“Прыходжу на работу — усе вакол маладыя, вітаюцца. Ну дзе яшчэ такое знойдзеш?”

- 13:19Вышэйшая школа

Люблю рабіць інтэрв’ю з нагоды свят, бо можна адысці ад рабочай тэматыкі і пагаварыць пра жыццё.

З прафесарам кафедры “Лазерная тэхніка і тэхналогія” прыборабудаўнічага факультэта БНТУ доктарам тэхнічных навук Нінай Канстанцінаўнай Арцюхінай мы сустрэліся ў яе кабінеце. І калі б гэта быў іншы дзень, маю ўвагу прыцягнулі б шматлікія прыборы, чарцяжы, стэнды ўздоўж сцен. Але сёння я бачу прыгожыя карціны на сценах — пейзажы, нацюрморты… Вучоныя жывуць не толькі навукай, іх натхняе сям’я, мастацтва, уласная творчасць.

Калі б гэта быў іншы дзень, вядома, я распытала б прафесара пра яе навуковую дзейнасць. Ніна Канстанцінаўна Арцюхіна — вядомы спецыяліст у галіне праектавання і мадэлявання люстэркавых сістэм для касмічнай, цеплавізійнай і рэгіструючай апаратуры. У яе актыве — 2 мана­графіі, 25 вучэбных дапаможнікаў, 55 артыкулаў у рэцэнзуемых часопісах, 30 аўтарскіх пасведчанняў і патэнтаў. Атрыманыя вынікі прымяняюцца на прадпрыемствах краіны, якія працуюць у галіне касмічнай оптыкі, аптычнага і оптыка-электроннага прыборабудавання. Але сёння мы гаворым пра тое, ці лёгка жанчыне прабіваць дарогу ў традыцыйна мужчынскай сферы (не так шмат у нашай краіне жанчын — дактароў тэхнічных навук, ды і ў свеце іх намнога менш, чым мужчын).

Аднойчы ва ўніверсітэт прыйшоў фато­граф рабіць студэнтам выпускны альбом. Раскладвае свае аб’ектывы на стале. Хтосьці задаў пытанне наконт оптыкі. Фатограф адмахнуўся: “Вы ў гэтым усё роўна нічога не разумееце”. Студэнты спецыяльнасці “Оптыка-электронныя і лазерныя прыборы і сістэмы” вельмі доўга смяяліся.

— Оптыка традыцыйна была пераважна жаночай сферай, толькі ў апошні час тут сталі дамініраваць мужчыны, — пярэчыць мне Ніна Кан­станцінаўна. — Ніякіх перашкод у рабоце ніколі не адчувала. Наадварот, мне падабаецца працаваць з мужчынамі (з жанчынамі часам бывае складаней). Можа, таму што ў мяне самой склад розуму мужчынскі — я прагматычная, імклівая, заўсёды занятая. Аднак заўсёды адчувала толькі добрае, прыязнае стаўленне, думаю, як і іншыя жанчыны-навукоўцы.

У свой час Ніна Канстанцінаўна скончыла Ленінградскі інстытут дакладнай механікі і оптыкі (сёння — Універсітэт ІТМО). Атрымаўшы дыплом з адзнакай і кваліфікацыю “інжынер оптык”, у далёкім 1972 годзе яна прыехала па размеркаванні ў Мінск. Працавала на Мінскім механічным заводзе імя С.І.Вавілава, у Цэнтральным канструктарскім бюро “Пеленг”. А ў 1980 годзе прыйшла на толькі што створаную кафедру “Лазерная тэхніка і тэхналогія” Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (тады кафедра “Прыкладная оптыка” БПІ) і ўжо амаль 40 гадоў займаецца выкладчыцкай дзейнасцю.

Ніна Канстанцінаўна праводзіць вялікую работу з таленавітай моладдзю. Яе студэнты і магістранты былі неаднаразовымі прызёрамі конкурсаў навуковых работ, лаўрэатамі прэміі спецфонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў (пераможцы алімпіяды “Оптатэхніка”, Расійская Федэрацыя, 2009—2016 гг.).

— Студэнты — гэта мае дзеці, і я стараюся даць ім як мага больш для развіцця, — гаворыць Ніна Канстанцінаўна. — У мяне ёсць добрыя навуковыя сувязі, таму вывожу студэнтаў на навуковыя канферэнцыі, алімпіяды. Гэта важна. Калі пачынаем размаўляць, аказваецца, што многія з іх увогуле нікуды не выязджалі за межы Беларусі. І менавіта дзякуючы сваёй навуковай актыўнасці яны пабывалі ў Санкт-Пецярбургу і Кіеве, пазнаёміліся з моладдзю іншых краін. Тройчы мы займалі прызавыя месцы на міжнароднай алімпіядзе ва Універсітэце ІТМО, прывозілі кубкі, дыпломы. Гэта матывуе студэнтаў да вучобы і даследаванняў.

