На мінулым тыдні ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адбылася прэзентацыя праграмы прафесійных абменаў і павышэння кваліфікацыі Савета Еўропы “Песталоцы”. У нашу краіну з гэтай нагоды прыехаў дырэктар праграмы Ёзаф Хубер.
Адкрываючы мерапрыемства, нацыянальны каардынатар праграмы “Песталоцы” першы прарэктар АПА Людміла Георгіеўна Тарусава заўважыла, што гэтае прэзентацыйнае мерапрыемства праводзіцца для таго, каб як мага больш нашых педагогаў маглі прыняць удзел у праграме “Песталоцы” і выкарыстаць рэсурсы еўрапейскіх праграм для павышэння сваёй кваліфікацыі. Людміла Георгіеўна выказала спадзяванне, што спецыялісты, якія прыйшлі на сустрэчу (а гэта прадстаўнікі рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, РІПА, НІА, устаноў вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі, выкладчыкі і супрацоўнікі АПА) будуць актыўна ўзаемадзейнічаць з АПА ў падборы педагогаў для ўдзелу ў праграме “Песталоцы”, што забяспечыць больш паспяховую яе рэалізацыю ў нашай краіне. Таксама Л.Г.Тарусава падкрэсліла, што Міністэрства адукацыі сумесна з АПА разглядаюць удзел у праграме яшчэ і як дадатковы рэсурс для дэманстрацыі ў Еўропе магчымасцей і дасягненняў нацыянальнай сістэмы адукацыі.
На семінары таксама прысутнічалі прадстаўнікі двух міністэрстваў, якія курыруюць рэалізацыю праграмы “Песталоцы” ў Беларусі, — Андрэй Сцяпанавіч Сухарэнка, першы сакратар аддзела АБСЕ і Савета Еўропы галоўнага ўпраўлення Еўропы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, і Кірыл Генадзьевіч Дзярабін, галоўны інспектар упраўлення замежных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Як заўважыў у сваім уступным слове Ёзаф Хубер, у праграме “Песталоцы” ўдзельнічаюць педагогі з тых краін, з якімі падпісана Еўрапейская культурная канвенцыя. Перамовы аб прыездзе ў Беларусь Ёзафа Хубера і правядзенні прэзентацыйнага мерапрыемства вяліся з работнікамі двух міністэрстваў: замежных спраў і адукацыі. Гэта першы візіт дырэктара праграмы “Песталоцы” ў Мінск. Ёзаф Хубер прадставіў праграму “Песталоцы”, расказаў пра тое, чым канкрэтна займаюцца педагогі ў яе межах, пазнаёміў з інфармацыйнымі рэсурсамі інтэрнэт-праграмы “Песталоцы”, патлумачыў, якім чынам нашы педагогі могуць стаць яе ўдзельнікамі.
Спадар Хубер, па адукацыі педагог, выкладчык замежных моў (англійскай, французскай, нямецкай), працаваў як у сярэдняй школе, так і вышэйшай, з’яўляецца аўтарам шэрагу кніг. Ёзаф Хубер прызнаўся, што верыць у тое, што, адукацыя, безумоўна, не можа змяніць усё, але без яе нічога нельга змяніць. Таму педагогі могуць адчуваць сябе людзьмі, якія маюць дачыненне да ўсіх перамен, што адбываюцца ў грамадстве. Сапраўдны педагог павінен пастаянна задумвацца над такімі пытаннямі: ці правільна я раблю сваю справу, што я магу змяніць да лепшага, навошта мы атрымліваем адукацыю, якую адукацыю варта лічыць якаснай, чаму перш трэба навучыць сваіх вучняў і г.д. Забяспечыць шлях ад адукацыйнай палітыкі да адукацыйнай практыкі — менавіта гэта з’яўляецца найважнейшай роляй педагогаў у сучасным свеце. Дзеля гэтага педагогу самому ў першую чаргу трэба пастаянна вучыцца, займацца самаадукацыяй, і праграма “Песталоцы” якраз на гэта накіравана.
Падчас свайго візіту ў Беларусь Ёзаф Хубер пазнаёміўся з арганізацыяй работы сістэмы павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў у нашай краіне, выказаў зацікаўленасць у далейшым вывучэнні і распаўсюджанні напрацовак беларускіх школ і ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых у межах рэалізацыі праграмы “Песталоцы”, у тым ліку і ў правядзенні ў 2013 годзе міжнароднага навукова-практычнага семінара па праблемах спецыяльнай адукацыі па тэме “Розныя дзеці — роўныя магчымасці”. Дарэчы, мерапрыемства ўжо прапанавана для ўключэння ў план работы нашага галіновага Міністэрства на новы, 2013, год і будзе абмеркавана на штогадовай сустрэчы нацыянальных каардынатараў праграмы “Песталоцы”, якая адбудзецца ў Рызе ў канцы гэтага года.
Праграма “Песталоцы” — структурнае падраздзяленне Дырэктарыята па пытаннях адукацыі і моўнай палітыкі Савета Еўропы, якое арганізоўвае і праводзіць пастаянна дзеючыя семінары па пытаннях адукацыі з улікам новых патрабаванняў да настаўніка з боку грамадства, школ і педагогаў, што садзейнічае стварэнню сеткі высокакваліфікаваных прафесіяналаў у галіне адукацыі ў Еўропе. Асноўнымі мэтамі праграмы “Песталоцы” з’яўляюцца: азнаямленне з міжнароднымі напрацоўкамі ў галіне адукацыі ў інтарэсах устойлівага дэмакратычнага развіцця; пераадоленне разрыву паміж тэорыяй і практыкай адукацыі; абмен вопытам і вучэбнымі матэрыяламі; наладжванне кантактаў і паглыбленне прафесійных ведаў работнікаў адукацыі розных краін. У праграме штогод удзельнічае больш за дзве тысячы педагогаў з 50 краін Еўропы. Яны працуюць усе разам для таго, каб наша будучыня была лепшай за дзень сённяшні. Важна адзначыць, што амаль
10 беларускіх педагогаў ужо атрымалі запрашэнні для ўдзелу ў праграме ў 2012 годзе і зараз рыхтуюцца да таго, каб прадставіць лепшы вопыт сваёй адукацыйнай установы на еўрапейскіх семінарах у Германіі, Францыі, Польшчы, Фінляндыі, Кіпры, і, магчыма, Славеніі і Нарвегіі.
Праграма “Песталоцы” адкрыта для кожнага педагога, які валодае замежнай мовай (англійскай, нямецкай, французскай, у залежнасці ад таго, у якой краіне праводзіцца семінар) і працуе над тымі пытаннямі, якія заяўлены ў тэме семінара, цікавіцца праблемамі адукацыі.
Больш падрабязную інфармацыю пра праграму “Песталоцы” можна знайсці на сайце АПА www.academy.edu.by і ў нацыянальных каардынатараў.
Святлана КІРСАНАВА.
kirsanava@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.