Прайшлі праверку пандэміяй

- 12:32Навіны рэгіёнаў

683 маладыя спецыялісты — выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта — урачыста атрымалі дыпломы. З іх 104 — замежныя студэнты з 12 краін свету: Шры-Ланкі, Лівана, Ірака, Емена, Нігерыі, Расіі, Украіны, Азербайджана, Казахстана, Малдовы, Індыі і Туркменістана.

Асаблівасць цяперашняга выпуску — перавага англамоўных студэнтаў. Да 2021 года дамінавалі студэнты з рускай мовай навучання. Працягваць навучанне ў клінічнай ардынатуры ў Беларусі плануюць застацца прыкладна 20%.

Лячэбны факультэт сёлета выпусціў 485 урачоў-інтэрнаў. Больш за палову яго выпускнікоў атрымалі першае месца працы ў Гомельскай вобласці — 54%. 131 урач-інтэрн будзе працаваць у мед­установах, размешчаных на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на ЧАЭС.

Медыка-дыягнастычны факультэт выпусціў 94 маладых спецыялісты. Яны будуць працаваць рэнтгенолагамі, урачамі ўльтрагукавой, лабараторнай, функцыянальнай дыягностыкі.

— Няхай дыплом аб заканчэнні нашай УВА дасць вам крылы для ўзлёту, — звярнуўся да маладых калег рэктар Ігар Стома. — Гэтыя крылы дапамогуць дасягнуць поспеху ў прафесіі, заняць добрую пасаду, годна зарабляць. Але галоўнае — яны дапамогуць ратаваць жыцці. Год, у які вы атрымалі дыплом урача, асаблівы. Ён даў адчуць, наколькі вашы веды патрэбныя. Цяперашнія выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта вядомыя актыўнай дапамогай практычнай ахове здароўя вобласці ў барацьбе з COVID-19. Гэта і дзей­насць студэнцкага добраахвотніцкага атрада “Вы не адны”, і работа ўніверсітэцкага кол-цэнтра, і правядзенне эпідэміялагічных расследаванняў. Многія працавалі на пасадах малодшага і сярэдняга медыцынскага персаналу ў стацыянарах Гомеля.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.