У адрозненне ад дзяцей, якія не маюць праблем у развіцці, дзеці з парушэннямі слыху маюць патрэбу ў спецыяльна арганізаваным навучанні гульнявой дзейнасці, таму што гэтыя дзеці ў спантанным развіцці не дасягаюць узроўню гульні дзяцей, якія нармальна развіваюцца. Фарміраванне ў дзяцей сюжэтна-ролевай, творчай гульні застаецца адной з важных задач у карэкцыйнай рабоце.
У раннім і дашкольным узросце ў дзяцей фарміруецца здольнасць перайсці ад маніпулятыўных і працэсуальных гульнявых дзеянняў да гульняў сюжэтнага плана, фарміруюцца ўсе перадумовы для пераходу да сюжэтна-ролевай гульні. Роля таго, хто навучае, — не толькі дапамагчы дзіцяці з парушэннем слыху абагульніць і перанесці веды, жыццёвы вопыт у гульнявую дзейнасць, але і праз гульню ўдасканальваць і пашыраць арыенціроўку дзяцей у навакольным свеце, сацыяльных адносінах, у разуменні тых ці іншых прычынных залежнасцей, заканамернасцей і г.д. У гульні дзіця развіваецца як асоба, у яго фарміруюцца тыя бакі псіхікі, ад якіх пазней будуць залежаць паспяховасць яго вучэбнай і працоўнай дзейнасці, а самае галоўнае, паспяховасць яго сацыялізацыі.
Разгледзім асноўныя этапы навучання дзяцей з парушэннем слыху сюжэтна-ролевай гульні.
На пачатковым этапе вялікую ўвагу неабходна ўдзяліць зместу гульняў бытавога характару. Навучанне дзяцей накіравана на ўменне звязна перадаваць у гульні некалькі паслядоўных эпізодаў, браць на сябе ролю блізкіх людзей. Напрыклад, “Мама і дачка (сын)”, “Тата і дачка (сын)”, “Бабуля і ўнучка (унук)”, “Дзядуля і ўнучка (унук)”, “Нянька і дзіця”, “Гатаванне абеду” (узаемаадносіны ў структуры дзвюх роляў); “Мама і дзеці”, “Тата і дзеці”, “Выхавальнік і дзеці”, “Мама-кошка і кацяняты” (узаемаадносіны ў структуры індывідуальнай ролі і абагульненай). Далей ідзе пераход да шматролевай гульні — “Сям’я”, “Дзеці прыйшлі ў госці”, “Прыбіранне кватэры”, “Наш агарод”, “У госці да бабулі” і г.д.
Змест гульняў на вытворчую тэматыку накіраваны на ўдакладненне ўяўленняў дзяцей аб прафесіях і на фарміраванне ў іх здольнасцей да перадачы ў гульнях ліній сюжэта, заснаваных на матэрыяле экскурсій, прагледжаных дыяфільмаў і г.д. Дзеці вучацца перадаваць гульнявыя дзеянні па наладжванні правільных узаемадзеянняў паміж асобамі. Напрыклад, “Урач”, “Доктар Айбаліт”, “Кабінет урача”, “Паліклініка”, “Бальніца”, “Кухар”, “Магазін кветак”, “Магазін агародніны і садавіны”, “Універсам”, “Цырульня”, “Пошта”, “Бібліятэка” і г.д.
Наступны этап — гульні, якія адлюстроўваюць грамадскія адносіны. Іх неабходна праводзіць з апорай на сацыяльны вопыт дзяцей, з прыцягненнем ілюстрацыйнага матэрыялу, праглядаў кінафільмаў. Гэта могуць быць такія гульні, як “Свята”, “Дзень нараджэння”, “Святочная вуліца” і інш.
У працэсе навучання гэтым відам гульняў (бытавым, вытворчым і г.д.) дзеці вучацца разыгрываць шматролевы сюжэт, узгадняць свае дзеянні з партнёрамі па гульні, дзейнічаць ва ўяўным плане з умоўнымі ўяўнымі прадметамі.
Вольга КЛЫБІК,
настаўнік-дэфектолаг ЦКРНіР Слонімскага раёна.