Прэзідэнты наведалі Валаам

- 10:35Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін наведалі Спаса-Праабражэнскі Валаамскі мужчынскі манастыр, размешчаны на востраве Валаам (Ладажскае возера) у Карэліі.

Кіраўнікі дзяржаў агледзелі тэрыторыю манастыра і наведалі асноўны храм. Там яны падышлі да мошчаў Сергія і Германа — заснавальнікаў Валаама, мошчаў Анціпа Валаамскага, абраза Валаамскай Божай Маці. Каля абраза прэзідэнты і сын кіраўніка беларускай дзяржавы Мікалай Лукашэнка запалілі свечкі.

Пасля прыбыцця ў манастыр прэзідэнтаў сустракалі свяшчэнна­служыцелі. У размове з імі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Першае, што я сказаў яму (Уладзіміру Пуціну. — Заў­вага БелТА.): рады, што я першы раз прыеду сюды ў акружэнні свайго сябра”.

Затым кіраўнікі дзяржаў агледзелі скіт у імя Усіх Святых, царкву Смаленскага абраза Божай Маці на тэрыторыі Смаленскага скіта, наведалі капліцу, асвячоную ў гонар сям’і цара Мікалая II. Лідары краін таксама наведалі востраў Светлы, а затым пабывалі на тэрыторыі Свята-Уладзімірскага скіта, дзе размешчана Уладзімірская царква, азнаёміліся з экспазіцыяй манастырскага музея.

Як паведамлялася, тыдзень назад на сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам Прэзідэнт Беларусі развеяў некаторыя домыслы наконт будучай паездкі лідараў краін на Валаам. “Ды не збіраемся мы на Валааме нешта тайна вырашаць. Гэта Прэзідэнта Расіі прапанова. Гэта наша праваслаўная святыня. Я там проста павінен пабываць. Я яму ўдзячны, што ён мне яе асабіста пакажа і раскажа, як яна аднаўляецца, што зроблена там. Нічога тайнага”, — падкрэсліў тады беларускі лідар.