Прэстыжная спецыяльнасць ці справа жыцця

- 9:31Выбар прафесіі

За кім перамога — высветлім у дзяцей, бацькоў і настаўнікаў

Знайсці звесткі пра новыя спецыяльнасці для сучаснага школьніка не праблема. Куды цяжэй пачуць сябе, ацаніць уласныя жаданні і магчымасці, вызначыцца. “Чаго я хачу ад будучай прафесіі? Ці адобраць мой выбар бацькі і што для іх будзе важна? З якімі цяжкасцямі я сутыкнуся і як могуць дапамагчы з імі справіцца настаўнікі?” — пытанні, якія ўсё часцей хвалююць сённяшніх абітурыентаў. Давайце разбірацца разам.


Хачу дасягнуць сваёй мэты і працаваць там, дзе бачу сябе менавіта я, а не нехта іншы. Лічу, што трэба займацца толькі тым, у чым ты лепшы.

Мацвей Шасцярнёў

Адзінаццацікласнік Мацвей Шас­цярнёў вучыцца ў сталічнай гімназіі № 16. У вольны час юнак займаецца спортам і чытае кнігі Кена Кізі, Рэя Брэдберы, Дэніэла Кіза і Маркуса Зусака. У маленстве ён марыў стаць міліцыянерам, як дзядуля, ці ратавальнікам. Зараз жа планы падкарэкціраваліся. Сваімі моцнымі бакамі школьнік лічыць добрую памяць, схільнасць да вывучэння замежных моў і здольнасць да аналітыкі.

Выбіраючы паміж рознымі спецыяльнасцямі, Мацвей арыентуецца на тыя прадметы, якія лепш за ўсё ведае. Разам з тым юнак прыслухоўваецца да меркаванняў сваіх бацькоў і настаўнікаў. 

— Перш за ўсё пытаюся ў сябе, наколькі добра я ведаю матэрыял, які вывучаю. Колькі і як мне трэба працаваць, што варта падвучыць. Лічу, найлепшая прафесія для мяне — тая, што будзе прыносіць задавальненне. Тут ўсё проста. Я вельмі хачу дасягнуць сваёй мэты і праца­ваць там, дзе бачу сябе менавіта я, а не нехта іншы. Разумею, што ніколі не выберу спецыяльнасць, звязаную з тымі ведамі, якімі я валодаю найгорш. Лічу, што трэба займацца толькі тым, у чым ты лепшы, — дзеліцца сваімі думкамі адзінаццацікласнік.

Большую частку інфармацыі для паступлення Мацвей атрымлівае ў рэпетытараў і настаўнікаў. Пасля адкрывае сайты ўстаноў, якія яго цікавяць, і знаёміцца з імі больш прадметна. Сям’я падказвае і накіроўвае. А ўсе ўніверсітэцкія навіны школьнік даведваецца ад матулі.

Лілія Шасцярнёва.

Для маці хлопца дацэнта БДУ Ліліі Шасцярнёвай важна, каб выбар спецыяльнасці сын зрабіў свядома і адказна. Яна пераканана, што галоўная функцыя бацькоў на дадзеным этапе — выслухаць і падтрымаць.

Як маці Лілія Георгіеўна лічыць няправільнай пазіцыю, калі дарос­лыя раяць спецыяльнасць, якая імпануе ім, а не школьніку (магчыма, у такім выпадку бацькам хочацца, каб дзеці рэалізавалі іх няспраў­джаныя мары).

— Я ўсё жыццё працую ў вышэйшай школе. Пра факультэты, спецыяльнасці (у тым ліку новыя) даведваюся адразу, бо шмат кантактую з калегамі з іншых навучальных устаноў. Сёння праблем з інфармацыяй па пытаннях паступлення не існуе. Думаю, што абітурыентам і іх бацькам у перыяд выбару спецыяльнасці неабходна ўзаемадзеянне з прадстаўнікамі каледжаў ці ўніверсітэтаў, якія яны разглядаюць. Тым старшакласнікам, якія сумняваюцца ў выбары прафесіі, настойліва раю наведваць дні адкрытых дзвярэй (іх ладзяць амаль усе ўстановы) ці прымаць удзел у праекце “Студэнт на тыдзень” (калі гэта БДУ). Такі вопыт вельмі цікавы, бо ў школьнікаў ёсць магчымасць “павучыцца” на выбраным факультэце падчас канікул і ўбачыць асаблівасці будучай спецыяльнасці на ўласныя вочы. Летась да мяне на заняткі прыхо­дзілі адзінаццацікласнікі — ім хапіла гэтага часу, каб канчаткова вызначыцца з будучай прафесіяй, — расказвае Лілія Шасцярнёва. — Я прыму любы выбар Мацвея. Мае бацькі ніколі не прымушалі мяне рабіць тое, чаго я не хачу, таму і сваім дзецям у гэтым пытанні я дам волю.

Мая будучая прафесія абавязкова будзе цікавай, зможа матываваць удасканальвацца як прафесійна, так і асобасна, і здолее забяспечваць мяне.

Лізавета Скальская

Ліза Скальская — дзесяцікласніца гімназіі Заслаўля. На пытанне “Чым любіш займацца ў вольны час?” дзяўчына хутка адказвае: “Вучыцца!” (маўляў, хіба можна рабіць нешта іншае, не шукаючы новых ведаў?). У 5 гадоў яна навучылася чытаць і самастойна “праглынала” казкі, а ў 8 прачытала ўсяго Гары Потэра. За яе плячыма — музычная школа і ўдзел у алімпіядах па беларускай мове. Па словах школьніцы, з прафесіяй яна ўжо вызначылася — засталося толькі выбраць універсітэт. У будучыні дзяўчына хацела б займацца лінгвістыкай. Мовамі яна цікавіцца з 3 класа. Гаворыць, што ў гэтым напрамку хацела б развівацца заўсёды.

Лізавета пераканана, што не зможа вучыцца на спецыяльнасці, звязанай з дакладнымі навукамі. Свае моцныя бакі — здоль­насць “запальвацца і гарэць” любой справай, давядзенне пачатага да канца і лёгкасць у пошуку матывацыі — яна спрабуе спалучыць з варыянтамі, якія адпавядаюць яе меркаванням пра запатрабава­насць прафесіі.

— Мая будучая прафесія абавязкова будзе цікавай, зможа матываваць удасканальвацца як прафесійна, так і асобасна, і здолее забяспечваць мяне, — марыць школьніца.

Спачатку Ліза хацела стаць настаўніцай (прафесія прываблівала яе работай з дзецьмі). І хоць выбар зроблены на карысць іншага, яна і зараз наведвае факультатыў “Уводзіны ў педагогіку”. У гэтым, са слоў маці дзяўчыны Галіны Скальскай, праяўляюцца самастойнасць і ўласнае меркаванне яе дачкі. Дарэчы, у схільнасці да педагогікі Ліза з матуляй падобныя: некалі стаць настаўніцай марыла і Галіна Арсеньеўна.

— Бываюць выпадкі, калі я прашу ў яе дапамогі ў нейкім пытанні, раюся з ёй, а Ліза ў нас ўсё вырашае сама, — характарызуе школьніцу маці.

Галіна Арсеньеўна хоча, каб дачка знайшла правільны шлях у жыцці, таму часта слухае яе разважанні і дапамагае зарыентавацца.

— Як Ліза вырашыць, так і будзе. Мы можам штосьці параіць ёй толькі з пункту гледжання вопыту. Пася­дзець разам, падумаць, прапісаць усе плюсы і мінусы, пабудаваць лагічныя ланцужкі. Калі, напрыклад, дачка скажа, што хоча стаць балерынай, а даных у яе няма — зразумела, пастараешся тактоўна патлумачыць, што гэта не зусім удалая ідэя, — гаворыць Галіна Скальская. — Няпроста назіраць за яе перажываннямі і не паказваць выгляду, што і сам хвалюешся. Але дапамагае тое, што, напэўна, ўласціва кожнай маці — вера ў сваё дзіця. Прыходзіш з усмешкай і паўтараеш, што ўсё атрымаецца.

Дар’я Варановіч з Лельчыцкай раённай гімназіі вучыцца ў 9 класе. Ужо зараз школьніца задаецца пытаннямі наконт паступлення: “Як на­браць патрэбную коль­касць балаў, каб паступіць на бю­джэт? Калі прайду ва ўніверсітэт, ці змагу там вучыцца? Быць правізарам — што гэта значыць? Як вывучыць лацінскую мову?”.

Калі выбраная спецыяльнасць прывядзе на месца працы, куды станеш хадзіць з задавальненнем і будзеш там карысным, жыццё не пройдзе марна.

Дар’я Варановіч

Упершыню пра будучую прафесію Даша задумалася, калі бацькі купілі паднос. Пакруціўшы яго ў руках, дзяўчынка ўяўляла сябе афіцыянткай. А пасля хацела стаць нянькай і настаўніцай.

— З 8 класа ў нас увялі дапрофільную падрыхтоўку, і я адчула, што фізіка не той прадмет, які мне хацелася б здаваць на ЦТ. Прыклад сястры навёў на думку: чаму б не паспрабаваць сябе ў медыцыне. Я пачала размаўляць з тымі, хто вучыўся на медспецыяльнасцях, і зразумела, што гэта тое, што я шукала. Цяпер мой профільны прадмет — хімія, — расказвае дзевяцікласніца.

У прафесіі, лічыць дзяўчына, важна, каб работа, якую давядзецца выконваць у будучыні, падабалася, каб заробку хапала на забеспячэнне сям’і і каб веды, якія будуць атрыманы ва ўніверсітэце, спрыялі асобаснаму і прафесійнаму рос­ту.

— Напэўна, цяжка спы­няць свой выбар на прафесіі, якая табе не падабаецца. Чалавек ад гэтага пакутуе, і яго жыццё праходзіць марна. А калі на працу хадзіць з задавальненнем і быць там карысным — усё інакш, — разважае школьніца.

Галіна Варановіч падтрымлівае жаданне дачкі навед­ваць прафарыентацыйныя мерапрыемствы (нядаўна Даша ездзіла на экскурсію ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт). Самае галоўнае для маці — каб Даша прытрымлівалася свайго меркавання, уласных інтарэсаў. Галіна Пятроўна лічыць, што няправільна рабіць выбар “за кампанію”, бо прафесія павінна падабацца найперш таму, хто збіраецца ісці з ёй па жыцці.

— Крыніцы, з якіх мы даведваемся пра ўніверсітэты, розныя: газеты, часопісы, інтэрнэт. Але лепшы канал — наглядны прыклад. Даша з цікавасцю слухала гісторыі выпускнікоў, якія зараз ужо вучацца і прыходзілі ў гімназію на класныя га­дзіны. Іх прыклад яе запаліў, даў шмат матэрыялу для роздуму, — дзеліцца маці.

На думку Галіны Пятроўны, падлетак павінен адчуваць, што бацькі вераць у яго і цалкам прымаюць і паважаюць яго выбар. Трэба даць дзіцяці ўсвядоміць, што будучая прафесія павінна быць даспадобы, бо гэта той выбар, які пройдзе з ім праз усё жыццё.

— Мне здаецца, нельга дзяліць прафесіі на прэстыжныя і непрэс­тыжныя, запатрабаваныя і тыя, што не карыстаюцца попытам. Галоўнае — магчымасці, якія дазволяць стаць у іх прафесіяналам. Выкарыстоўваючы іх, прыкладваючы шмат намаганняў, ты станеш запатрабаваным у сваёй галіне, — лічыць Галіна Варановіч. — Я ў любым выпадку падтрымаю дачку, нават калі яе рашэнне мне не надта спадабаецца. Няправільна навяз­ваць сваё меркаванне і хацець, каб дзіця ўвасобіла ў жыццё тое, чаго не дасягнуў ты. Самае складанае ў гэты перыяд — пераадолець хваляванне і перажыванні. Усё атрымаецца, калі верыць у дзіця, — пераканана маці.

Што б я ні выбраў, сваёй будучай прафесіяй хачу дапамагаць людзям.

Арцём Дзекавец

Адзінаццацікласнік Арцём Дзекавец, як і яго малодшая сяброўка, плануе ста ць медыкам, і пра гэта ён марыць з 8 класа. Упэўніцца ў сваім выбары падлетку паспрыяла жаданне дапамагаць людзям і імкненне бездакорна выкон­ваць сваю работу. Зараз ён вучыцца ў профільным класе і адганяе ад сябе сумненні накшталт “Ці спраўлюся я?”, “А гэта праўда на ўсё жыццё?”.

Вераніка Дзекавец (выхавальнік Лельчыцкага ясляў-сада № 4) лічыць, што правільнасць выбару яе сына пацвердзіцца, калі стане зразумела: ён займаецца любімай справай.

— Нават калі ёсць спрэчныя моманты, можна заўсёды ўзважыць усе “за” і “супраць”, а пасля разам прыняць рашэнне, аб якім не прыйдзецца шкадаваць. Выбіраючы спецыяльнасць, стараліся рабіць упор на любімыя школьныя прадметы Арцёма, на яго магчымасці. Сыходзячы з гэтага, сын і спыніўся на медыцынскім напрамку, — дзеліцца Вераніка Пятроўна. — Прэстыжнасць прафесіі для нашай сям’і праяўляецца ў яе стабільнасці, магчымасці кар’ернага росту і запатрабаванасці.

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 16 Мінска Таццяна Шкурко расказвае, што вялікіх праблем з прафарыентацыяй у іх установе няма, бо работа з вучнямі ў гэтым кірунку пачынаецца ў 5 класе. У бягучым годзе Таццяна Іванаўна выпускала клас, дзе з 27 чалавек з прафесіяй вызначыліся ўсе.

— З самага пачатку назіраем, якія прадметы падабаюцца дзецям, якія з іх кожнаму вучню даюцца лепш за іншыя. У 8 класе праводзіцца тэсціраванне, якое дапамагае высветліць прафесію, што падыходзіць пад склад розуму, характар і тэмперамент вучня. А з 9 класа настаўнікі разам з дзецьмі ходзяць на дні адкрытых дзвярэй у каледжы і вышэйшыя навучальныя ўстановы. Калі дзеці расказваюць, у які ўніверсітэт хацелі б паступіць, запрашаем адтуль дэканаў, выкладчыкаў і студэнтаў, — расказвае Таццяна Шкурко.

Па словах педагога, як для дзяцей, так і для бацькоў прэстыж прафесіі заключаецца ў матэрыяльнай забяспечанасці пасля заканчэння навучальнай установы і ў тым, каб спецыяліст змог знайсці сабе прымяненне ў будучыні. Сама ж Таццяна Іванаўна лічыць, што выпускнік зможа рэалізаваць сябе ў любой прафесіі, калі першапачаткова лічыць яе “сваёй”.

Настаўніца раіць абітурыентам і іх бацькам жыць у часе: сачыць за новымі спецыяльнасцямі, аналізаваць прахадныя балы мінулых гадоў, улічваць, пры якім раскла­дзе можна сутыкнуцца з “балавымі ямамі” і не трапіць на бю­джэт.

— Ніводзін “прэстыжны, статусны” ці, як многім здаецца, “найлепшы” факультэт не дасць гарантый, што пасля заканчэння вы застаняцеся ў прафесіі ці адразу ж будзеце запатрабаваны на рынку працы. Усё залежыць ад самога чалавека і яго выбару. Калі ў яго ёсць мэта і ён гатовы шмат праца­ваць — усё складзецца так, як яму хацелася б, — пераканана Таццяна Іванаўна.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Лельчыцкай раённай гімназіі Наталля Лісіцкая вылучае асноўныя цяжкасці, з якімі сутыкаюцца выпускнікі і іх сем’і: нявызначанасць, кім бы дзіця хацела стаць, ці наяўнасць некалькіх варыянтаў, абмежаваны свет прафесій (уяўленне складаецца па тых прафесіях і спецыяльнасцях, з якімі звязаны сябры ці знаёмыя), абмежаванасць звестак пра запатрабава­насць прафесіі на рынку працы. Таксама значнае месца сярод цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца абітурыенты, займае “трохвугольнік “тата-мама-дзіця”, бо кожны мае ўласнае меркаванне наконт выбару спецыяльнасці. 

Па словах Наталлі Міхайлаўны, у полі зроку бацькоў знаходзяцца прафесіі, якія даюць магчымасць хутка знайсці працу і добра аплочваюцца, напрамкі, у якіх шмат спецыялістаў высокага класу. Пра перавагі школьнікаў можна меркаваць па іх адказах на прафарыентацыйных мерапрыемствах. Для іх важна, “каб праца і любімая справа супадалі”, “можна было вылучыцца ў калектыве”, “каб у будучыні стаць дырэктарам” і “моцна стаяць на нагах”.

Педагог расказвае, як можна ўдала пабудаваць работу са старшакласнікамі, на вопыце гімназіі і сваіх дзевяцікласнікаў.

— На першым этапе псіхолаг праводзіць прафесійную дыягностыку. Так вырысоўваецца прыярытэтны напрамак: напрыклад, творчасць ці прыродазнаўчыя навукі. Калі праз некалькі гадоў інтарэсы дзяцей супадаюць з кірункам, можна думаць аб прафесіях гэтага тыпу. У большасці маіх вучняў напрамкі супалі ў 7—8 класе, — тлумачыць Наталля Лісіцкая. — Другі этап можа ісці сумесна з першым. У 8 класе штогод запускаем праект “Шлях у прафесію”. Падчас класных гадзін з дзецьмі сустракаецца студэнт, які ўжо паступіў і асвойвае пэўную спецыяльнасць, і адзін з бацькоў абітурыента, які расказвае важныя дробязі са свайго вопыту, важныя і для іншых бацькоў. У 8 класе на нашых мерапрыемствах былі медыкі і “гаваруны” (так педагог называе прадстаўнікоў гуманітарных спецыяльнасцей — І.І.). Пасля сустрэч з імі частка дзяцей выбрала дадатковыя заняткі па хіміі і замежнай мове ў межах дапрофільнай падрыхтоўкі. За 9 клас дзеці пераканаюцца, ці мелі рацыю ў сваім выбары. Калі так — у 10 класе змо­гуць працягнуць навучанне па сваім профілі, калі не — ім прапануюць вучыцца ў мультыпрофільным класе (тут улічваюцца інтарэсы дзяцей, якія цікавяцца некалькімі напрамкамі).

У такім рэжыме ўсё скіравана на вучня, які выбірае прафесію: завуч, які складае расклад, класны кіраўнік, які арганізоўвае пазакласныя мерапрыемствы і сустрэчы, студэнты і бацькі, якія ўздымаюць акуальныя для ўсяго класа праблемы.

Для самой Наталлі Міхайлаўны прэстыж — гэта тое, што дае спецыялісту магчымасць быць упэўненым у сённяшнім і заўтрашнім дні, штодзень прыносіць задавальненне ад зносін з навакольнымі і дае сілы жыць.

— Прэстыжная прафесія дае ад­чуць, што з-пад ног ні пры якіх умовах не сыходзіць зямля. Яна ператвараецца ў цвёрдую платформу, з якой хочацца ляцець на работу, — рэзюмуе Наталля Лісіцкая.

Ірына ІВАШКА.
Фота з архіваў герояў.