Працягнула бацькоўскую справу

- 10:00Навіны рэгіёнаў

Бачыць у кожным вучні асобу, прывіваць дзецям веру ў сябе, дапамагаць ім знайсці сваё месца ў жыцці — у гэтым галоўная задача педагогаў і школы. Такога меркавання прытрымліваецца дырэктар Завалочыцкага вучэбна-педагагічнага комплексу Глускага раёна Наталля Міхайлаўна Шылава.

Н.М.Шылава (у цэнтры з кветкамі) разам са сваім калектывам.

З прафесіяй настаўніка Наталля Міхайлаўна была знаёма з дзяцінства. Бацькі-педагогі часта гаварылі дома пра школьныя справы, нешта абмяркоўвалі, раіліся.

— З ранняга дзяцінства памятаю, як па вечарах бацькі абмяркоўвалі падзеі кожнага вучэбнага дня. Мой бацька быў дырэктарам Завалочыцкай школы, мама працавала ў школьнай бібліятэцы. Я памятаю, як мне хацелася быць падобнай на тату. Ён заўсёды быў для мяне прыкладам, узорам выдатнага педагога, — расказала Н.М.Шылава.

Школу Наталля Міхайлаўна скончыла з атэстатам з адзнакай. І, падумаўшы, вырашыла выбраць для сябе папулярную ў той час прафесію. У тагачасным Магілёўскім тэхналагічным інстытуце атрымала дыплом тэхнолага. Аднак хутка зразумела, што гэта не зусім тое, чым ёй хацелася б займацца.

— Яшчэ падчас выніковай практыкі неяк заўважыла, што не ляжыць у мяне душа да вытворчасці. Спрабавала перасіліць сябе, але не вый­шла. Так у 1985 годзе вярнулася на малую радзіму і прыйшла на работу ў родную школу. Па першым часе працавала піянерважатай, паралельна атрым­лівала педагагічную адукацыю ў РІПА. Важна, што, як толькі вярнулася ў школу, адразу прыйшло разуменне: тут я на сваім месцы, а педагогіка — сапраўды маё прызначэнне, — адзначыла Н.М.Шылава.

З таго моманту прайшло ўжо 35 гадоў, і Наталля Міхайлаўна ні разу не ўсумнілася ў правільнасці свайго выбару. У школе, якую доўгі час узначальваў яе бацька, яна прайшла прафесійны шлях ад піянерважатай да кіраўніка. Дырэктарам Завалочыцкага ВПК Н.М.Шылава працуе на працягу ўжо двух дзясяткаў гадоў.

— Калі стала кіраўніком — было нялёгка, дзесьці не хапала вопыту, ведаў. Але я верыла, што ў мяне ўсё атрымаецца, таму нястомна павышала сваё прафесійнае майстэрства. Неаднаразовыя курсы павышэння кваліфікацыі ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, кансультацыі з кіраўнікамі са стажам, слушныя парады баць­кі ў многім мне дапамаглі і вызначылі асноўныя кірункі ў рабоце. Я пераканана, што галоўная якасць, якой павінен валодаць настаўнік, — любоў да дзяцей. Не менш важна бачыць у дзіцяці асобу, дапамагчы кожнаму вучню знайсці сваё месца ў жыцці. А яшчэ трэба імкнуцца выхоў­ваць падрастаючае пакаленне патрыётамі сваёй радзімы, — падкрэсліла Наталля Міхайлаўна.

На гэтыя прынцыпы Н.М.Шылава арыентуе і ўзначалены педагагічны калектыў. А яшчэ яна ўпэўнена: паспяховае функцыянаванне ўстановы адукацыі залежыць ад педагогаў. Таму з першых дзён на пасадзе дырэктара імкнулася аб’яднаць усіх настаўнікаў у каманду аднадумцаў. Сёння такая каманда ў Завалочыцкім ВПК ёсць: згуртаваная, адданая сваёй прафесіі, творчая. Таму ёсць і значныя поспехі.

У вучэбна-педагагічным комплексе ганарацца сваімі выпускнікамі, якія паступаюць у самыя прэстыжныя УВА краіны, дэманструючы тым самым высокі ўзровень атрыманых ведаў. Тут ганарацца дасягненнямі сённяшніх навучэнцаў. За мінулы год на рэспубліканскіх, абласных, раённых конкурсах, алімпіядах, спаборніцтвах імі было заваявана звыш 30 пераможных і прызавых дыпломаў. У гэтым навучальным годзе вучні таксама праяўляюць сябе. Адны з найбольш значных дасягненняў — прызавы дыплом у Рэспубліканскім конкурсе па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў JuniorSkills Belarus, 3-е месца сярод творчых калектываў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі краіны ў рэспубліканскім фестывалі-конкурсе “Вянок славы”. Як вынік — Завалочыцкі ВПК не раз станавіўся прызёрам у рэйтынгу школ раёна па выхаваўчай рабоце, быў і пераможцам штогадовага спаборніцтва эфектыўнасці функцыянавання ўстаноў адукацыі Глускага раёна.

— Усе нашы дасягненні — гэта вынік плённай каманднай працы. Мы стараемся будаваць вучэбны працэс так, каб ён адпавядаў рэаліям часу. Для гэтага пастаянна займаемся інавацыйнай дзейнасцю, укараненнем перадавых адукацыйных методык і тэхналогій, — паведаміла Н.М.Шылава.

Дзякуючы намаганням кіраўніка і ўсяго калектыву, сёння Завалочыцкі ВПК — гэта сучасная навучальная ўстанова з годным узроўнем адукацыі. Але тут не прывыклі стаяць на месцы. Дырэктар установы мае намер працягваць дынамічнае развіццё вучэбна-педагагічнага комплексу. Інакш яна не можа.

— Я шчаслівы чалавек, бо мая праца — гэта маё жыццё. Ганаруся сваёй школай, сваім калектывам, нашымі вялікімі і маленькімі поспехамі. Для мяне вельмі каштоўна тое, што я працягваю справу бацькі, а маю эстафету ў сістэме адукацыі працягвае мая дачка. Побач па жыцці і ў працы мы разам з сястрой, якая працуе педагогам-арганізатарам у нашай навучальнай установе. Мая пляменніца таксама педагог. І гэта далёка не ўсе звёны ў ланцужку. У нашай сям’і прафесія настаўніка як быццам перадаецца ў спадчыну. Склалася ўжо цэлая дынастыя і, я спадзяюся, яна будзе працягвацца, — запэўніла Наталля Міхайлаўна.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ўстановай адукацыі.