Праз праектную дзейнасць — да творчасці

- 14:52Адукацыйная прастора

Для паспяховай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадстве навучэнец сучаснай школы павінен валодаць практыка-арыентаванымі ведамі. Педагог пачатковай школы прызваны вучыць дзяцей творчасці, выхоўваць у кожным дзіцяці самастойную асобу, якая ўмее шукаць і знаходзіць эфектыўныя спосабы вырашэння праблемы, крытычна мысліць. У гэтым вельмі дапамагае даследчая творчая дзейнасць. Галоўнае для педагога — захапіць і матываваць дзяцей, а таксама, актуалізаваўшы іх веды і вопыт, усяліць упэўненасць у сваіх сілах і прыцягнуць бацькоў да ўдзелу ў школьных справах дзяцей.

На мой погляд, у даследчую творчую дзейнасць трэба ўключаць навучэнцаў ужо з першага класа. Ва ўсіх адукацыйных галінах пачатковай школы ёсць магчымасці для міні-даследаванняў. Хаця амаль усе работы ў першым і другім класах маюць калектыўны характар, а тэматыка вызначаецца настаўнікам, тым не менш кожны навучэнец уносіць свой уклад у агульную скарбонку, вучыцца працаваць разам, прыслухоўваецца да меркавання сваіх сяброў. У маёй практыцы ў першым класе мы працавалі над доўгатэрміновым даследчым праектам “Каты ў нашым доме”. Наведваючы навучэнцаў дома, я звярнула ўвагу, што ў чатырох сем’ях і ў мяне таксама ёсць каты. Я расказала пра гэта дзецям у класе. Так узнікла ідэя праекта. Канечне, вялікая роля адводзілася настаўніку, таму што першакласнікам яшчэ складана вызначыць канчатковую мэту свайго даследавання і намеціць шляхі яе дасягнення. Але дзеці, у доме якіх жылі гадаванцы, сталі вельмі ўважліва сачыць за імі. Амаль кожны дзень прыносіў новыя адкрыцці. Рэгулярным стала сумеснае чытанне навукова-пазнавальнай літаратуры, прагляд разам з настаўнікам відэасюжэтаў у інтэрнэце, дома — разам з бацькамі. Мы наведалі ветэрынарную клініку, атрымалі рэкамендацыі вопытнага ўрача. У дзённік назіранняў заносілі звесткі пра змяненне вагі, росту, стану шэрсці, паводзін усіх шасці катоў, за якімі назіралі.

Кожны месяц мяняўся рацыён гадаванцаў, запісвалася яго вартасць. А ў канцы праекта мы склалі меню для катоў, у якім разумна спалучаліся кошт і якасць ежы, якая прапаноўвалася. Наведваючы зоамагазіны, дзеці пачалі звяртаць увагу і на цану тавараў для кошак. Узнікла ідэя стварыць сваімі рукамі цацкі і прыстасаванні для тачэння кіпцюроў. Аказалася, што гэта больш выгадна. А якая прастора для творчасці! Дзеці разам з бацькамі стварылі шмат такіх вырабаў, якія потым былі прадстаўлены разам з малюнкамі на выставе, у арганізацыі якой з задавальненнем паўдзельнічалі ўсе навучэнцы класа.

Да нашага праекта падключаліся і іншыя вучні. Вельмі важна, што дзеці звярнулі ўвагу на праблему бяздомных жывёл. Так, для дваіх бадзяжных кацянят знайшлося жыллё. Усе карысныя парады па доглядзе гэтых жывёл мы аб’ядналі ў брашуру “Каты ў вашым доме”. Некалькі экзэмпляраў падарылі школьнай бібліятэцы. З вынікамі нашага даследчага праекта мы знаёмілі і іншых школьнікаў.

