Для настаўніка-метадыста сярэдняй школы № 2 Оршы Віктара Жукоўскага геаграфія — гэта і прафесія, і захапленне на ўсё жыццё, і само жыццё.
Калісьці малады хлопец сур’ёзна зацікавіўся геаграфіяй дзякуючы ўрокам выдатнага майстра Таццяны Дземідовіч. Працяг быў даволі нечаканы: пасля заканчэння школы Віктар атрымаў такую практыку па прадмеце, што і не кожнаму студэнту выпадае. Падчас службы ў арміі яму, вайсковаму сувязісту, давялося дасканала вывучыць спачатку ваколіцы Нясвіжа, а праз паўгода ці не ўсю тэрыторыю Польшчы ў складзе паўночнай групы войск. Апошнія сумненні ў выбары будучай прафесіі на той момант ужо зніклі, пасля дэмабілізацыі цвёрда вырашыў паступаць на геаграфічны факультэт БДУ імя У.І.Леніна. Вучоба ў многім прадвызначыла лёс: менавіта на геафаку студэнт сустрэў сваё каханне. Пасля заканчэння ўніверсітэта сям’я маладых настаўнікаў геаграфіі вырашыла пераехаць на жыхарства на радзіму жонкі. Далейшы лёс Віктара Жукоўскага цёсна звязаны з Аршаншчынай: на працягу 32 гадоў ён працаваў у сярэдняй школе № 18 Барані, а няпоўныя тры гады назад па запрашэнні дырэктара перайшоў у сярэднюю школу № 2 Оршы.
— Пачынаў настаўнікам геаграфіі, потым 14 гадоў працаваў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. Вось толькі работа па спецыяльнасці прываблівала больш. І перамагла — зноў да яе вярнуўся, — расказвае Віктар Васільевіч. — Зусім нядаўна, 10 сакавіка, атрымаў катэгорыю настаўніка-метадыста.
Тое, што на працягу некалькіх пакаленняў многія навучэнцы Віктара Жукоўскага любімым школьным прадметам называюць менавіта геаграфію, — не выпадкова. Сакрэт не толькі ў педагагічным таленце, захопленасці, майстэрстве Віктара Васільевіча, але і ў арыгінальнай сістэме выкладання, дзе тэорыя цесна пераплятаецца з практыкай.
— Разам з дзецьмі мы аб’ездзілі ўсю нашу краіну і яшчэ паўсвету, — усміхаецца настаўнік. — З экскурсіямі пабывалі ў Таліне, Рызе, Маскве, Ніжнім Ноўгарадзе, Парыжы, Берліне, Варшаве. У свой час мы многа ездзілі на веласіпедах па Беларусі, Украіне, Прыбалтыцы, Расіі, у Казахстане і Туркменістане прайшлі па маршруце Шаўчэнка — Кара-Багаз-Гол — Краснаводск. Веласіпедны турызм выбралі, таму што ён мабільны — пехатой 100 кіламетраў у дзень не адолееш. Плюс мноства ўражанняў і ведаў. Адна справа — ты гаворыш на ўроку пра Кіеў, зусім іншая — хтосьці ў класе ўстане і раскажа: “Мы тут былі, бачылі і Сафійскі сабор, і Кіева-Пячэрскую лаўру”. Або тая ж Нарач: пачуць пра ўнікальнае возера, прачытаць пра яго ў падручніку, пабачыць на фотаздымках, у тэлеперадачы ці нават у інтэрнэце і дабрацца да яго самім, правесці на беразе некалькі начэй — адчуваеце розніцу? Такая атрымліваецца прыкладная геаграфія. Прычым не толькі геаграфія: вывучаючы розныя мясціны, нельга аддзяліць мой прадмет ад гісторыі, біялогіі, літаратуры. Як можна знаёміць з Оршай і не згадаць пра Уладзіміра Караткевіча, Барыса Ласкіна, Тамаша Зана. Вось яны — жывыя міжпрадметныя сувязі з беларускай, рускай і польскай літаратурай!
Ініцыятыўнага настаўніка нязменна падтрымліваюць кіраўніцтва і калегі, асабліва ён удзячны старэйшаму сябру і аднадумцу, з лёгкай рукі якога ў раёне пачалі актыўна развівацца ўсе напрамкі турызму, — Аляксандру Палянскаму. Распрацаваныя Віктарам Васільевічам катэгарыйныя паходы практычна штогод станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў. Што да папулярнасці ў школьнікаў, то ад жадаючых удзельнічаць у паходах адбою не было. Ды і каго не прывабіць, напрыклад, падарожжа з частковай аплатай выдаткаў па маршруце Майкоп — Туапсэ — Сочы? Дзяцей як магніт прыцягвала экзотыка, а потым неўпрыкмет аказвалася, што падарожнічаць па радзіме не менш цікава.
— Мы не раз былі з навучэнцамі ў Полацку, — успамінае Віктар Жукоўскі. — Аднойчы вырашылі змяніць агульнапрыняты фармат экскурсій і з Оршы да Полацка даехалі на веласіпедах. Для дзяцей гэта было зусім іншае ўспрыманне Віцебшчыны — знаёмыя, здавалася б, мясціны нечакана адкрываліся нанова. У дачыненні да геаграфіі, здараецца, няправільна ў нас атрымліваецца: падрабязна можам расказаць, што знаходзіцца, жыве і як выглядае ў Антарктыдзе, Афрыцы і Гімалаях — разам з тым сваё, роднае ведаем слабей. А гэтыя веды павінны быць першаасновай, вытокам адукацыі і свядомасці!
Ідэя падручніка, які знаёміў бы чытача з Аршанскім раёнам, захапіла настаўніка ў 90-я гады. У Маскве выпадкова пабачыў кнігу “Масквазнаўства” і, што называецца, загарэўся: і Оршы неабходна такая! Праз невялікі час пабачыла свет хрэстаматыя “Мой родны край — Аршаншчына”, у якую ўклалі свае артыкулы 17 педагогаў, у тым ліку Віктар Жукоўскі. Для развіцця праекта была створана праграма па аршазнаўстве, пад яе спатрэбіўся падручнік. Віктар Васільевіч выступіў яго аўтарам. Трэба сказаць, што Аршаншчына стала першым на Віцебшчыне і, відаць, у рэспубліцы рэгіёнам, які выпусціў падобны падручнік і пачаў заняткі па такой праграме.
— Зацыклівацца на краязнаўстве нельга, затое варта ўвесь час да яго вяртацца, — пераконвае педагог. — Напрыклад, мы вывучаем харчовую прамысловасць Беларусі — канечне ж, трэба звярнуць увагу, што ў Оршы дзейнічае некалькі перапрацоўчых прадпрыемстваў. Калі тэма “Рэкі” — як пра Дняпро не сказаць, азёры праходзім — як забыцца пра наша Вялікае Арэхаўскае возера? Самая важная мэта настаўніка геаграфіі — каб любілі нашу Беларусь, а ў ёй — сваю малую радзіму, каб дзецям свае веды і любоў перадалі. Часта паўтараю маладым людзям: дзе б вы ні былі — у Беларусі, Іспаніі ці Германіі, — заўсёды хтосьці пацікавіцца, адкуль ты, што там за людзі жывуць, якія ёсць цікавыя і памятныя мясціны. Спадзяюся, нашым навучэнцам пра Оршу будзе што расказаць.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.