Прыродны стыль

- 15:05Выхаванне, Дадатковая адукацыя

Пагружацца ў прыроду і вучыцца на яе аркушы ствараць ландшафтныя кампазіцыі — гэты новы кірунак экалагічнага выхавання толькі прыходзіць да нас. Як навучыць дзіця быць творцам? Як убачыць прыгажосць нават у дробязі? Гэтаму два дні вучыліся педагогі Беларусі. А аб’ядналі іх — і паміж сабой, і з прыродай — Масты.

Мост у прыроду

Калі мы ходзім па лесе, парку, па садзе, скверы — захапляемся веліччу дрэў і бяскрайнасцю краявідаў, цешым вока далікатнасцю і вытанчанасцю кветак, радуемся знойдзеным грыбам і ягадам… І часта не заўважаем хараства на першы погляд менш яркіх рэчаў пад нагамі — шышак, каменьчыкаў, лісточкаў, асобна ўзятай хваінкі, травінкі-былінкі, сухой галінкі. А дарэмна!

Як змяніць фокус зроку і ў цэнтр увагі змясціць менавіта гэтае прыроднае багацце? Пра гэта даведаліся ўдзельнікі рэспубліканскага семінара-практыкуму “Адукацыйны і выхаваўчы патэнцыял мастацтва “лэнд-арт” ва ўстановах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Імі сталі педагогі з розных куткоў усіх рэгіёнаў Беларусі, якія займаюцца з дзецьмі фларыстыкай, ландшафтным і садовым дызайнам. Ініцыятарам творчай сустрэчы стаў Эколага-біялагічны цэнтр дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна, які, без перабольшання, можна назваць карыфеем у ландшафтным дызайне. 

Кацярына Рэкуць: “Спадзяюся, што лэнд-арт-пленэры стануць брэндавым мерапрыемствам для Мастоўшчыны. Іх мы плануем арганізоўваць і ў паркавай зоне, і на беразе Нёмана, тым самым зробім іх больш прывабнымі для турыстаў. У нас усё для гэтага ёсць: і жаданне, і падтрымка кіраўніцтва горада, раёна і вобласці”.

Сам па сабе лэнд-арт — кірунак не новы. Хутчэй добра забыты. Кожны з нас у дзяцінстве маляваў палачкай мудрагелістыя ўзоры ў пясочніцы, ствараў кулічыкі, замкі, масты, ажыўляў палачкі і галінкі, з каменьчыкаў складаў загадкавыя фігуры. Толькі тады мы не падазравалі, што гэта і былі першыя спробы далучыцца да мастацтва пад назвай лэнд-арт. Цяпер прыйшоў час яго ўспамінаць і развіваць.

Сёння лэнд-арт — гэта цэлы кірунак у мастацтве. Ёсць шэраг легендарных майстроў, якія выстаўляюць свае экспазіцыі ў знакамітых парках. Штогод ладзяцца выставы і фестывалі ў розных краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі.

Стварыць і адпусціць

Удзельнікі семінарапрактыкуму азнаёміліся з гісторыяй, кірункамі і магчымасцямі мастацтва лэнд-арта як сродку экалагічнага выхавання і навучання, тэхнікамі і прыёмамі стварэння лэнд-арт-аб’ектаў з розных прыродных матэрыялаў і іх інтэграцыяй у прыроднае асяроддзе, гарадскі і садовы ландшафт, са стартап-праектамі Эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Мастоўскага раёна. Яго дырэктар Кацярына Рэкуць расказала пра шэраг праектаў, якія ўжо рэалізавалі ці якраз цяпер рэалізуюць яе навучэнцы: “ПроДвижение” (азеляненне аб’ектаў горада), “Стыхія вады” (ландшафтны дызайн тэрыторыі гарадскога басейна), “Вінаградныя масты” (на ўездзе ў горад, дзе сімвал горада — мост — паўтораць перголы, увітыя дзявочым вінаградам), “Белы сад” і інш.

“У аснове ўсіх гэтых праектаў — скульптуры, створаныя па нашых эскізах. Гэта прыгожа, але затратна. І мы падумалі, чаму б не патанніць іх кошт, замяняючы лэнд-арт-аб’ектамі? Гэта новы і вельмі цікавы кірунак у нашай рабоце, адпавядае устойлівым мэтам развіцця і надае асаблівы каларыт гораду”, – адзначыла Кацярына Юр’еўна. 

Лэнд-арту яна і яе педагогі вучыліся ў вядучых фларыстаў Беларусі. Адточвалі майстэрства разам са сваімі навучэнцамі і ў дзіцячых летніках, і ў сваіх аб’яднаннях. Практычным увасабленнем стала тэрыторыя вакол іх установы. Цяпер без указальніка любы госць дакладна будзе ведаць, што ідзе менавіта ў экалагічны цэнтр. Прыродная экспазіцыя навучэнцаў пачынаецца яшчэ за паўкіламетра ад варот цэнтра. Тут ролю агароджы, якая закрывае старэнькія хаткі, сыграла хваля, сплеценая з кустарнікаў, на якой можна і пасядзець, і паляжаць (такі шэзлонг з мясцовым каларытам). Тут жа “плыве” лодка з галля, схавацца ад спякоты клічуць лавачкі ў цяні з галінак і амёлы. Цікавая кампазіцыя — дрэвы, якія растуць з гнязда, — пераклікаецца з буслянкай з крылатым сямействам на верхавіне такога ж дрэва. Не пазнаць і тэрыторыю былой школы, якая знаходзіцца тут жа, — яе тэрыторыя таксама стала полем для дзіцячых ландшафтных эксперыментаў.