У другім класе магчымасці навучэнцаў пашыраюцца. Яны могуць успрымаць вусную інфармацыю, карыстацца навукова-папулярнай літаратурай, праводзіць самыя простыя доследы, даследаванні пад кіраўніцтвам настаўніка. Таму галоўную задачу бачу ў тым, каб дапамагчы дзецям адчуць сваю значнасць і матываваць іх на актыўную дзейнасць. Тэма такой работы павінна быць актуальнай і цікавай для школьнікаў.

Падчас экскурсіі мае другакласнікі звярнулі ўвагу на кропелькі вады на лістках раслін, якія зіхацелі на сонцы. У некаторых можна было ўбачыць маленькую вясёлку. Я расказала, што стварыла гэты цуд сонечнае святло, якое на самай справе белага колеру, і што яно валодае надзвычайнай сілай — часам разбуральнай, а часам стваральнай. Адразу з’явіліся скептыкі, якім спатрэбіліся доказы. Так выйшаў на старт праект “Звычайны цуд. Святло і колер”.

Спачатку навучэнцы актуалізавалі свае веды і вопыт і былі матываваны на актыўную даследчую дзейнасць. Дзеці выказвалі розныя гіпотэзы і нават правакацыйныя ідэі. Потым пры дапамозе настаўніка была прааналізавана даследчая сітуацыя, абгрунтавана праблема, вызначаны аб’ект і прадмет даследавання, тэма. Далей мы паставілі мэту і сфармулявалі задачы, якія далі навучэнцам дакладнае ўяўленне пра тое, што хацелася пазнаць, які будзе аб’ект назірання і якое практычнае прымяненне дае гэтая работа. У якасці метадаў даследавання выбралі апору на вопыт, меркаванне спецыялістаў, вывучэнне літаратуры па тэме, назіранне і эксперымент.

Група навучэнцаў, якая вырашыла працаваць над даследчым праектам, пры дапамозе настаўніка склала план сваёй работы. Далей кожны ўдзельнік праекта выбраў сабе памочнікаў сярод аднакласнікаў і нават з вучняў паралельнага класа. А самымі галоўнымі памочнікамі сталі бацькі.

Доследным шляхам мы з дзецьмі вызначалі ўласцівасці светлавога праменя: цень і паўцень, закон адлюстравання святла, прамалінейнае распаўсюджванне святла. Даказалі, што белы колер складаецца з сямі колераў спектра. Даведаліся, як у штодзённым жыцці чалавек выкарыстоўвае ўласцівасці святла і колеру, як уплываюць сонечныя прамяні на хатнія расліны. Навучыліся рабіць мыльныя бурбалкі і рамачкі для выдзімання, стварылі макеты перыскопа, буклет “Сакрэты мыльнай бурбалкі”, памятку па доглядзе хатніх раслін, лэпбук “Звычайны цуд. Святло і колер”, праверылі выказаныя гіпотэзы.

На заключным этапе даследчай работы ўдзельнікі праекта выступілі на дзіцячай канферэнцыі, а таксама перад навучэнцамі з паралельных класаў. Пра адну з такіх сустрэч быў зняты відэаролік “Сонечны прамень і хатнія расліны”.

На мой погляд, даследчая дзейнасць навучэнцаў мае вялікае значэнне ў развіцці творчай асобы, спрыяе авалоданню шэрагам практычных уменняў і навыкаў, добра ўплывае на фарміраванне правільных звычак: працавітасці, адказнасці, самастойнасці, прадпрымальнасці і ўпартасці. А галоўнае, такая работа падарыла дзецям радасць адкрыццяў, дала магчымаць пераадолець сваю нерашучасць, і ў выніку яны сталі часта выступаць перад гледачамі. У гэтай дзейнасці быў яшчэ адзін вялікі плюс: у нас склаўся сапраўдны творчы саюз настаўніка, навучэнцаў і бацькоў. Калі мы разам, то многія вяршыні пакорацца нам.

Валянціна ЧУНКЕВІЧ,
настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 5 Смаргоні.