Прамысловасць выйшла з рэцэсіі

- 11:55Інфармацыйная гадзіна

Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Уладзімір Сямашка на пленарным пасяджэнні “Беларусь — месца інтэграцыі Захаду і Усходу. Будучае развіццё прамысловага патэнцыялу рэспублікі” ў рамках Беларускага прамысловага форуму.

“Магу з упэўненасцю канстатаваць, што прамысловасць выйшла з рэцэсіі і набрала ўстойлівыя паказчыкі росту. Тэмп росту прамысловай вытворчасці ў мінулым годзе склаў 106,1%, у бягучым годзе за чатыры месяцы — 108,8%. Спадзяёмся, што гэты год завершым такім жа тэмпам”, — сказаў Уладзімір Сямашка.

Істотны ўклад у развіццё прамысловага комплексу, паводле яго слоў, уносяць мадэрнізаваныя галіны апрацоўчай прамысловасці: аўтамабілебудаванне, металургія, нафтахімія, дрэваапрацоўка, лёгкая прамысловасць. “Паспяхова асвойваецца вытворчасць легкавых аўтамабіляў. Мы ў пачатку шляху, але першыя крокі дазваляюць з аптымізмам ацэньваць патэнцыял легкавога аўтамабіле будавання. Першыя пастаўкі прадэманстравалі вялікую цікавасць з боку краін ЕС. Вялікую будучыню мае і развіццё электратранспарту”, — адзначыў віцэ-прэм’ер.

Уладзімір Сямашка звярнуў увагу на тое, што на ўласнай сыравіннай базе дынамічна развіваюцца прадпрыемствы дрэваапрацоўкі. “Толькі па гэтай галіне можна адзначыць паспяховую стратэгію дзяржавы па абнаўленні вытворчасцей. Сума экспарту ляснога комплексу з 2007 года, гэта значыць з пачатку мадэрнізацыі, вырасла ў 1,9 разу”, — сказаў ён.

“Будучыня прамысловасці, на мой погляд, будзе грунтавацца на ўкараненні прагрэсіўных тэхналогій, асваенні і выпуску новай канкурэнтаздольнай прадукцыі. Для гэтага ўсе ўмовы створаны”, — рэзюмаваў віцэ-прэм’ер.