Праца як альтэрнатыва адпачынку

- 11:36Адукацыйная прастора

У Цэнтры творчасці “Эверэст” Магілёва для навучэнцаў прапаноўваюць разнастайную праграму летняга адпачынку. Тут пастаянна працуюць інтэрактыўныя, гульнявыя, спартыўныя, творчыя пляцоўкі, дзейнічаюць аб’яднанні па інтарэсах, функцыянуюць аздараўленчыя летнікі. У якасці альтэрнатывы дзяцей таксама заклікаюць атрымаць першы працоўны вопыт.

— Распрацоўваючы праграму летняга аздараўлення, мы стараемся ўлічваць пажаданні ўсіх. Многія ўлетку жадаюць не толькі адпачыць, але і папрацаваць. Мы даём дзецям такую магчымасць, — расказала намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Іна Валер’еўна Галоднікава.

Паводле яе слоў, установа ўжо больш за дзесяць гадоў цесна ўзаемадзейнічае з гарадскім упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне. Дзякуючы гэтаму супрацоўніцтву, навучэнцы, якім ужо ёсць 14 гадоў, могуць працаваць у вытворчых брыгадах на базе цэнтра.

Сёлета была арганізавана дзейнасць дзвюх такіх брыгад. У адной з іх дзеці пісалі карціны алеем, стваралі пано і кветкавыя кампазіцыі, выраблялі сувеніры. У другой брыгадзе юныя работнікі шылі пасцельную бялізну, якая пасля была перададзена ў дамы-інтэрнаты і іншыя сацыяльна значныя аб’екты горада.

Усяго афіцыйнае працаўладкаванне ў “Эверэсце” атрымалі 25 хлопчыкаў і дзяўчынак. Школьнікі працавалі чатырнаццаць дзён па чатыры з паловай ці сем гадзін. Пры такім графіку яны змаглі зарабіць па 140 рублёў. Акрамя таго, кожны з навучэнцаў атрымаў працоўную кніжку.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.