Прыклад падрыхтоўкі высокаматываваных навучэнцаў

- 13:09Навіны рэгіёнаў

Лідская гімназія № 1 стала месцам правядзення семінара “Сістэма работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з навучэнцамі высокай вучэбнай матывацыі”, у якім прынялі ўдзел кіраўнікі ўсіх гімназій і ліцэяў Гродзенскай вобласці.

Адкрываючы семінар, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Сонгін засяродзіў увагу на пытаннях падрыхтоўкі і ўдзелу навучэнцаў гімназій і ліцэяў у алімпіядах і конкурсах рознага ўзроўню, бо менавіта гэтыя навучальныя ўстановы павінны быць прыкладам падрыхтоўкі высокаматываваных і адораных навучэнцаў. І калі гімназія № 1 Ліды ўжо на працягу 15 гадоў дэманструе высокія вынікі, то ў вобласці ёсць прыклады нездавальняючай работы: некаторыя ўстановы адукацыі на рэспубліканскім узроўні сёлета спрацавалі “з нулявым вынікам”. Аляксандр Генрыхавіч падкрэсліў, што работа гэтых гімназій і ліцэяў у бліжэйшы час будзе прааналізавана.
З вынікамі ўдзелу ў рэспубліканскім алімпіядным руху азнаёміла прысутных галоўны спецыяліст аддзела агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Ларыса Губіч. Навучэнцы Гродзеншчыны ў 2015 годзе на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па школьных прадметах заваявалі 360 дыпломаў, на заключным этапе — 190. Значныя поспехі дасягнуты па астраноміі (пяць удзельнікаў атрымалі пяць дыпломаў), па інфарматыцы і біялогіі. Колькасць дыпломаў па рускай і беларускай мове, замежнай мове засталася на ўзроўні мінулага года. У агульным рэспубліканскім заліку ў 2015 годзе Гродзенская вобласць заняла трэцяе месца.
Лідскі раён займае першае месца ў вобласці па выніках удзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Лідскага райвыканкама Аляксандр Калдубай расказаў аб сістэме работы па падрыхтоўцы школьнікаў да гэтых адказных мерапрыемстваў. Гімназія № 1 у гэты вынік уносіць значны ўклад: 16 рэспубліканскіх дыпломаў толькі ў гэтым годзе. Аб стварэнні ўмоў для развіцця інтэлектуальных і творчых здольнасцей навучэнцаў як фактару забеспячэння якасці гімназічнай адукацыі прысутным расказала Наталля Зайцава, якая ўзначальвае лідскую гімназію № 1 з 1992 года.
З 2001 года гімназія з’яўлялася эксперыментальнай, а потым інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі кіравання педагагічнымі ініцыятывамі як рэсурсу развіцця ўстановы адукацыі”. На трэцяй ступені агульнай сярэдняй адукацыі адукацыйны працэс ажыццяўляецца па мадэлі прадметна-групавога выкладання з вывучэннем трох прадметаў па выбары на павышаным узроўні. Сярэдні бал навучэнцаў гімназіі ў мінулым годзе склаў 8,78.
Дырэктары гімназій і ліцэяў мелі магчымасць азнаёміцца з вопытам лідскай гімназіі па рабоце з высокаматываванымі навучэнцамі, пабывалі на адкрытых уроках, факультатыўных занятках і занятках алімпіядных школ па геаграфіі, рускай і беларускай мове, гадзінах работы з адоранымі дзецьмі. Асаблівую цікавасць выклікала пасяджэнне секцыі даследчага таварыства навучэнцаў “Афіна”, дзе васьмікласнікі дзяліліся вопытам удзелу ў навуковых канферэнцыях са сваімі “калегамі”-трэцякласнікамі, якія, дарэчы, ужо маюць вопыт выканання навукова-даследчых работ.
У канцы мерапрыемства ўдзельнікаў семінара запрасілі на традыцыйнае гімназічнае свята ўшанавання пераможцаў трэцяга і заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Віншавалі ў гэты дзень і бацькоў навучэнцаў, а таксама юных удзельнікаў алімпіяд — навучэнцаў малодшых класаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.