У конкурсе прыгажосці “Міс Вясна — 2018” узялі ўдзел сем дзяўчат з розных куткоў Іўеўскага раёна. Адукацыю Іўеўшчыны прадстаўляла супрацоўніца Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы педагог-псіхолаг Наталля Васіленка. Дапамагаў ёй рыхтавацца да мерапрыемства наш дружны калектыў.
Дзяўчатам трэба было прадэманстраваць добрыя манеры, кулінарныя здольнасці, праявіць эрудыраванасць і, вядома ж, зачараваць гледачоў і членаў журы шчырай усмешкай.
Конкурс ладзіўся ў некалькі этапаў. Дзякуючы “Візітоўцы” пазнаёміліся з удзельніцамі. У “Творчым конкурсе” дзяўчаты паказалі свае здольнасці і таленты. Самым яркім этапам стала намінацыя “Убранне Вясны”. Нікога не пакінуў абыякавым конкурс “Дэфіле”, дзе ўдзельніцы дэманстравалі вясельныя і вячэрнія сукенкі. Была таксама намінацыя “Веснавы торт”.
Абвяшчэнне вынікаў, безумоўна, стала самым хвалюючым момантам. Кожная канкурсантка была ўдастоена асобнага тытула. Дыпломы, кветкі і памятныя падарункі ўдзельніцы атрымалі ад спонсараў і партнёраў конкурсу. А галоўны тытул — “Міс Вясна — 2018” атрымала менавіта прадстаўніца сферы адукацыі.
Пасля конкурсу Наталля падзялілася ўражаннямі: “Усе ўдзельніцы былі дастойнымі перамогі, і да апошняга моманту я не ўяўляла, што атрымаю тытул “Міс Вясна”. І калі аб’явілі пераможцу, мяне перапаўнялі пачуцці радасці, хвалявання. Мая перамога — гэта агульная перамога нашага дружнага калектыву. На сцэне мне было прыемна адчуваць падтрымку калег. Хочацца сказаць “дзякуй” арганізатарам мерапрыемства, а таксама ўсім, хто падтрымліваў, дапамагаў і верыў ў маю перамогу”.
Жанна МІХАЛЬКЕВІЧ,
старшыня прафсаюзнага камітэта Іўеўскага ясляў-сада — пачатковай школы.