Прагрэс магчымы толькі пры ўключэнні ў працэс усіх зацікаўленых

- 10:59Інфармацыйная гадзіна

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Марыяна Шчоткіна на палях 18-й штогадовай канферэнцыі Савета па ўстойлівым развіцці Германіі падкрэсліла важнасць уключэння ўсіх зацікаўленых у працэс дасягнення МУР, паведамілі ў прэс-службе верхняй палаты парламента.

Канферэнцыя праходзіла ў Берліне. Цэнтральнай падзеяй стала прэзентацыя агляду стратэгіі ўстойлівага развіцця Германіі і ходу яе выканання. Прайшлі таксама тэматычныя дыскусіі, прысвечаныя наладжванню і рэалізацыі эфектыўнага партнёрства ў сферы дасягнення Мэт устойлівага развіцця з уключэннем навуковых і дзелавых колаў, грамадзянскай супольнасці.

Да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнулася федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель, якая падкрэсліла асаблівую значнасць пытанняў устойлівага развіцця на міжнародным, нацыянальным і мясцовым узроўнях. Падыходы ААН да імплементацыі “Парадку дня 2030” былі прадстаўлены ў відэазвароце першага намесніка Генеральнага сакратара ААН Аміны Махамед.

На палях канферэнцыі адбыліся сустрэчы Марыяны Шчоткінай са старшынёй Савета па ўстойлівым развіцці Германіі Марлен Ціеме і яго генеральным сакратаром Гюнтэрам Бахманам. Бакі пацвердзілі зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемадзеяння і абмене вопытам па тэматыцы ўстойлівага развіцця. У размове з Хелен Кларк, кіраўніком міжнароднай групы экспертаў, якія падрыхтавалі прадстаўлены на канферэнцыі агляд стратэгіі ФРГ па ўстойлівым развіцці, Марыяна Шчоткіна падкрэсліла неабходнасць кансалідацыі міжнародных намаганняў па дасягненні МУР, актыўнага ўключэння ў гэты працэс моладзі з яе патэнцыялам і энергіяй, арыентацыі бізнес-супольнасці на прымяненне перадавых міжнародных стандартаў і практык. “Прагрэс у дасягненні МУР магчымы пры ўключэнні ў гэты працэс усіх зацікаўленых”, — рэзюмавала кіраўнік беларускай дэлегацыі.