Праз усе каналы трэба гаварыць і паказваць, што сям’я — гэта вялізная каштоўнасць

- 11:23Інфармацыйная гадзіна

Асноўныя напрамкі далейшай работы па прапагандзе інстытута сям’і і яго падтрымцы знайшлі адлюстраванне ў мемарандуме, прынятым удзельнікамі VI Форуму “Святасць мацярынства”, які прайшоў у Мінску.

Аб гэтым заявіла міністр працы і сацыяльнай абароны Беларусі Ірына Касцевіч.

Ірына Касцевіч адзначыла, што форум атрымаўся вельмі змястоўным і рознабаковым па сваёй тэматыцы. “Адобраны мемарандум, у якім была яшчэ раз пацверджана каштоў­насць сям’і, шлюбу, мацярынства, бацькоў­ства і дзяцінства. У адпаведнасці з гэтым, вызначаны напрамкі для далейшай работы ў Беларусі і Расіі. Сярод іх і такія актуальныя, як увядзенне ў адукацыйны працэс прадмета аб сям’і для старшакласнікаў. Каб ­нацэльваць моладзь на тое, што сям’я — гэта вялікае шчасце, але і вялікая адказ­насць. У Расіі гэты напрамак ужо актыўна развіваецца, Беларусь таксама падыходзіць да гэтай работы”, — расказала Ірына Касцевіч.

Яна адзначыла важнасць такога напрамку, як разгорнутая сямейна арыентаваная інфармацыйная палітыка. “Максімальна праз усе каналы трэба гаварыць і паказваць, што сям’я — гэта вялізная каштоўнасць. Паказваць шчаслівыя сем’і, якімі можна ганарыцца”, — дадала міністр.

У цэлым у мемарандуме адзначана, што работа па падтрымцы сям’і павінна грунтавацца на 8 зыходных прынцыпах. Сярод іх — фарміраванне ў грамадстве і на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі разумення значнасці сям’і як з пункту гледжання павышэння нараджальнасці, так і сацыяльнага, культурнага і духоўнага развіцця грамадства. Падтрымка праектаў СМІ па стварэнні пазітыўнага вобраза мнагадзетнай сям’і. Развіццё дзяржаўна-грамадскага партнёрства для рэалізацыі праектаў і ініцыя­тыў, правядзення конкурсаў, вучэбных семінараў па тэме, грантавай падтрымкі. Папулярызацыя практыкі сямейнай медыяцыі і інш.

Старшыня папячыцельскага савета Усерасійскай праграмы “Святасць мацярынства” Наталля Якуніна пацвердзіла, што праблемы, якія абмяркоўваюцца на форуме, аднолькавыя для краін-удзельніц. “Таму мы ўжо дамовіліся, што конкурсы, якія праводзяцца ў Расіі, напрыклад, сярод журналістаў, якія асвятляюць сямейную праблематыку, у наступным годзе пашыраць межы да Саюзнай дзяржавы. Тое ж тычыцца конкурсаў сярод псіхолагаў, медработнікаў службаў родадапамогі. Упэўнена, што ёсць прапанова ўжо і па сумесных праектах у сферы валанцёрства”, — сказала Наталля Якуніна.

VI Форум “Святасць мацярынства” сабраў у Мінску больш за 400  удзель­нікаў з 11 краін, у ліку якіх Беларусь, Расія, Сербія, ЗША, Кітай, Іран, Балгарыя, Ізраіль, Польшча, для абмеркавання тэмы “Сям’я ў сучасным свеце: значэнне, тэндэнцыі і перспектывы”. Па выніках работы на пленарных пасяджэннях і ў секцыях, за круглымі сталамі ўдзельнікі прызналі мэтавую мадэль сям’і (у зарэгістраваным шлюбе, поўная, з трыма і больш дзецьмі, цеснай сувяззю пакаленняў, добранадзейная, з атмасферай узаемаразумення і клопату) і неабходнасць таго, што сям’і павінна быць забяспечана ўнутраная аўтаномія ў вырашэнні сваіх пытанняў.

Мерапрыемства арганізавалі Фонд Андрэя Першазваннага (Расія) сумесна з Фондам братоў Карычаў (Сербія) пры падтрымцы Мінгарвыканкама і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі.