Прыклад дарослых вучыць бяспецы

- 11:00Навіны рэгіёнаў

Санаторны яслі-сад Брагіна актыўна супрацоўнічае з прадстаўнікамі РАУС і ДАІ, якія дапамагаюць папярэдзіць непрыемныя сітуацыі, удзельнічаюць у тэматычных мерапрыемствах, праводзяць тлумачальныя гутаркі з бацькамі і педагогамі.

У межах рэспубліканскай акцыі “У цэнтры ўвагі — дзеці!” перад пачаткам навучальнага года інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Брагінскага РАНС Ілья Шалыгін сустрэўся з бацькамі выхаванцаў. Падчас гутаркі інспектар нагадаў мамам і татам, як зрабіць жыццё іх дзяцей бяспечным, звярнуў увагу на тое, што нельга пакідаць дзяцей без нагляду. Таксама бацькам раздалі буклеты, якія дапамагаюць запомніць правілы бяспекі і звяртацца да іх у любы зручны час.

Такія сустрэчы ўжо сталі традыцыйнымі. Мы праводзім экскурсіі ў пажарную часць, запрашаем супрацоўнікоў на бацькоўскія сходы і выступленні перад педагогамі. Выхавальнікі сістэматычна праводзяць заняткі па навучанні выхаванцаў правілам бяспекі, разумеюць, што недахоп ведаў і практычных навыкаў робіць дзяцей неабароненымі перад небяспекай.

Сумесна з кіраўніком фізічнага выхавання Аленай Уладзіміраўнай Макаранка інспектар РАНС арганізаваў з выхаванцамі старэйшага дашкольнага ўзросту гульню-віктарыну “Знаўцы бяспекі” па правільных паводзінах у надзвычайных сітуацыях. У гульню былі ўключаны не толькі пытанні, але і практычныя заданні. Напрыклад, трэба было размеркаваць прадметы побыту: нажніцы, адвёртка, цвікі, таблеткі, шпрыц і іншыя — па катэгорыях: ніколі нельга карыстацца без дарослых, можна карыстацца з асцярожнасцю. Выхаванцы адгадвалі загадкі на тэму пажару. Больш за ўсё дзецям спадабалася знаходзіць у ілюстрацыях да любімых казак небяспечныя сітуацыі: не давяраць незнаёмым (“Калабок”), не адчыняць дзверы чужым (“Воўк і сямёра казлянят”), не размаўляць з незнаёмцамі (“Чырвоная Шапачка”).

Прапаноўваліся сітуацыі, дзе дзецям неабходна было прыняць рашэнні і расказаць, як яны паступяць. Выхаванцы разважалі, што яны будуць рабіць, калі незнаёмы чалавек кажа, што ён твой сваяк, і просіцца ў госці, калі ўбачылі на дарозе прыгожую скрыначку, бутэлечку з нейкім змесцівам…

Між тым веды, атрыманыя ў дзіцячым са­дзе, павінны замацоўвацца ў сям’і, таму што дзеці заўсёды пераймаюць паводзіны бацькоў. Менавіта таму мамам і татам, бабулям і дзядулям мы тлумачым, што праяўленне клопату і любові да дзяцей павінна быць ва ўсім. Калі яны вучаць дзіця правілам бяспекі, то павінны і самі іх выконваць, быць прыкладам.

Міжведамаснае ўзаемадзеянне ўстановы дашкольнай адукацыі са службамі раёна спрыяе больш устойліваму, трываламу фарміраванню ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ведаў пра бяспеку і правілы паво­дзін у надзвычайных сітуацыях.

Алена АСКЕРКА,
намеснік загадчыка санаторнага ясляў-сада Брагіна.