Прымнажаюць добрыя справы

- 10:48Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У гімназіі № 1 імя Ж.І.Алфёрава Віцебска адкрылі многафункцыянальны спартыўны комплекс.

“Урокі фізкультуры стануць яшчэ больш цікавымі і насычанымі. А мы ад вас чакаем новых дасягненняў у вучобе, творчасці і спорце. Не толькі на алімпіядах па вучэбных прадметах, але і на спартыўным алімпе”, — віншуючы калектыў установы са значнай па­дзеяй, паставіў гімназістам задачу старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.

Сярод ганаровых гасцей, якія падзя­лілі з навучэнцамі і іх педагогамі ра­дасць адкрыцця, былі начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, мэр маладзёжнай сталіцы Беларусі — 2022 Мікалай Арлоў, кіраўнік адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Юрый Панфілаў. Генеральны дырэктар холдынга “Марка” Мікалай Мартынаў у падарунак моладзі перадаў сертыфікат на набыццё спартыўнай формы, футбольныя і баскетбольныя мячы. Як расказаў начальнік аддзела па адукацыі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Андрэй Пахолкін, рашэнне правесці рэканструкцыю стадыёна сярэдняй школы № 28 і спартыўнай пляцоўкі гімназіі №1 прынялі ў ходзе падрыхтоўкі да “Дажынак”, якія ў 2020 го­дзе прымаў абласны цэнтр. На выдатным школьным стадыёне штодня займаюцца фізкультурай і спортам 200—300 чалавек. Цяпер, дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва вобласці і горада, уведзены ў эксплуатацыю яшчэ адзін сучасны спартыўны аб’ект. 

Новы спарткомплекс уключае спартыўную пляцоўку са штучным пакрыццём для заняткаў гульнявымі відамі спорту, бегавую дарожку, зону варкаўта з турнікамі і трэнажорамі. Побач пачаў работу аўтагарадок з дарожнай разметкай, пераноснымі знакамі і святлафорамі. Інтэрактыўныя пляцоўкі для навучэнцаў арганізавалі прадстаўнікі Дзяржаўтаінспекцыі. Неўзабаве на прафілактычных уроках у аўтагарадку пад іх кіраўніцтвам гімназісты бу­дуць асвой­ваць асновы бяспечных паводзін на дарозе. 

За мінулы навучальны год 20 навучэнцаў заахвочаны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Па словах дырэктара гімназіі Ларысы Ляўковіч, педагагічны калектыў прыкладае ўсе намаганні для ўсебаковага развіцця навучэнцаў, і гэта яскрава адлюстроўваюць іх поспехі. Гімназісты паказваюць высокія вынікі ў вучэбнай, даследчай, грамадскай дзейнасці, з задавальненнем займаюцца творчасцю і, вядома, спортам. Гордасць установы — яе выпускнікі, у ліку якіх алімпійскі чэмпіён Уладзіслаў Ганчароў.

— Мы вядзём сістэмную работу з навучэнцамі, — адзначыла Ларыса Пятроўна. — Нашы дзеці могуць рэалізоў­ваць свае запыты і развіваць здольнасці ў 17 аб’яднаннях па інтарэсах розных напрамкаў. Вакальна-харавая студыя “Адыя­мус”, тэатральны калектыў “Прэм’ера і К”, узорны фальклорны калектыў “Зорачкі”, якія працуюць больш за 10 гадоў — лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Гімназічны праект “Свет адкрыццяў і творчасці” прызнаны лепшым на рэспубліканскім конкурсе па арганізацыі шостага школьнага дня. Дарэчы, у суботнія мерапрыемствы, пазаўрочную дзейнасць уключаны практычна ўсе гімназісты. Акрамя піянерскай дружыны і пярвічкі БРСМ, навучэнцы ўдзельнічаюць у справах атрада юных інспектараў руху, клуба юных ратавальнікаў-пажарных, валанцёрс­кага атрада “Міласэрнасць”, ініцыятывы і работа якіх неаднаразова адзначаліся на аблас­ным і рэспубліканскім узроўнях. Гімназія мае статус “Зялёная школа”, з’яўляецца апорнай пляцоўкай і Цэнтрам экалагічнага выхавання навучэнцаў вобласці і краіны. У мінулым годзе наш калектыў атрымаў перамогу на рэспубліканскім конкурсе “Энергамарафон-2020” у намінацыі “Сістэма адукацыйнага працэсу і інфармацыйна-прапагандысцкай работы ў сферы энергазберажэння ва ўстанове адукацыі”. Варта дадаць, што арганізацыі выхаваўчага і адукацыйнага працэсу значна спрыяе сучасная матэрыяльна-тэхнічная база. Напрыклад, тут працуюць астранамічны комплекс, гімназічны планетарый з сучасным абсталяваннем. Сёння адкрываем спаркомплекс. Зноў магчымасці сур’ёзна пашырыліся, пачынаючы ад практыкі выкладання вучэбнага прадмета, правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў да ўдасканальвання ў цэлым сістэмы фізічнага выхавання, папулярызацыі здаровага ладу жыцця. Упэўнена, гэта надасць новы імпульс развіццю, бо мы гімназія № 1. У настаўнікаў, навучэнцаў, выпускнікоў ёсць агульнае імкненне адказна падыходзіць да справы і быць у ёй першымі.  

Вялікая дружная каманда ўстановы адукацыі аб’ядноўвае звыш 1200 навучэнцаў і педагогаў. Большасць настаўнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, ёсць у педагагічным калектыве і настаўнікі-метадысты, і кандыдаты навук. Гімназія ўдзельнічае ў двух рэспубліканскіх эксперыментальных праектах, на цэнтралізаваным тэсціраванні штогод яе прадстаўнікі радуюць стабальнымі сертыфікатамі. Што тычыцца рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, то толькі ў 2022 годзе 50 навучэнцаў увайшлі ў лік пераможцаў трэцяга і 11 — заключнага этапаў. Арцём Бельскі стаў пераможцам XVIII Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды, Ілья Няфёдаў атрымаў залаты медаль на XXVIII Міжнароднай канферэнцыі маладых вучоных, Уладзіслаў Бадзюкоў —  сярэбраны прызёр 56-й Міжнароднай Мендзя­лееўскай алімпіяды школьнікаў па хіміі. Таксама навучэнцы гімназіі штогод дабаўляюць у скарбонку перамог дыпломы міжнароднай навуковай канферэнцыі “Сахараўскія чытанні” ў Санкт-Пецярбургу. На рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару, рэспубліканскім конкурсе навуковых эколага-­біялагічных работ чатыры гімназісты летась прадэманстравалі пераможныя вынікі. 

 Таццяна БОНДАРАВА.
Фото аўтара.