Прыйсці на дапамогу

- 15:54Інфармацыйная гадзіна

Падтрымка дзяцей, пажылых людзей і інвалідаў, пераадоленне наступстваў надзвычайных сітуацый, рэалізацыя экалагічных праектаў, аднаўленне гістарычных помнікаў, дапамога ў правядзенні буйных спартыўных мерапрыемстваў — гэтым і многім іншым займаюцца валанцёры, якія працуюць ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны.

“Без далучэння добраахвотнікаў немагчыма аказаць эфектыўную дапамогу людзям, якія маюць у гэтым патрэбу, — зазначыла намеснік генеральнага сакратара Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Іна Іванаўна Лемяшэўская падчас прэс-канферэнцыі, прысвечанай Сусветнаму дню валанцёраў. — Да валанцёрскага руху ўсё больш актыўна далучаецца не толькі моладзь, але таксама людзі сярэдняга і пажылога ўзросту, якія маюць прафесійныя навыкі і вопыт”.
Цяпер, як паведаміла сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Вікторыя Вільеўна Мяннанава, ідзе работа над стварэннем адзінай канцэпцыі валанцёрскага добраахвотнага руху. Пры гэтым сёлета пры ЦК БРСМ для аб’яднання ўсіх валанцёраў Беларусі, распаўсюджвання сярод юнакоў і дзяўчат спецыяльных ведаў аб асаблівасцях дзейнасці ў той або іншай сферы з’явіўся адзіны добраахвотніцкі рэсурсны цэнтр. Зноў жа цікавы праект — увядзенне асабістых кніжак валанцёра, у якіх змяшчаецца інфармацыя аб дзейнасці і поспехах юнакоў і дзяўчат. Чакаецца, што з наступнага навучальнага года ўладальнікі такіх кніжак з вялікім вопытам добраахвотніцкай работы змогуць атрымаць перавагі пры паступленні ва ўстановы вышэйшай адукацыі на спецыяльнасці сацыяльных напрамкаў.
“Мы вучым будучых настаўнікаў і выхавальнікаў, і валанцёрства вельмі важнае для іх прафесійнага і асобаснага развіцця, — адзначыла першы прарэктар БДПУ імя Максіма Танка Святлана Іванаўна Копцева. — Ва ўніверсітэце працуюць 12 валанцёрскіх клубаў і аб’яднанняў, налічваецца 1,5 тысячы валанцёраў, якія традыцыйна працуюць з дзецьмі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі і асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, выхаванцамі дзіцячых дамоў, арганізоўваюць адпачынак школьнікаў падчас канікул. Акрамя таго, студэнты ўніверсітэта асвойваюць новыя напрамкі, і адзін з такіх напрамкаў — стварэнне Цэнтра псіхалагічнай дапамогі дзецям і бацькам у замяшчальных сем’ях”.

Сяргей ГРЫБ.