Прэс-службы міністэрстваў і ведамстваў паспаборнічаюць на конкурсе

- 12:03Інфармацыйная гадзіна

Конкурс сярод міністэрстваў і ведамстваў па арганізацыі работы прэс-службаў можа быць распрацаваны ў найбліжэйшы час. Упэўненасць у неабходнасці правядзення такога конкурсу выказаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Ігар Бузоўскі ў час вучэбнага семінара-практыкуму для прэс-сакратароў на базе інфармацыйнага агенцтва БелТА.

“Гэта павінен быць не проста конкурс прэс-сакратароў, а міністэрстваў і ведамстваў у арганізацыі работы прэс-службаў. Так, каб міністры і кіраўнікі ўсведамлялі, што гэта яны здаюць фактычна экзамены і спаборнічаюць”, — сказаў Ігар Бузоўскі.
На думку намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, на конкурсе таксама павінна ўлічвацца работа ведамстваў у сацыяльных сетках. “Трэба падумаць, як правесці аналіз гэтай работы, каб кіраўнікі разумелі, што гэта ацэнка будзе ўплываць на агульную ацэнку дзейнасці міністэрства або ведамства”, — адзначыў ён.
Міністэрствы і ведамствы павінны больш актыўна працаваць у сацыяльных сетках, сказаў Ігар Бузоўскі.
Паводле яго слоў, сёння не ўсе міністэрствы разумеюць, што часта старонкі ў сацмедыя больш папулярныя і запатрабаваныя, чым афіцыйныя сайты. “Прэс-сакратары слаба выкарыстоўваюць рэсурсы сацыяльных сетак, і нам неабходна ўдасканальваць гэтую работу на ўзроўні дзяржаўных органаў улады, грамадскіх структур і ўсіх сістэм, прызначаных забяспечыць камунікацыю паміж дзяржавай і грамадствам”, — упэўнены намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
Разам з тым ён адзначыў, што работа ў сацыяльных сетках — гэта чарговы штрых у развіцці дзейнасці прэс-службаў, каб ісці ў нагу з часам.
Ігар Бузоўскі таксама звярнуў увагу, што данесці дакладную інфармацыю чытачам магчыма толькі ў тым выпадку, калі адказнасць ёсць не толькі з боку сродкаў масавай інфармацыі, але і з боку службовых асоб, якія з’яўляюцца праваднікамі гэтай інфармацыі. “Таму сёння асаблівае значэнне набывае работа прэс-сакратароў. Яна заўсёды мае каласальнае значэнне, але ў выбарны перыяд яна важная яшчэ больш”, — дадаў ён.