Праграма “Песталоцы” адкрыта для кожнага педагога

На мінулым тыдні ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі адбылася прэзентацыя праграмы прафесійных абменаў  і павышэння кваліфікацыі Савета Еўропы “Песталоцы”. У нашу краіну з гэтай нагоды прыехаў дырэктар праграмы Ёзаф Хубер.

Ёзаф Хубер расказвае пра праграму “Песталоцы”

Ёзаф Хубер расказвае пра праграму “Песталоцы”

Адкрываючы мерапрыемства, нацыя­нальны каардынатар праграмы “Песталоцы” першы прарэктар АПА Людміла Георгіеўна Тарусава заўважыла, што гэтае прэзентацыйнае мерапрыемства праводзіцца для таго, каб як мага больш нашых педагогаў маг­лі прыняць удзел у праграме “Песталоцы” і выкарыстаць рэсурсы еўрапейскіх праграм для павышэння сваёй кваліфікацыі. Людміла Георгіеўна выказала спадзяванне, што спецыя­лісты, якія прыйшлі на сустрэчу (а гэта прадстаўнікі рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, РІПА, НІА, устаноў вышэйшай і агульнай сярэдняй адукацыі, выкладчыкі і супрацоўнікі АПА) будуць актыўна ўзаемадзейнічаць з АПА ў падборы педагогаў для ўдзелу ў праграме “Песталоцы”, што забяспечыць больш паспяховую яе рэалізацыю ў нашай краіне. Таксама Л.Г.Тарусава падкрэсліла, што Міністэрства адукацыі сумесна з АПА разглядаюць удзел у праграме яшчэ і як дадатковы рэсурс для дэманстрацыі ў Еўропе магчымасцей і дасягненняў нацыянальнай сістэмы адукацыі.

На семінары таксама прысутнічалі прадстаўнікі двух міністэрстваў, якія курыруюць рэалізацыю праграмы “Песталоцы” ў Беларусі, — Андрэй Сцяпанавіч Сухарэнка, першы сакратар аддзела АБСЕ і Савета Еўропы галоўнага ўпраўлення Еўропы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, і Кірыл Ге­надзьевіч Дзярабін, галоўны інспектар упраў­лення замежных сувязей Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Праграма “Песталоцы” дзейнічае ў нашай краіне з пачатку 2000-х гадоў. Пачынаючы з вясны гэтага года, работа была актывізавана, і Міністэрства адукацыі вылучыла нацыянальных каардынатараў праграмы. Так, каардынатарам праграмы “Песталоцы” была прызначана першы прарэктар АПА Людміла Георгіеўна Тарусава, а яе намеснікам і адміністратарам — метадыст цэнтра развіцця дадатковай адукацыі дарослых АПА Ірына Вячаславаўна Лапіцкая.
Л.Г.Тарусава, К.Г.Дзярабін і А.С.Сухарэнка

Л.Г.Тарусава, К.Г.Дзярабін і А.С.Сухарэнка

Як заўважыў у сваім уступным слове Ёзаф Хубер, у праграме “Песталоцы” ўдзельнічаюць педагогі з тых краін, з якімі падпісана Еўрапейская культурная канвенцыя. Перамовы аб прыездзе ў Беларусь Ёзафа Хубера і правядзенні прэзентацыйнага мерапрыемст­ва вяліся з работнікамі двух міністэрст­ваў: замежных спраў і адукацыі. Гэта першы візіт дырэктара праграмы “Песталоцы” ў Мінск. Ёзаф Хубер прадставіў праграму “Песталоцы”, расказаў пра тое, чым канкрэтна займаюц­ца педагогі ў яе межах, пазнаёміў з інфармацыйнымі рэсурсамі інтэрнэт-праграмы “Песталоцы”, патлумачыў, якім чынам нашы педагогі могуць стаць яе ўдзельнікамі.