За час работы Ніна Канстанцінаўна падрыхтавала 9 магістраў тэхнічных навук, зараз ажыццяўляе навуковае кіраўніцтва двума аспірантамі і трыма магістрантамі.

Праца Ніны Канстанцінаўны Арцюхінай была неаднаразова адзначана кіраўніцтвам БНТУ і Міністэрствам адукацыі. Яна лаўрэат прэмій Прэзідэнта Беларусі ў галіне адукацыі (2008, 2009, 2013 гг.). А нядаўна прафесар атрымала грант Прэзідэнта Беларусі на распрацоўку і ўкараненне ў адукацыйны працэс вучэбна-метадычнага комплексу (у тым ліку ў электронным выгля­дзе). Гэты комплекс па дысцыпліне “Тэорыя і разлік аптычных сістэм” для студэнтаў спецыяльнасці “Оптыка-электронныя і лазерныя прыборы і сістэмы” ўключае ў сябе вучэбны дапаможнік, вучэбную праграму, метадычныя ўказанні да выканання лабараторных работ, рабочы сшытак для практычных заняткаў, мультымедыйны курс лекцый.

Хто ў тэме, ведае, якіх намаганняў патрабуе стварэнне вучэбна-метадычнага комплексу, асабліва ў складанай тэхнічнай дысцыпліне. Мабыць, у іншы дзень я папрасіла б Ніну Канстанцінаўну расказаць, як складаныя тэмы зрабіць даступнымі для студэнтаў. Але сёння такі дзень — перадсвяточны, і мы гутарым пра жыццё.

— Ці не шкадуеце вы, Ніна Канстанцінаўна, што ў свой час перайшлі на выкладчыцкую дзейнасць? Сёння прыборабудаўнічыя прадпрыемствы даволі навукаёмістыя, шмат прадукцыі пастаўляецца на экспарт, работа там прыносіць спецыялістам як маральнае, так і матэрыяльнае задавальненне…

— У супрацоўнікаў “Пеленга” сваё жыццё, вельмі мабільнае, вытворчае. А я прывыкла ўжо быць педагогам, столькі гадоў працую на адной і той жа кафедры. Мне здаецца, трэба любіць тую справу, якой займаешся, і тады яна прыносіць задавальненне. Вось я прыхо­джу на работу — усе вакол маладыя, вітаюцца. Ну дзе яшчэ такое знойдзеш? — гаворыць мая суразмоўніца.

Я бачу добрыя вочы і ласкавую ўсмешку Ніны Канстанцінаўны, і мне здаецца, што яна зусім не строгая. Цікава, як яна спраўляецца са студэнтамі, у большасці — хлопцамі?

Чым старэйшы выкладчык, тым ён больш лаяльны. Памятаю, нам выкладаў вядомы вучоны-оптык, лаўрэат Ленінскай прэміі, загадчык кафедры Ленінградскага інстытута дакладнай механікі і оптыкі М.М.Русінаў. Ён заўсёды ставіў студэнтам добрыя адзнакі. Гаварыў: “Я паклаў на гэта ўсё жыццё, хіба вы можаце за такі кароткі час усё выву­чыць?!”

— Калі праса­чыць маю эвалюцыю як выкладчыка, то я заўсёды была вельмі строгай, — гаворыць Ніна Канстанцінаўна. — Ставіла шмат “троек”, “пяцёрку” ўвогуле было складана атрымаць. Сама добра вучылася і была даволі ўніклівай. З узростам мы становімся больш лаяльнымі да людзей. Сёння студэнты вельмі дысцыплінаваныя, стараюцца ў вучобе. Іншым разам ім цяжка, не ўсё ў іх
атрымліваецца. Бывае, назіраеш, як некаторыя выкладчыкі спрабуюць адстаяць свой аўтарытэт жорсткасцю, непамернымі па­трабаваннямі. Мне гэта не падабаецца. Мой вопыт, інтуіцыя падказва­юць, што такі падыход нядзейсны. Лічу, што жорсткасцю добрых вынікаў не дасягнуць. Трэба свой аўтарытэт выкладчыка заваёўваць, і мне гэта ўдаецца.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.