Прыемна дарыць радасць

- 12:45Нашы дзеці

З 12 снежня па 6 студзеня ў сярэдняй школе № 4 Навагрудка прайшла акцыя “Цуды на Каляды”.

Галоўная мэта — не пакінуць без увагі дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна-педагагічным прытулку, інвалідаў, дзяцей з малазабяспечаных і шматдзетных сем’яў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, падарыць ім святочны настрой. У рамках акцыі прайшлі шматлікія мерапрыемствы як у сценах школы, так і за яе межамі.

Піянеры дружыны імя Марата Казея правялі акцыю “Навагодні падарунак”, сабралі канцылярскія тавары, цацкі, кніжкі і ўсё неабходнае для штодзённага карыстання. Усе падарункі былі святочна аформлены і ўпрыгожаны сімвалічнай чырвонай рукавічкай.

Дзед Мароз і Снягурка даставілі падарункі ў сацыяльна-педагагічны прытулак, арганізавалі з дзецьмі святочны карагод з гульнямі, конкурсамі і салодкімі пачастункамі. Сустрэча прайшла ярка, весела і цікава. Хлопчыкі і дзяўчынкі з задавальненнем дэкламавалі падрыхтаваныя вершы. Можна сказаць, што навагодняя сустрэча закранула кожнага. А Снягурцы і Дзеду Марозу ўдалося яшчэ раз запаліць агеньчык дабрыні ў вачах дзяцей, усяліць часцінку свайго цяпла ў іх маленькія сэрцы. Дабавілі каларыту і навагоднія падарункі, якія ў гэты дзень атрымалі ўсе, хто быў на сустрэчы.

Таксама члены піянерскай дружыны імя Марата Казея павіншавалі з Новым годам і Калядамі ветэранаў вайны сувенірамі і паштоўкамі. І дзеці, і дарослыя яшчэ раз упэўніліся ў тым, што дарыць радасць — сапраўдны цуд.

Людміла БУЗУК,
педагог-арганізатар сярэдняй школы № 4 Навагрудка Гродзенскай вобласці.