Спадар Хубер, па адукацыі педагог, вык­ладчык замежных моў (англійскай, француз­скай, нямецкай), працаваў як у сярэдняй школе, так і вышэйшай, з’яўляецца аўтарам шэрагу кніг. Ёзаф Хубер прызнаўся, што ве­рыць у тое, што, адукацыя, безумоўна, не можа змяніць усё, але без яе нічога нельга змяніць. Таму педагогі могуць адчуваць сябе людзьмі, якія ­маюць дачыненне да ўсіх перамен, што адбываюцца ў грамадстве. Сапраўдны педагог павінен пастаянна задумвацца над такімі пытаннямі: ці правільна я раблю сваю справу, што я магу змяніць да лепшага, навошта мы атрымліваем адукацыю, якую адукацыю варта лічыць якаснай, чаму перш трэба навучыць сваіх вучняў і г.д. Забяспе­чыць шлях ад адукацыйнай палітыкі да адукацыйнай практыкі — менавіта гэта з’яўляецца найважнейшай роляй педагогаў у сучасным свеце. Дзеля гэтага педагогу самому ў першую чаргу трэба пастаянна вучыцца, займацца самаадукацыяй, і праграма “Песталоцы” якраз на гэта накіравана.

Удзельнікі прэзентацыйнага мерапрыемства

Удзельнікі прэзентацыйнага мерапрыемства

Падчас свайго візіту ў Беларусь Ёзаф Хубер пазнаёміўся з арганізацыяй работы сістэмы павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў у нашай краіне, выказаў зацікаўленасць у далейшым вывучэнні і распаўсюджанні напрацовак беларускіх школ і ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых у межах рэалізацыі праграмы “Песталоцы”, у тым ліку і ў правядзенні ў 2013 го­дзе міжнароднага навукова-практычнага семінара па праблемах спецыяльнай адукацыі па тэме “Розныя дзеці — роўныя магчымасці”. Дарэчы, мерапрыемства ўжо прапанавана для ўключэння ў план работы нашага галіновага Міністэрства на новы, 2013, год і будзе абмеркавана на штогадовай сустрэчы нацыянальных каардынатараў праграмы “Песталоцы”, якая адбудзецца ў Рызе ў канцы гэтага года.

Праграма “Песталоцы” — структурнае падраздзяленне Дырэктарыята па пытаннях адукацыі і моўнай палітыкі Савета Еўропы, якое арганізоўвае і праводзіць пастаянна дзею­чыя семінары па пытаннях адукацыі з улікам новых патрабаванняў да настаўніка з боку грамадства, школ і педа­гогаў, што са­дзейнічае стварэнню сеткі высокакваліфікаваных прафесіяналаў у галіне адукацыі ў Еўропе. Асноўнымі мэтамі праграмы “Песталоцы” з’яўляюцца: азнаямленне з міжнароднымі напрацоўкамі ў галіне адукацыі ў інтарэсах устойлівага дэмакратычнага развіцця; пераадоленне разрыву паміж тэорыяй і практыкай адукацыі; абмен вопытам і вучэбнымі матэрыяламі; наладжванне кантактаў і паглыбленне прафесійных ведаў работнікаў адукацыі розных краін. У праграме штогод удзель­нічае больш за дзве тысячы педагогаў з 50 краін Еўропы. Яны працуюць усе разам для таго, каб наша будучыня была лепшай за дзень сённяшні. Важна адзначыць, што амаль ­
10 беларускіх педагогаў ужо атрымалі запрашэнні для ўдзелу ў праграме ў 2012 годзе і зараз рыхтуюцца да таго, каб прадставіць лепшы вопыт сваёй адукацыйнай уста­новы на еўрапейскіх семінарах у Германіі, Францыі, Польшчы, Фінляндыі, Кіпры, і, магчыма, Славеніі і Нарвегіі.

Праграма “Песталоцы” адкрыта для кожнага педагога, які валодае замежнай мовай (англійскай, нямецкай, француз­скай, у залежнасці ад таго, у якой краіне праводзіцца семінар) і працуе над тымі пытаннямі, якія заяўлены ў тэме семінара, цікавіцца праблемамі адукацыі.

Больш падрабязную інфармацыю пра праграму “Песталоцы” можна знайсці на сайце АПА www.academy.edu.by  і ў нацыянальных каардынатараў.

Святлана КІРСАНАВА.
kirsanava@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *