Праводзім восень весела і спартыўна

Цёплая пара года падышла да канца, і восень неахвотна аддае апошняе летняе цяпло. Гэтым і скарысталіся мы з навучэнцамі, арганізаваўшы ў школе ў суботу 8 кастрычніка мерапрыемства «Спартыўнае арыентаванне». 

У гульні ўдзельнічалі тры каманды па 6 чалавек. Перш за ўсё кожная з іх паказала, наколькі добра ўдзельнікі ведаюць тапаграфічныя знакі на этапе «Чытанне тапаграфічнай карты». На наступным этапе — «Блуканне па азімутах» — каманды павінны былі прайсці маршрут з дапамогай компаса — для кожнай каманды асобны. Самай відовішчнай часткай гульні стала пераадоленне турыстычнай паласы перашкод! Тут эмоцыі праяўляліся найбольш ярка: праслізнуць праз «павуцінне», пераадолець «грэблю», пераправіцца праз умоўны роў з дапамогай «ківача», прайсці «балота» па «купінах» і г.д. Школьны сад ператварыўся ў палігон спартыўнага спаборніцтва!

Кожная каманда максімальна праявіла сябе ў кожным з трох этапаў. Каманда пад капітанствам Аляксея Патапенкі апынулася лепшай у арыентаванні па компасе. Каманда Хрысціны Чвыровой, якая складалася толькі з дзяўчынак, стала самай абаяльнай, але выніковую перамогу па выніках усіх трох этапаў атрымала каманда Уладзіслава Барысава. Напрыканцы мерапрыемства задаволеныя і шчаслівыя ўдзельнікі гульні падзякавалі адзін аднаму за ўдзел і сумленнае суперніцтва і вырашылі, што першае вясновае цяпло сустрэнуць таксама весела, як праводзілі мінулае лета.

Ганна ЕЎДАКІМЕНКА,
настаўніца геаграфіі Мотневіцкага ясляў-сада — базавай школы.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *