Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе разабрацца з фарміраваннем рознічных цэн на садавіннаагароднінную прадукцыю

- 12:05Інфармацыйная гадзіна

Такую задачу Прэзідэнт паставіў сёння ў час наведвання КУП “Мінская агароднінная фабрыка”.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што садавіннаагароднінная прадукцыя, трапляючы на прылаўкі гандлёвых сетак, становіцца ў два разы даражэйшай. “На гэтым ніхто не павінен нажывацца!” — адзначыў прэзідэнт. Ён даручыў разабрацца з гэтым пытаннем і паведаміць яму аб выніках.
“А то прыгожа: памідоры, агуркі і іншае… А цана? Хто ў кішэню кладзе грошы за гэтую прыгажосць?” — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка папярэдзіў урад аб беспярэчным выкананні даручэння па абароне ўнутранага рынку. “Мы аддалі свае рынкі іспанцам, галандцам, якія нас “квасяць” на кожным кроку, а самі прабіваемся ў Афрыку і Кітай. Гэта нармальна? Не. Вырашайце!” — сказаў прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы даў даручэнне ўраду за 5 гадоў вырашыць пытанне забеспячэння насельніцтва цяплічнай прадукцыяй. “Давайце дамовімся так: будзем мы працаваць або не будзем, але за будучую пяцігодку пытанне па цяпліцах трэба зняць! Трэба пабудаваць іх столькі і па самых сучасных тэхналогіях, колькі нам трэба. За пяцігодку гэтае пытанне вырашаем”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — А канкурэнцыя… Калі іспанцы хочуць у нас прадаць свой тавар, хай канкурыруюць і прадаюць”.
Прэзідэнт лічыць, што неабходна ўкладваць сродкі, наколькі гэта магчыма, і ствараць цяпліцы паблізу Мінска. “Трэба забяспечыць Мінск таннай прадукцыяй”, — падкрэсліў ён. Прэзідэнт адзначыў, што вырашчаная ў межах мінскай кальцавой дарогі ў цяпліцах прадукцыя зможа паступаць у гандлёвыя сеткі сталіцы з найменшымі выдаткамі на дастаўку.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, колькі яшчэ неабходна пабудаваць цяпліц, каб выключыць імпарт агародніннай прадукцыі. Як было даложана кіраўніку дзяржавы, у краіне неабходна вырабляць яшчэ 377 тысяч т цяплічнай прадукцыі.
Штогод у сельскагаспадарчых арганізацыях і сялянскіх (фермерскіх) гаспадарках краіны вырабляецца больш за 560 тысяч т агародніны, у тым ліку ў абароненым грунце амаль 115 тысяч т. Цяплічны комплекс Беларусі ў асноўным прадстаўлены 21 буйной цяплічнай гаспадаркай з агульнай плошчай зашклёных зімовых цяпліц амаль у 250 га. За апошніх 10 гадоў уведзена ў эксплуатацыю 110,5 га энергазберагальных цяпліц. У цэлым па краіне вытворчасць цяплічнай агародніны ў 2014 годзе ў параўнанні з 2005 узрасла ў 1,7 разу. Ва ўмовах зімовых цяпліц вырошчваецца 15 найменняў культур, у прыватнасці агуркі, таматы, баклажаны, перац, салата, рукала, базілік, салера, кроп, пятрушка, кінза, шчаўе і іншыя зялёныя культуры.
Паводле інфармацыі Белстата, па стане на 1 ліпеня ў краіне выраблена ў абароненым грунце 61,3 тысячы т агародніны, з якіх 10,5 тысячы т накіравана на экспарт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць правільным прынятае ў свой час рашэнне аб захаванні цяплічнай гаспадаркі ў краіне. “Былі ў нас дзеячы, яны цяпер у апазіцыі, а некаторыя збеглі з краіны, якія мяне пераконвалі: камбайны не трэба — купім у немцаў, плугі — таксама купім, трактароў МТЗ-80, МТЗ-82 хопіць, замест цукровых буракоў трыснёг купім, завязём, не трэба нам буракі. Сапраўды так прапаноўвалі, што і цяпліцы не трэба, запэўнівалі, што мы не зможам канкурыраваць”, — адзначыў прэзідэнт.
“У тыя часы мяне пераконвалі, што мы не зможам канкурыраваць на рынку ні ўнутры, ні ў Расіі ў сувязі з тым, што розніца ў цэнах на газ. Маўляў, трэба цяпліцы ўсе прыбраць, зямлю зраўняць і купляць агароднінную прадукцыю за межамі. Тады я сказаў: “Не, вы адновіце ўсе цяпліцы”. З’явілася задача: мы павінны былі дабавіць 40 га цяплічных гаспадарак, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Ці правільнае было прынята рашэнне захаваць цяплічнаую гаспадарку ў краіне? Правільнае. А мне прапаноўвалі яе знішчыць, таму што, маўляў, мы не зможам, мы бязрукія… Я тады спытаў: у Галандыі газ 500 долараў за 1 тысячу куб. м, але яны канкурыруюць з усім светам. А мы не можам? Аказваецца, і мы можам. Мы ўсё можам!” Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што ўсе цяплічныя гаспадаркі рэнтабельныя і не церпяць страту.
“Мы б хадзілі без штаноў і галодныя былі б, таму што ўсё гэта трэба было б купіць. А дзе валюту браць? І свая зямля для чаго?” — дадаў кіраўнік дзяржавы.
Кіраўнік дзяржавы таксама пабываў на полі азімай пшаніцы КУП “Мінская агароднінная фабрыка”, дзе яму прадэманстравалі новы ўзор камбайна ААТ “Гомсельмаш”. Аляксандр Лукашэнка цікавіўся тэхнічнымі характарыстыкамі машыны, а затым падняўся ў кабіну камбайна і адтуль назіраў, як ажыццяўляецца ўборка азімай пшаніцы. Прэзідэнт ацаніў навінку як добрую і магутную. Зараз камбайн выкарыстоўваецца ў тэставым рэжыме. Кіраўнік дзяржавы даручыў з наступнага года запускаць яго ў работу.
У той жа час Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што пры вытворчасці падобных машын не павінна быць дробязей, кожная дэталь павінна вырабляцца якасна і на высокім узроўні. “Ні ў якім разе нельга дапусціць няякасных тавараў!” — падкрэсліў прэзідэнт. На думку кіраўніка дзяржавы, якасны тавар заўсёды будзе запатрабаваны, нават калі цана на яго будзе некалькі вышэйшай.