Вольга Камінская, загадчык лабараторыі Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства: “За два дні мы не ўсё паспрабавалі, што можна, не з усімі матэрыяламі папрацавалі. Нам ёсць чаму яшчэ вучыцца і далей развівацца. Таму ў планах — правядзенне Рэспубліканскага фестывалю па лэнд-арце. Гэта выдатны элемент у экалагічным выхаванні, і яго трэба вучыцца выкарыстоўваць”.

Ролю экацэнтра і яе кіраўніка для імклівага развіцця экалагічнага кірунку ў раёне падкрэсліла Людміла Маскевіч, галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Мастоўскага райвыканкама: “Хоць наш экацэнтр знаходзіцца ў сельскай мясцовасці, ён супрацоўнічае з усімі школамі — 4 гарадскімі і 10 сельскімі. І на базе ўсіх школ працуюць аб’яднанні па інтарэсах ад эколага-біялагічнага цэнтра. Асабліва ўдаецца Кацярыне Юр’еўне развіваць ландшафтны дызайн і фларыстыку. І імі цікавяцца не толькі дзеці, але і іх бацькі. Тэрыторыю экацэнтра аблюбавалі мясцовыя жыхары і назвалі “Еўрапейскі куток”. Яны не толькі адпачываюць тут, сярод гэтай прыгажосці, але і вучацца яе ствараць сваімі рукамі ў сябе дома — Кацярына Юр’еўна часта праводзіць майстар-класы для ўсіх жадаючых”.

Пра трэнды прыроднага стылю, якім цяпер захапляюцца ўсе госці экацэнтра, расказала яго педагог па фларыстыцы Наталля Бортнік: “Сутнасць лэнд-арта ў тым, што работа выконваецца для аднаго канкрэтнага месца, з матэрыялаў, якія характэрныя для яго, і яе немагчыма транспартаваць. Натхненнем для творцы могуць паслужыць змяненні ў росце дрэва ці дзіўны рэльеф. Кожны элемент арт-аб’екта мае сваю працягласць жыцця. Нішто не вечна ў гэтым свеце: усё сыходзіць туды, адкуль прыйшло. У лэнд-арце майстар павінен умець адпускаць сваю работу, прымаць і разумець, што з часам яна разбурыцца і стане часткай таго ландшафту, у якім знаходзіцца. Менавіта таму ў чыстым лэнд-арце не выкарыстоўваюцца каркасы, металічныя мацаванні — іх няма ў прыродзе, гэта чужыя для яе элементы. Майстры ствараюць свае работы ў сутворчасці з прыродай, і вынік — галерэя работ прама пад адкрытым небам. Работы з галінак могуць пражыць 3—5 гадоў, а некаторыя пражываюць усяго імгненні: вылажылі вы дзіўны ўзор з пялёсткаў, паспелі толькі сфатаграфаваць, падзьмуў вецер — і ўсё разляцелася. І гэта трэба ўмець адпускаць. Гэтая тэхніка, калі з маленькіх аб’ектаў — пладоў, ягад, шышак, жалудоў — ствараем вялікія аб’екты, мае назву Smoll touch”.

Пушчанскія эксперыменты 

Якраз гэтая тэхніка і стала асноўнай падчас варкшопу, у якім прынялі ўдзел педагогі, падзяліўшыся на творчыя групы. Пляцоўкай для іх творчых эксперыментаў стала тэрыторыя ландшафтнага заказніка “Ліпічанская пушча”, а іх вынікам сталі некалькі прыродных аб’ектаў. Кожны з іх нараджаўся зыходзячы з задумы аўтараў, формы і пароды дрэў, якія станавіліся асновай лясных кампазіцый, і матэрыялу, які можна было знайсці прама пад нагамі. Так з’яўляліся рознафактурныя колы-сцежкі паміж соснамі з сухіх галінак, кары, шышак, ігліцы, вырасталі вертыкальныя кампазіцыі са шпакоўнямі, драўлянымі вогнішчамі і падвяснымі дэкаратыўнымі ўпрыгажэннямі з імху, шышак і інш. Асновай кампазіцыі стаў і дзіўнай формы корч, на які наўрад ці звярнуў бы хто ўвагу, пакуль ён ляжаў проста пад сасной, засыпаны галлём.

Хоць семінар скончыўся, ён стаў толькі пачаткам, штуршком для развіцця гэтага кірунку ў краіне. Усе яго ўдзельнікі ў сваіх установах адукацыі ў найбліжэйшы час правядуць для калег і навучэнцаў майстар-класы, а па суботах будуць практыкавацца на тэрыторыі сваіх устаноў, у гарадскіх скверах, парках. Магчыма, да ландшафтнага флэш-мобу далучацца і іншыя ўстановы адукацыі. На сайце мастоўскага цэнтра адкрыецца галерэя іх кампазіцый у стылі лэнд-арт. Гэта і будзе творчым водгукам на праведзены семінар. Але ўсё ж галоўным вынікам павінны стаць самі работы ў прыродным асяроддзі.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.