Працаваць у цесным узаемадзеянні

- 11:11Інфармацыйная гадзіна

Па выніках перагавораў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Егіпта Абдэль Фатахам ас-Сісі ў Каіры падпісаны пакет дакументаў.

Сярод іх — міжурадавая выканаўчая праграма аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай адукацыі, пагадненне аб супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе ў мытных справах.

Паміж міністэрствамі замежных спраў быў заключаны мемарандум аб узаемадзеянні. Ён прадугледжвае стварэнне сумеснай камісіі высокага ўзроў­ню па пытаннях двухбаковага супрацоўніцтва і палітычнага дыялогу паміж Беларуссю і Егіптам на ўзроўні міністраў замежных спраў.

Яшчэ адзін мемарандум аб узаемадзеянні падпісаны паміж Нацыянальным банкам Беларусі і Цэнтральным банкам Егіпта.

Як растлумачыў міністр замежных спраў Уладзімір Макей, сумесная камісія па двухбаковым супрацоўніцтве і палітычным дыялогу стваралася для паглыблення ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі. “Гэта не азначае, што камісія будзе падмяняць сабой тыя інстытуты, якія ўжо створаны: і рабочыя групы, і камісію па гандлёва-эканамічным узаемадзеянні. Яна будзе аналізаваць сітуацыю ў комплексе і рабіць усё для таго, каб дамоўленасці ажыццяўляліся”, — падкрэсліў міністр.

Паводле яго слоў, сумесная камісія высокага ўзроўню павінна будзе “прымусіць усе міністэрствы і ведамствы абедзвюх краін працаваць у цесным узаемадзеянні, каб не ўзнікалі нейкія бюракратычныя перашкоды і цяжкасці”.

У час візіту Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Егіпет была падпісана выканаўчая праграма паміж урадамі Беларусі і Егіпта аб супрацоўніцтве ў сферы вышэйшай і пасляўніверсітэцкай адукацыі.

Подпісы пад дакументам паставілі міністр адукацыі Беларусі Ігар Карпенка і міністр вышэйшай адукацыі і навуковых даследаванняў Егіпта Халід Абдэль Гафар.

Сярод іншых праектаў дзвюх краін у сферы адукацыі — стварэнне сумеснага інжынернага факультэта сіламі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта і Табінскага металургічнага інстытута. У кастрычніку 2019 года ўжо былі набраны першыя студэнты. Цяпер яны вывучаюць рускую мову, а восенню будуць залічаны на першы курс у БНТУ. “Рэалізацыя сумесных праектаў Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта з Табінскім металургічным інстытутам і Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта з Палатай мэблевай і дрэваапрацоўчай прамысловасці Егіпта атрымае падтрымку з боку егіпецкага ўрада, што, у сваю чаргу, дапаможа вывесці іх на якасна новы ўзровень”, — адзначылі ў прэс-службе Міністэрства адукацыі.

У 2019 годзе выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта правялі ў Егіпце першыя вучэбныя курсы па дызайне і вытворчасці мэблі. Гэтую практыку плануюць прадоўжыць і ў бягучым годзе. Акрамя таго, у Егіпце маюць намер стварыць рэгіянальны цэнтр штучнага інтэлекту. Удзел у рэалізацыі праекта прымуць беларускія ВНУ, якія спецыялізуюцца ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій ва ўзаемадзеянні з Нацыянальнай акадэміяй навучання і рэабілітацыі моладзі Егіпта.

У час афіцыйных перагавораў адзначана цікавасць у развіцці кантактаў паміж дзецьмі і моладдзю дзвюх краін, правядзенні сумесных форумаў, фестываляў, конкурсаў і іншых мерапрыемстваў.