Прайсці свой шлях да поспеху

- 11:45Людзі адукацыі

Часта можна пачуць сцвярджэнне, што настаўнік — гэта Сусвет, вакол якога круціцца мноства маленькіх планет. Гэтыя планеты — вучні, якія маюць патрэбу ў падтрымцы, увазе і, безумоўна, ведах. Стаць такім Сусветам і зрабіць так, каб вакол яго круціліся дзеці, зусім не проста. Але ёсць тыя, у каго гэта атрымліваецца, таму што для іх быць настаўнікам — перш за ўсё прызванне, а потым ужо прафесія.

Нашай школе пашанцавала: Алена Пятроўна Валасач менавіта такі педагог.

Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Алена Пятроўна прый­шла працаваць у сярэднюю школу № 17 Барысава, якую калісьці сама скончыла.

Падчас вучобы ў школе Алена Валасач была ціхай, немнагаслоўнай, адказнай і цікаўнай дзяўчынкай, якая заўсёды добра вучылася і скончыла школу з сярэбраным медалём.

На працягу 23 гадоў Алена Пятроўна выкладае ў нашай установе іспанскую мову. За гэты час настаўніца не толькі атрымала вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, але і падрыхтавала пераможцаў абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па сваім прадмеце, дыпламанта навукова-практычнай канферэнцыі. А тыя дзеці, якія здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне па іспанскай мове, заў­сёды набіраюць высокія балы.

Алена Пятроўна вельмі сціплая, таму хваліць сябе і расказваць пра свае заслугі не вельмі любіць. Тым не менш самым яскравым пацвярджэннем прафесіяналізму настаўніцы з’яўляюцца перамогі яе вучняў падчас шматлікіх алімпіяд і конкурсаў.

Так, Вераніка Зуёнак была ўзнагароджана дыпломам III ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды ў 2017 годзе, дыпломам II ступені заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды ў 2018 го­дзе і дыпломам III ступені па выніках удзе­лу ў мінулым навучальным годзе ў VIII Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару па іспанскай мове.

Яшчэ адзін выпускнік Алены Пятроўны, Віталь Сягоднік, узнагароджаны дыпломам II ступені заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па іспанскай мове ў 2018/2019 навучальным годзе.

Дарэчы, Аленай Пятроўнай мы таксама вельмі ганарымся: з 2017 па 2019 год яна з’яўлялася кандыдатам на прысуджэнне заахвочванняў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Бе­ларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Размаўляючы аб прафесійным шляху, Алена Пятроўна гаворыць, што ў яе, як і ў кожнага настаўніка, які зацікаўлены не толькі ў дасягненнях сваіх вучняў, але і ва ўласным самаразвіцці, не заўсёды ўсё выходзіла з першага разу.

Штодня ад урока да ўрока ёй неабходна пераключацца, падстройвацца пад вучняў, таму што, напрыклад, адзінаццацікласнікі, у адрозненне ад малодшых вучняў, патрабуюць дакладных і лаканічных адказаў на свае пытанні, яны зацікаўлены ў больш глыбокім і дэталёвым вывучэнні прадмета. Алена Пятроўна не можа не адказаць дзецям тым, чаго яны ад яе чакаюць. Настаўніца не хоча іх расчараваць, для яе важна, каб іспанская мова была тым урокам, на які навучэнцы ідуць з ахвотай.

“Праз 45 мінут урока ў 11 класе на заняткі прыходзяць трэцякласнікі, для якіх неабходна стварыць зразумелы дзіцячы свет, поўны захапляльных таямніц і цудаў, — гаворыць Алена Валасач. — Тут неабходна не проста навучыць, а ўмець захапіць, падштурхнуць, накіра­ваць”.

Для Алены Пятроўны гэта не праблема, а магчымасць адточ­ваць сваё педагагічнае майстэрства.

Калегі А.Валасач адзываюцца аб настаўніцы як аб чалавеку, які ніколі не адмовіць у дапамозе. Яна тактоўная, ветлівая, вельмі спагадлівая. Напэўна, менавіта гэтым тлумачыцца, чаму Алена Пятроўна на працягу некалькіх гадоў займаецца дабрачыннай дзейнасцю і ўзначальвае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа ў нашай школе.

Навучэнцы Алены Пятроўны сцвярджаюць, што яна справядлівая, настойлівая, але вельмі сціплая. Можа на працягу некалькіх урокаў вяртацца да адной і той жа тэмы, пакуль тыя, хто яе не зразумеў, поўнасцю не за­свояць матэрыял. А.П.Валасач вельмі ўважлівая, таму ўмее разглядзець талент у кожным з навучэнцаў, падтры­маць яго імкненне развівацца ў выбраным кірунку і дасягаць выніку.

Безумоўна, менавіта дасягненні дзяцей акрыляюць, даю ць сілы і жаданне рухацца далей. Для кагосьці праца настаўніка — гэта руціна. А для Алены Пятроўны гэта лесвіца, па якой яна падымаецца, ідзе наперад і ўпэўнена вядзе за сабой сваіх вучняў, даючы ім магчымасць правільна выбраць свой жыццёвы шлях.

Марына ПУРПЛЕЎСКАЯ,
настаўніца іспанскай мовы, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў іспанскай мовы сярэдняй школы № 17 Барысава.
Фота аўтара.