадніў праект пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні змянення ў пастанову Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 16 студзеня 2009 г. № 86”. Дакументам прадугледжаны штомесячныя даплаты ў памеры тарыфнай стаўкі першага разраду, што дазволіць падтрымаць педагога ў перыяд, калі статус маладога спецыяліста страчаны і спыніліся адпаведныя выплаты, а другая кваліфікацыйная катэгорыя яшчэ не прысвоена.
Упарта і настойліва Цэнтральны камітэт уносіць прапановы па ўдасканаленні аплаты працы работнікаў галіны; павышэнні сацыяльнага статусу педагагічных работнікаў; атэстацыі; новай галіновай сістэме аплаты працы; нарматыве падушавога фінансавання; даплатах да ўзроўню мінімальнай заработнай платы і г.д. Толькі ў бягучым годзе накіраваны шэраг прапаноў у праекты дакументаў, якія паступілі з ФПБ: пра неабходнасць павышэння тарыфнай часткі заработнай платы работнікаў бюджэтнай сферы; у “Закон аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”; у план работы Нацыянальнага Савета па працоўных і сацыяльных пытаннях і інш.
Даступная інфармацыя
Адна з рэалізаваных задач сацыяльнага партнёрства — гэта работа прадстаўнікоў галіновага прафсаюза ў складзе калегій Міністэрства адукацыі, упраўленняў адукацыі, спорту і турызму выканаўчых камітэтаў. Прадстаўнікі прафсаюзных органаў працуюць у складзе атэстацыйных камісій, камісій па камплектаванні арганізацый адукацыі і г.д.
Праведзена сістэмная, комплексная работа па ўкараненні розных форм інфармацыйнага забеспячэння ў адпаведнасці з тэндэнцыямі развіцця сучасных інфармацыйных тэхналогій. У абласных, гарадскіх, раённых арганізацыях прафсаюза і першасных арганізацыях распрацаваны асобныя інтэрнэт-сайты і старонкі на сайтах арганізацый галіны. Абноўлены сайт галіновага прафсаюза http://estu.by.
Сайты студэнцкіх прафсаюзных арганізацый, сайт галіновага прафсаюза ўдзельнічаюць у конкурсе інтэрнэт-прэміі міжнароднай спецыялізаванай выставы “ТІБО”. Афіцыйны сайт першаснай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў БДУ быў удастоены дыплома ІІІ ступені ў намінацыі “Інтэрнэт-рэсурс грамадскай арганізацыі” ў конкурсе “ТІБО-2011”. Першасныя прафсаюзныя арганізацыі ўстаноў вышэйшай адукацыі актыўна пашыраюць прадстаўніцтва ў сацыяльных сетках. Створаны відэаканал галіновага прафсаюза на хостынгу YouTube, а таксама твітар-акаўнт @BelEstu.
З мэтай актывізацыі і ўдасканалення інфармацыйнай работы арганізоўваюцца і праводзяцца штогадовыя агляды-конкурсы прафсаюзных стэндаў, якія сталі ўжо традыцыйнымі, візітных картак, інфармацыйных лістовак, агітацыйных відэаролікаў, інтэрнэт-старонак і сайтаў. Распрацоўваюцца інфармацыйныя веснікі, якія змяшчаюць тлумачэнні, метадычныя рэкамендацыі, узоры афармлення дакументаў, нарматыўныя прававыя акты, інфармацыйна-аналітычныя матэрыялы; тэматычныя зборнікі, брашуры, памяткі, буклеты; выдаюцца зборнікі паэзіі і прозы педагогаў, матэрыялы пра ветэранаў галіны. Цеснае ўзаемадзеянне ажыццяўляецца з рэспубліканскімі і рэгіянальнымі сродкамі масавай інфармацыі.
Сістэмная інфармацыйная работа знайшла адлюстраванне ў выніках Рэспубліканскага конкурсу на лепшае інфармацыйнае забеспячэнне дзейнасці арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі “ПроДВИЖЕНИЕ-2016”, у якім былі вызначаны 11 арганізацый прафсаюза — пераможцаў усіх узроўняў.
Мы разам
Існуе нямала прафесій, дзе пераемнасць пакаленняў адыгрывае станоўчую ролю, дапамагае дабівацца найлепшых вынікаў, і прафесія педагога — адна з такіх. Нашы педагагічныя дынастыі — актыўныя і ганаровыя ўдзельнікі мерапрыемстваў ФПБ, Рэспубліканскай грамадзянска-патрыятычнай акцыі ФПБ “Мы разам!”, якая праходзіць у кожным раёне краіны.
Так, у дынастыі Храпуцкіх — Тамашовых — Атрошчанка — тры пакаленні настаўнікаў-славеснікаў добрушскай сярэдняй школы № 1 — удзельнікі Злёту працоўных дынастый ФПБ 2014 года. Дынастыя сям’і Навумовіч — Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта — удзельнікі ўрачыстага мерапрыемства ФПБ 1 мая 2015 года, дынастыя Мнухіных — Збароўскіх — Волах — Кабпа з Рэчыцы Гомельскай вобласці — удзельнікі тэлеперадачы “Народная раніца” ў 2016 годзе.
Асаблівым клопатам і ўвагай акружана наша моладзь. 26 студзеня бягучага года на ІІІ пленуме Цэнтральнага камітэта прафсаюза створаны Маладзёжны савет Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. На першым выязным пасяджэнні Маладзёжнага савета прафсаюза ў сакавіку 2016 года ў Гомелі абмяркоўваліся пытанні сацыяльна-эканамічнай абароны, сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў, а таксама матывацыі прафсаюзнага членства.
У маі — чэрвені 2016 года ўпершыню быў праведзены Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшую пастаноўку сумеснай работы ўстаноў вышэйшай адукацыі і арганізацыйных структур прафсаюза ў студэнцкіх інтэрнатах.
Арганізацыйныя структуры галіновага прафсаюза прымаюць актыўны ўдзел у акцыі “Прафсаюзы — дзецям”, у летнім аздараўленні дзяцей, аказваецца дапамога дзецям-інвалідам, дзяўчынкам і хлопчыкам з мнагадзетных, малазабяспечаных і няпоўных сем’яў, сіротам і дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Больш за 15 гадоў Цэнтральны камітэт прафсаюза аказвае адрасную дапамогу Дзяржынскаму раённаму дзяржаўнаму сацыяльна-педагагічнаму цэнтру.
У рамках работы па міжнароднай дзейнасці заключаны дагаворы з Незалежным прафсаюзам работнікаў адукацыі Азербайджана, Казахстанскім галіновым прафсаюзам, прафсаюзам адукацыі і навукі Рэспублікі Малдова, адпаведнымі прафесійнымі саюзамі Расійскай Федэрацыі, Украіны, прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі польскіх настаўнікаў, Латвійскім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі, Федэрацыяй прафесійнага саюза асветы і навукі Літвы.
Галіновы прафсаюз уваходзіць у склад Інтэрнацыянала адукацыі, старшыня Цэнтральнага камітэта А.А.Бойка з’яўляецца членам Еўрапейскага камітэта прафсаюзаў адукацыі, членам Савета міжнароднага аб’яднання прафсаюзаў адукацыі і навукі.
З 5 па 8 снежня 2016 года ў Бялградзе (Рэспубліка Сербія) адбылася спецыяльная канферэнцыя еўрапейскага рэгіёна Інтэрнацыянала адукацыі “Пашырэнне правоў прафсаюзаў работнікаў адукацыі — ключ да якаснай адукацыі”.
Выступаючы на канферэнцыі, старшыня ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Аляксандр Бойка падтрымаў рэзалюцыю “Супраць прыватызацыі і камерцыялізацыі сістэмы адукацыі”, прадстаўленую прафсаюзам настаўнікаў Вялікабрытаніі. У сваім выступленні старшыня галіновага прафсаюза адзначыў: “Па-першае, такая адукацыя з’яўляецца не бясплатнай, значыць, не кожнаму даступнай і не ўсеагульнай; па-другое, як паказвае практыка і маніторынгі, якія праводзяцца намі з сацыяльнымі партнёрамі, гэтая адукацыя не заўсёды з’яўляецца якаснай”.
Пастаяннае ўдасканаленне
Сёння Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі налічвае ў сваіх шэрагах 606 371 члена прафсаюза, у тым ліку 396 459 тых, хто працуе, 152 570 студэнтаў і навучэнцаў, 57 342 тых, хто не працуе, знаходзіцца на прафсаюзным уліку, аб’яднаных у 7069 першасных прафсаюзных арганізацый. За апошнія пяць гадоў колькасць членаў прафсаюзных кадраў павялічылася на 6 тысяч чалавек.
Сёння навучанне прафсаюзных кадраў і актыву — адна з прыярытэтных задач галіновага прафсаюза. За 2015/2016 навучальны год у вучэбна-метадычных аддзелах Рэспубліканскага цэнтра Міжнароднага ўніверсітэта “МІТСО” навучана 3395 актывістаў галіновага прафсаюза. Гэта першы паказчык сярод членскіх арганізацый ФПБ.
Нядаўна адна з самых адказных і высакародных прафесій набыла асаблівы статус: упершыню ў гісторыі краіны прысвоена ганаровае званне “Народны настаўнік Беларусі”. Яно прысвоена настаўніку фізікі Магілёўскага абласнога ліцэя № 1 Валерыю Васільевічу Барашкову. Ганаровае званне для народнага настаўніка не першае. У часы БССР яго ўзнагародзілі ордэнам Працоўнай Славы, прэміяй імя Н.К.Крупскай.
У Год культуры
Члены Маладзёжнага Савета Федэрацыі прафсаюзаў з ліку прадстаўнікоў галіновага прафсаюза прымаюць актыўны ўдзел у міжнародным маладзёжным адукацыйным форуме “ТЕМП-2016. Трудом Едина Молодежь Профсоюзов”.
20 мая 2016 года адбыўся фінальны канцэрт Рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу творчасці працоўных калектываў “Новыя імёны — 2016”. У фінал конкурсу ў намінацыі “Сцэнічная творчасць” выйшлі прадстаўнікі галіновага прафсаюза.
У мэтах павышэння матывацыі прафсаюзнага членства сярод моладзі, стымулявання актыўнага ўдзелу іх у прафсаюзным жыцці ў 2016 годзе была ўстаноўлена стыпендыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі для навучэнцаў з ліку прафсаюзных актывістаў. 11 лаўрэатаў стыпендыі ФПБ
з 16 — прадстаўнікі галіновага прафсаюза.
23 лістапада 2016 года ў рамках акцыі “Судэнцтва і прафсаюз — разам”, прысвечанай Міжнароднаму дню студэнтаў, Цэнтральны камітэт уручыў 19 лепшым прафсаюзным актывістам з ліку студэнтаў і навучэнцаў сертыфікаты і грашовыя выплаты за актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці, высокія паказчыкі ў вучэбнай, навуковай, грамадскай, творчай дзейнасці.
Прафсаюзы не могуць стаяць на месцы. Разам з ФПБ галіновы прафсаюз мае намер і далей настойліва дабівацца паляпшэння ўмоў жыцця і працы, росту заработнай платы, захавання працоўных месцаў, прадастаўлення сацыяльных гарантый членам прафсаюза.
Как море, пшеница колышется,
В заре предрассветный туман,
Легко, с наслаждением дышится,
И летний, пьянящий дурман.
Соловьиная трель раздаётся,
Округу любовью наполнив,
И песнею в душу ворвётся,
Обо всём, что со мною, напомнив.
Ручей прозвучит переливом,
Мелодией детства родной,
И в бульканье звонком, игривом
Мне голос послышится твой.
Копытами конь простучит,
Вокруг сенокоса страда,
А где-то кукушка кричит,
Кому-то считая года.
Кузнечиков звонкая трель
Насытила воздух вокруг,
А радуги акварель
Всё небо раскрасила вдруг.
С котомкой и пугой пастух
Спросонья на стадо ворчит,
В деревне проспавший петух
Отчаянным криком кричит.
Аўтар верша — Міхаіл Мар’янавіч Гружэўскі, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь, дырэктар сярэдняй школы № 1 Ашмян, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў, член ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, член Прэзідыума абкама прафсаюза, старшыня савета дырэктараў Гродзенскай вобласці, член Прэзідыума Рэспубліканскай асацыяцыі кіраўнікоў сістэмы адукацыі, удзельнік V Усебеларускага народнага сходу.